Маладога садоўніка Кірыла Ваўранюка, больш вядомага пад псеўданімам Кірыл Кветка, ведаюць многія не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У агульным ліку каля 380 тысяч падпісчыкаў захоплена сочаць за тым, як хлопец з гарачымі вачыма расказвае пра розныя расліны ў сваіх сацсетках. Найбольшую ўвагу ў тыктоку і інстаграме блогер надае гісторыям аб стварэнні і развіцці свайго «Кветка Парку».

На сустрэчу з журналістамі малады чалавек прыехаў адразу пасля чарговай працоўнай паездкі, нават не паспеўшы разгрузіць аўто. Ён часта возіць у машыне скрыні з раслінамі, а іх збірае па ўсёй Беларусі.

— Я ездзіў у гадавальнік раслін MelodyGarden, ён знаходзіцца ў Мінскай вобласці, — расказвае Кірыл. — Дарэчы, мабыць, гэта самае далёкае падарожжа з тых, у якія я самастойна адпраўляўся на сваёй машыне.

Выехаў яшчэ на досвітку. Трохі перажываў! Усё ж такі аўтамабіль далёка не свежы, а дарога мела быць у 800 кіламетраў, але ўсё прайшло добра. «Кветкамабіль» не падвёў, а я набраў шмат новых раслін для парку — так натхніўся, што нават не заўважыў стомленасці. На зваротным шляху ўжо прыдумляў, што куды пасаджу, і час праляцеў незаўважна.

Хацеў спачатку заехаць памыць «Пасат» і навесці ў ім парадак, але потым вырашыў: да чаго гэты глянец? Бо менавіта так «кветкамабіль» і выглядае ў рэальным жыцці: пыльны, даверху набіты раслінамі, у салоне можна знайсці яшчэ і розныя садовыя прыстасаванні, — кажа хлопец, дастаючы з-пад сядзення рыдлёўку.

— Як даўно вы набылі гэтую машыну?

— Летась. Некаторы час на ёй ездзіў мой бацька. Ёсць у яго такое захапленне: купляць старыя аўто, самастойна перабіраць, пераварваць, перафарбоўваць. Увогуле, даводзіць да ладу сваімі сіламі. Ён атрымлівае ад гэтага задавальненне, а мяне тэхніка мала цікавіць, таму я ніколі не дапамагаў яму з машынай. Праўда, сам бачыў, колькі сіл і часу ён у яе ўклаў.

Летась бацька вырашыў памяняць аўто. Калі я пачуў пра гэта, адразу сказаў: «Volkswagen забіраю сабе!» Па-першае, мне патрэбна была машына для таго, каб вазіць расліны, а па-другое, я ведаў, што «Пасат» у выдатным для свайго ўзросту стане, бо тата заўсёды якасна яго абслугоўваў.

Вядома, бацька быў гатовы аддаць мне машыну проста так, але я настаяў на тым, каб купіць яе ў яго. Мы дамовіліся аб суме ў 1 500 даляраў.

Самае цікавае, што на момант набыцця аўто ў мяне нават не было пасведчання кіроўцы! Літаральна праз пару дзён я запісаўся ў найбліжэйшую аўташколу. Неўзабаве атрымаў правы, у той жа дзень сеў за руль «Пасата» і адправіўся ў першую паездку ў Кобрын.

Цяпер ужо не ўяўляю, як раней жыў без машыны. Яна мая штодзённая памочніца, можна сказаць, я перавёз на ёй увесь «Кветка Парк».

— А колькі раслін у ім ёсць на гэты момант?

— Я не лічыў! Але магу сказаць, што з гадавальніка ў Гродзенскай вобласці на мінулых выхадных прывёз на ім дакладна больш за дзве тысячы.

— Ці бываюць у салоне вашага аўто пасажыры? Ці ён заўсёды даверху забіты рассадай?

— Шчыра кажучы, я больш люблю вазіць расліны, чым людзей: першыя не такія пераборлівыя, — жартуе малады чалавек. — А калі сур'ёзна, пасажыры бываюць, але вельмі рэдка. Гэтаму заўсёды папярэднічае прыбіранне ў салоне, таму што пасля перавозкі рассады тут застаюцца зямля, лісце.

А саджанцы я ваджу ў машыне кожны дзень. На выхадных прадаю плён сваёй працы на рынку. У маім гадавальніку падвышаная вільготнасць, а гэта дабратворнае асяроддзе для смаўжоў. Вядома, калі я збіраю скрыні на рынак, стараюся чысціць іх ад бруханогіх малюскаў, але некаторыя ўсё ж трапляюць у машыну разам са збанкамі.

Калі машына загружаная раслінамі, шыбы ў ёй пацеюць і на іх добра бачныя дарожкі смаўжоў. Таму бацькі грэбуюць садзіцца ў маю машыну. Робяць гэта толькі ў выпадку крайняй неабходнасці.

— А як жа дзяўчаты?

— Вось і дзяўчат не катаю па тых жа прычынах! А наогул, у мяне цяпер вельмі шчыльны графік, Я прысвячаю сябе працы і любімай справе, на асабістае жыццё часу не застаецца.

— Як людзі рэагуюць на ваш «кветкамабіль»?

— Калі «Пасат» загружаны раслінамі, многія мінакі і кіроўцы ў патоку звяртаюць увагу, абарочваюцца. У Брэсце мяне і мой аўтамабіль ужо шмат хто ведае, бывае, дзесьці ў горадзе фатаграфуюць, потым адзначаюць у сацсетках або пішуць, што бачылі. Нават цяпер на запраўцы на трасе да мяне падышла жанчына і сказала: «А я вас ведаю, вы стваральнік парку ў Брэсце, пазнала ваш «кветкамабіль»!

— Дарэчы, а як з'явілася назва «кветкамабіль»?

— Хтосьці з падпісчыкаў так яго ахрысціў, астатнія падхапілі. Мне спадабалася, неўзабаве і я стаў называць сваю машыну гэтым імем.

— Дыскі ў выглядзе суквеццяў — ваша праца ці заводская дэталь?

— Многія заўважаюць іх! Малюнак падобны на кветкі хрызантэмы або астры. Але зрабіў гэта не я, дыскі ўжо былі на машыне. Аднак яны ідэальна ўпісаліся ў канцэпцыю «кветкамабіля».

— Колькі грошай сыходзіць на абслугоўванне і запраўку машыны?

— З абслугоўваннем і рамонтам мне дапамагае бацька, ён ужо ведае гэтую машыну як свае пяць пальцаў. Я толькі купляю дэталі і расходнікі. Чэкі заўсёды розныя: калі на 50 рублёў, калі на 300. Машына пераведзеная на газ, так ездзіць выходзіць больш эканамічна, чым на бензіне. Я запраўляю заўсёды поўны бак — 30 літраў, мне хапае прыкладна на тры-чатыры дні язды па горадзе. Сярэдні расход — 10 літраў прапан-бутану на 100 кіламетраў дарогі.

— Ці збіраецеся вы прадаць VW Passat і набыць больш свежую мадэль?

— Па праўдзе кажучы, у мяне цяпер зусім іншыя планы. Гэтая машына выконвае асноўныя свае функцыі, пра іншае аўто я не задумваюся. Магчыма, у будучыні. Але нават калі я куплю іншы аўтамабіль, гэты ўсё адно не прадам, стану выкарыстоўваць для працы. Ён назаўжды застанецца для мяне напамінам пра зараджэнне майго першага маштабнага праекта — «Кветка Парку».

Чытайце таксама:

«Для мяне асалода быць сярод гэтых прадметаў». Сям'я прамяняла кватэру на дом у вёсцы і абставіла яго рарытэтнымі рэчамі

«У год збіраю ад 5 да 10 тон». Патомны пчаляр расказаў пра выдаткі прафесіі і чаму сярод пчаляроў амаль не бывае махляроў

«Дагэтуль кажуць: лепш бы бульбу пасадзіла». Беларуска стварыла бізнэс, пачаўшы вырошчваць лаванду

Клас
34
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3