Карціна Марка Шагала Maternité sur fond bleu, якую выставілі на аўкцыён. Adolf Loos Apartment and Gallery

Карціна Марка Шагала Maternité sur fond bleu, якую выставілі на аўкцыён. Adolf Loos Apartment and Gallery

У цэнтры кампазіцыі выява маці, якая трымае на руках дзіця, мякка нахіліўшы да яго галаву. За імі, нібы ў сінім мроіве ўспамінаў, пазнавальны антураж старой беларускай правінцыі.

«Гэтая карціна ўвасабляе паэтычную візуальную мову Шагала, якая адлюстроўвае гісторыю яго ўласнай сям’і і кахання, — гаворыцца ў каталогу аўкцыёну. — Кампазіцыя мары прыгадвае як дэталі асабістай і сямейнай гісторыі мастака, так і рысы ўсходнееўрапейскага фальклору. У карціне заўважныя матывы вясковага жыцця, выявы жывёл, галу́бкі, якая дадае твору міралюбівую атмасферу».

Як паведаміў дырэктар галерэі Уладзімір Лэкеш, твор да самай смерці мастака знаходзіўся ў яго дома, потым трапіў у прыватную калекцыю. Менавіта з гэтай заходнееўрапейскай калекцыі галерэя атрымала твор, на аўкцыёне ён будзе ўпершыню.

Стартавую цану паставілі ў 12 мільёнаў чэшскіх крон (480 тысяч еўра). Да самай вялікай сумы, прапанаванай пераможцам, трэба будзе дадаць і аўкцыённую правізію (21 працэнт).

Подпіс Марка Шагала на карціне Maternité sur fond bleu. Adolf Loos Apartment and Gallery

Подпіс Марка Шагала на карціне Maternité sur fond bleu. Adolf Loos Apartment and Gallery

Аўкцыён адбудзецца ў Празе 12 лістапада і будзе непублічным. Удзел у ім могуць браць толькі тыя, хто папярэдне зарэгістраваўся. Для беларусаў Чэхіі, нават калі яны і не збіраюцца пазмагацца за набыццё твора земляка, ёсць прынамсі шанец яго пабачыць. Перад аўкцыёнам галерэя дае магчымасць пазнаёміцца з творамі ў выставачнай залі Expo 58 ART (ад 21 кастрычніка да 11 лістапада).

Знакавых твораў Марка Шагала ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся, даволі мала. У свой час беларускі бізнэс рабіў спробы вяртаць іх на радзіму.

«Белгазпрамбанк» з ініцыятывы Віктара Бабарыкі купіў на аўкцыёне «Сотбіс» для сваёй карпаратыўнай калекцыі дзясяткі твораў мастакоў парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі. Але гэтую калекцыю далучылі да крымінальнай справы Віктара Бабарыкі; што з ёй цяпер, невядома.

«Рэйдарскім захопам» называюць мастацтвазнаўцы далучэнне да крымінальнай справы карпаратыўнай калекцыі карцін, што належыць «Белгазпрамбанку».

За мяжой творы Марка Шагала (1887—1985) можна пабачыць у Нацыянальным музеі Марка Шагала ў французскай Ніцы, у французскім Цэнтры Пампіду, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вашынгтоне, Музеі сучаснага мастацтва ў Нью Ёрку (MоMA), Інстытуце мастацтва ў Чыкага, сетцы брытанскіх музеяў Тate, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу ці Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2