Паводле вынікаў пасяджэння Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, якое адбылося 11 снежня ў Санкт-Пецярбургу, кіраўнікі ўрадаў падпісалі 19 дакументаў, у тым ліку звязаных з уводам у дзеянне Мытнага саюза Беларусі, Расіі, Казахстана.

Як паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі, перад пасяджэннем Міждзяржсавета ЕўрАзЭС адбылося пасяджэнне вышэйшага органа Мытнага саюза, на якім прэм'ер-міністры Беларусі, Расіі і Казахстана абмеркавалі міжнародныя дакументы па рэалізацыі асноўных палажэнняў пагаднення аб прынцыпах збірання ускосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні прац, аказанні паслуг у Мытным саюзе, а таксама ў сферы тэхнічнага рэгулявання, прымянення санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер і іншыя пытанні.

Гаворка таксама ішла аб праекце плана дзеянняў па фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана.

На выніковай прэс-канферэнцыі для журналістаў прэм'ер-міністр Казахстана Карым Масімаў заявіў, што адзіная эканамічная прастора Беларусі, Расіі, Казахстана будзе сфармаваная не пазней за 1 студзеня 2012 года.

«Мы дамовіліся і вынесем на разгляд кіраўнікоў дзяржаў гэтае пытанне, як мяркуецца, 19-20 снежня ў Алматы, — сказаў Карым Масімаў. — Плануецца, што наступны этап інтэграцыі — стварэнне адзінай эканамічнай прасторы — будзе аформлены не пазней за 1 студзеня 2012 года».

Пры гэтым 75% пагадненняў, неабходных для фармавання АЭП, плануецца падрыхтаваць у першым паўгоддзі 2011 года, а астатнія 25% — у другім паўгоддзі.

«Калі праца экспертаў будзе ісці хутчэй, то магчымае паскарэнне гэтага працэсу», — сказаў прэм'ер-міністр Казахстана.

Старшыня ўрада Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што краіны ЕўрАзЭС прадоўжаць каардынацыю намаганняў па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу.

«Вострую фазу крызісу нам удалося пераадолець, паўплывала своечасовая рэалізацыя антыкрызісных мер, якія выконваюцца нашымі краінамі, — сказаў Пуцін. — Аднак сітуацыя застаецца няпростай, таму краіны ЕўрАзЭС маюць намер працягваць каардынацыю намаганняў па пераадоленні крызісу».

Ён адзначыў, што Мытны саюз — гэта сур'ёзны крок на шляху да пабудовы адзінай эканамічнай прасторы. «Разлічваем, што да Мытнага саюза далучацца і іншыя нашы партнёры па ЕўрАзЭС», — сказаў Пуцін.

У сваю чаргу, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў, што кіраўнікі ўрадаў падпісалі пакет пагадненняў у сферы тэхрэгулявання, санітарнага і фітасанітарнага кантролю.

«Падпісана пяць пагадненняў, якія ствараюць дагаворна-прававую базу ў адзінай мытнай прасторы, — сказаў Сідорскі.

— Гэта дакументы ў сферы тэхнічнага рэгулявання, санітарнага і фітасанітарнага кантролю, а таксам ў сферы прымянення санітарных нормаў».

Паводле слоў прэм'ер-міністра Беларусі, падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць свабоднаму перамяшчэнню тавараў у рамках Мытнага саюза і будуць пацвярджацца адзіным дакументам Мытнага саюза. «Адпаведныя даручэнні дадзены тым органам, якія кантралююць указаныя сферы. З 1 студзеня 2010 года неабходныя рэгламенты — тэхнічныя, санітарныя, фітасанітарныя — будуць адрэгуляваныя ў адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі. Такім чынам, мы здымаем усе магчымыя бар'еры, якія могуць перашкаджаць свабоднаму перамяшчэнню тавараў у адзінай мытнай прасторы», — рэзюмаваў Сідорскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?