Валянціна прыляцела ў Індыю пасля Новага года. Дзяўчына звольнілася з нялюбай працы ў Мінску і практычна адразу ж купіла квіткі ў Індыю. Выбар краіны быў невыпадковым: на той момант там ужо нейкі час знаходзіўся яе хлопец.

Маршрут быў складаным: Мінск — Баку (Азербайджан) — Шарджа (ААЭ) — Мумбаі (Індыя) — Мопа (Гоа). За ўсе пералёты Валя аддала каля 600 даляраў.

Праца: можна падпрацоўваць на здымках, на кухні ў рэстаране або на святых абрадах

У Індыю я ўзяла каля 600-700 даляраў на карце і 30 даляраў гатоўкай. Гэтых грошай у Гоа спакойна хопіць на тры месяцы жыцця без працы. Аднак пры жаданні можна было падпрацоўваць і на месцы.

Як аказалася, тут занятак сабе можа знайсці абсалютна любы, нягледзячы на пол і ўзрост. Некаторыя пажылыя людзі зарабляюць тут гатаваннем хатняй ежы: піражкі, пюрэ, баршчы, галубцы — усё гэта разыходзіцца на ўра. На кіназдымкі таксама часта шукаюць людзей ва ўзросце, а плацяць ім больш.

Тут шмат магчымасцяў зняцца ў фільме, кліпе або рылсе для Instagram. Там звычайна не толькі плацяць, але і кормяць. У сярэднім за адны 12-гадзінныя здымкі гатовыя чалавеку заплаціць каля 40 даляраў. Разбежка па аплаце залежыць ад агента, ролі, наяўнасці розных планаў і фраз. Яна можа вар'іравацца ў сярэднім ад 25 да 200 даляраў за дзень, часам больш.

Акрамя таго, шукаюць людзей для ўдзелу ў экзатычных абрадах. Адзін з іх — пуджа. У ім усе негатыўныя энергіі роду (праклёны, няшчасці, хваробы і г. д.) выліваюцца на іншага чалавека. Цана — каля 3000 даляраў за сеанс. Для тых, хто ў гэта не верыць, — выдатны спосаб зарабіць без татаў і мам.

Мы з хлопцам працавалі на пляцоўцы для мерапрыемстваў. Хлопец займаўся электрыкай, а я была памочніцай бармена. Ездзіла як паці-дзяўчынка ў клуб, дзе мне проста трэба было танцаваць у вольным стылі. За 4-5 гадзін плацяць каля 30 даляраў. У якасці бонусу — бясплатны праход у клуб для сяброў.

Медыцына: нізкія цэны на лекі і досыць высокая якасць абслугоўвання

Пазнаёміцца з клінікамі ў Гоа мне давялося пасля таго, як аднойчы няўдала паела: адзін арэшак аказаўся мацнейшы за мой зуб. У мясцовых чатах мне хутка падказалі добрую стаматалогію, і на наступны дзень мы паехалі туды з хлопцам.

Клініка гэта была прыватная: новы рамонт і англамоўныя супрацоўнікі, якія адразу запаўняюць анкету аб наяўнасці алергіі і захворванняў. У кабінеце была вельмі прыемная маладая спецыялістка.

Здымак зуба мне зрабілі проста там жа, у крэсле. Мяне гэта ўразіла. У Мінску мне даводзілася ехаць у прыватную клініку па падобны здымак, таму што ў дзяржпаліклініцы патрэбны апарат быў яшчэ з БССР і ўжо не працаваў.

Агляд, здымак, кансультацыя і пламбоўка зламанага зуба занялі прыкладна 25-30 хвілін. Каштавала ўсё гэта каля 25 даляраў. Каб паставіць імплантаты на штыфце, трэба аддаць каля 90-100 даляраў для металакерамікі, для керамікі — 175-200 даляраў.

Цэны на лекі тут нізкія. Самі фармацэўты могуць парэкамендаваць нешта для канкрэтных сімптомаў. Напрыклад, за сіроп ад кашлю і кроплі ад сухасці вачэй мы аддалі 1 даляр. За глістагонныя таблеткі за 1 шт. просяць 10 рупій — гэта прыкладна 0,1 даляра.

Жыллё: за 120 даляраў у месяц можна зняць двухпакаёўку

«Як і ўсюды, у Гоа хапае варыянтаў жылля на любы кашалёк. За 120 даляраў за месяц без якіх-небудзь даплат мы здымалі 1bhk — гэта як наша стандартная двухпакаёўка ў Беларусі. У нас была сумешчаная кухня з гасцёўняй, асобная спальня, маленькі балкон, санвузел з душам. З недахопаў — адсутнасць бойлера. Тут няма цэнтралізаванага водазабеспячэння, на дахах проста стаяць бочкі з вадой, якія награваюцца ад сонца на працягу дня.

Так выглядае вуліца, на якой гераіня здымала жыллё

Так выглядае вуліца, на якой гераіня здымала жыллё

Прадукты і цэны ў кафэ. Пяць даляраў, каб абаім добра паесці. У нас у кватэры была электрычная пліта, таму мы часта гатавалі сняданкі дома. Бывала, з самай раніцы не было электрычнасці, тады мы ехалі на пляж, дзе бралі бутэльку вады, малочны кактэйль і сандвіч з сырам і таматам. Порцыя была настолькі вялікай, што мы бралі яе на абаіх. Каштавала гэта каля 3-5 даляраў.

На фота — мома. Гэта папулярная ў Індыі страва з цеста з начынкай. Каштуе каля 1,8 даляра

На фота — мома. Гэта папулярная ў Індыі страва з цеста з начынкай. Каштуе каля 1,8 даляра

Увогуле на 5 даляраў ва ўстанове можна добра паесці двум чалавекам. Мы часта бралі бірыяні або нудлс з курыцай і гароднінай за 2-3 даляры. У некаторых установах былі настолькі вялікія порцыі, што мы не маглі даесці і прасілі спакаваць тое, што заставалася, з сабой.

Нядаўна знайшлі ў Гоа самую смачную і нявострую шаўрму. За адну маленькую порцыю просяць 1 даляр.

Меню з мясцовай кавярні. Цэны пазначаныя ў індыйскіх рупіях

Меню з мясцовай кавярні. Цэны пазначаныя ў індыйскіх рупіях

Папулярная халодная кава каштуе каля 1-1,5 даляра. З дарагога — сыры і тварог. Сыр прадаецца плаўлены і слайсамі. За 200 г — 2,2 даляра. Тварагу тут няма, але ёсць дахі — гэта нешта накшталт тварожнай пасты або смятаны. Каштуе 0,2 даляра за 100 г.

Мяса таксама нятаннае, і яго нельга тут купіць на вагу. Звычайна стаяць палаткі з жалезнай клеткай, у якой сядзяць жывыя куры. Ты выбіраеш патрэбную, і пры табе ж яе забіваюць і наразаюць так, як ты ім скажаш.

У сярэднім за месяц на харчаванне для абаіх у нас ішло каля 50-70 даляраў».

Шопінг: можна і трэба таргавацца

Недалёка ад нас былі крамы і нават супермаркет, але гэта зусім не тое, што ўзнікае ў галаве ў еўрапейца. Супермаркет у Гоа — гэта нешта накшталт вясковай беларускай крамы з вузкімі застаўленымі праходамі. Затое ў ім ёсць практычна ўсё, што трэба для жыцця: бытавая хімія, крупы, цацкі, посуд, напоі і нават алкаголь.

У крамах няма ніводнага цэнніка. Усе цэны пазначаныя на ўпакоўцы прадукту.

Важна тое, што ў час шопінгу ў Гоа можна і трэба таргавацца. Я так за 8 даляраў купіла сабе тэпцікі, падобныя да кроксаў, і шорты. Нядаўна з хлопцам узялі дзве падушкі на балкон 50х50 см і аддалі за іх 3,5 даляра. Матрац на той жа балкон пашылі на замову з нестандартнымі параметрамі за 7 даляраў.

Папулярным месцам для шопінгу лічыцца горад Мапуса. Там ёсць рынак, дзе вельмі танна можна купіць як прадукты, так і абутак з адзеннем.

Той самы рынак у Мапусе

Той самы рынак у Мапусе

Адзінае, што часам узнікае праблема з купляй патрэбных туфляў. Па індыйскіх мерках мой памер ногі 12, а ў іх амаль увесь абутак максімум да 10. У адной краме прадавец прапанаваў пашыць чаравікі на замову за 30 даляраў.

Аплата картамі: толькі ў крамах і на запраўцы

Карты ў мяне дзве — Альфа-Банка і Прыёрбанка. З імі я без праблем магу разлічвацца, але толькі ў краме і на запраўцы, у астатніх месцах — гатоўка.

Аднак у кожнай палатцы незалежна ад таго, што там робяць, ёсць QR-коды ад Google Pay. Па іх спакойна можна аплачваць анлайн. Праўда, для такога метаду патрэбна індыйская карта, таму што беларускія да гэтай мабільнай праграмы прывязаць нельга.

Транспарт: квіток на міжгародні аўтобус — каля 10 даляраў

Гоа, па сутнасці, як вёска. Аднак пры ўсёй уяўнай разрусе і беднасці тут ёсць некалькі асноўных дарог і ўсюды роўны асфальт.

Асноўны транспарт — скутар або матацыкл. Арэнда скутара абыдзецца ў 50 даляраў, запраўка — 30 даляраў. Практычна любую паломку байка ў майстэрні можна выправіць за 1 даляр.

Калі разглядаць транспарт для доўгіх міжгародніх паездак, то рэкамендавала б сліпербас — гэта спецыяльны аўтобус, які курсуе паміж гарадамі як цягнік. І ў ім ёсць абгароджаныя спальныя месцы.

Кошт квітка будзе залежаць ад кіламетражу: 1 км — гэта 1 рупія (прыкладна 0,012 даляра). У сярэднім выйдзе 10 даляраў на чалавека, але можна ўзяць квіткі і танней, калі адлегласць меншая.

Так выглядае спальнае месца ў сліпербасе

Так выглядае спальнае месца ў сліпербасе

Гэта цалкам камфортны варыянт, але трэба быць гатовым да таго, што аўтобус можа прыехаць пазней за пазначаны ў квітку час. Мы неяк чакалі цэлыя чатыры гадзіны.

Забавы: уваход у музеі для турыстаў даражэйшы ў некалькі разоў

У Гоа шмат музеяў. Праўда, ёсць фішка: для мясцовых квіток можа каштаваць 0,25 даляра, а для іншаземцаў — 5 даляраў. Працуе гэтае правіла па ўсёй Індыі.

Раю музей сучаснага мастацтва. Там цікавая экспазіцыя з рознымі зонамі і пакоямі, у некаторых з іх падтрымліваюцца спецыяльныя ўмовы вільготнасці і тэмпературы. Уваход за дваіх — каля 7,5 даляра.

Варта пабываць у форце Рэйс Магос. Сам ён невялікі, але вельмі цікавы: у доміках на сценах шмат інфармацыі і карцін з гісторыяй і карыкатурнымі замалёўкамі. Яго адносна нядаўна аднавілі, а да гэтага ён быў разбураны. Побач — стары каталіцкі храм, вялікі і прыгожы. Уваход за дваіх — каля 2 даляраў.

З бясплатнага — Redi Fort. Прыгожае і цікавае месца, дзе старажытнасць супрацьстаіць раслінам. З аднаго боку — джунглі, з другога — маленькі пляж з белым пяском і блакітнай вадой. Туды можна зайсці па костачку, і чародкі дробных рыб будуць біцца аб ногі.

Цяпер мы пераехалі ў цэнтр Індыі, у Індаўр. Тут зусім інакш, чым на ўзбярэжжы Гоа: няма белых і рускамоўных, нават англамоўных мала. Затое ўсё гэтак жа сама танна.

Чытайце таксама:

Куды пайсці 22—24 верасня ў Мінску, Варшаве і Вільні

«Распісаліся мы ў СІЗА». Гэтая мінчанка сышлася са сваім былым і сама зрабіла яму прапанову — а цяпер чакае яго з турмы

Клас
32
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
13
Сумна
6
Абуральна
7