Аўтар кнігі «Шпіёны» Колдэр Уолтан. Фота: CNN

Аўтар кнігі «Шпіёны» Колдэр Уолтан. Фота: CNN

«Украінцы хочуць ведаць, на якую замежную дапамогу яны могуць разлічваць, бо расіяне ведаюць пра іх варожасць да сябе і сваіх ідэй. Я ім адказаў, што ніхто не будзе перашкаджаць Расіі і што яна ніколі не дазволіць Украіне цалкам ад сябе аддзяліцца», — сказана ў справаздачы аднаго з брытанскіх шпіёнаў, якая была напісаная яшчэ ў 1922 годзе, за 100 гадоў да сучаснага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.

Менавіта з падобнай сакрэтнай дакументацыяй спецслужбаў Вялікабрытаніі на працягу пяці гадоў працаваў брытанскі даследчык Колдэр Уолтан, што і вылілася ў напісанне кнігі пад назвай «Шпіёны». Кароткі агляд на яе зрабіла выданне The Financial Times.

Сама кніга апісвае супрацьстаянне спецслужбаў Захаду і Усходу ў перыяд ад 1917 года да сёння і распавядае аб расстаноўцы сіл па абодва бакі барыкад.

Так аўтар сцвярджае, што Заходнія краіны паталагічна не жадаюць бачыць ці прызнаваць рэальнасць пагроз з боку сваіх ідэалагічных праціўнікаў і рэагуюць на выклікі занадта позна, даючы ворагам магчымасць моцна пайсці наперад па ўзроўнях шпіянажу, уплыву, прапаганды і дыверсій.

«Халодная вайна пачалася задоўга да таго, як быў прыдуманы гэты выраз. Яшчэ ў 1920-ыя гады чэкісты толькі ў контрвыведцы мелі больш за 100 тысяч агентаў, у той час як брытанская контрвыведка мела толькі пяцярых супрацоўнікаў, у амерыканскай было амаль тое ж самае.

Дарэчы, у ЗША ў 1929 годзе дзяржсакратар Генры Стымсан увогуле распусціў Дэпартамент узлому кодаў і сувязі, бо «джэнтльмены не чытаюць чужой перапіскі». Як тады, так і сёння Захад не ўсведамляе, што правальна адстае ў шпіёнскай вайне», — разважае Колдэр Уолтан у сваёй кнізе, абапіраючыся на архівы брытанскай службы MI-5.

Пішучы пра сённяшняе адставанне, аўтар мае на ўвазе няправільнае размеркаванне рэсурсаў і расстаноўку прыярытэтаў з боку заходніх разведак. Нават калі Крэмль «грае па-хуліганскі», Захад працягвае рабіць выгляд, што гэта быццам несур'ёзна, упэўнены Уолтан.

«З распадам СССР рускія шпіёны сталі больш агрэсіўнымі. Яшчэ ў 2003-м колькасць спецслужбістаў сярод супрацоўнікаў Крамля складала 2,5%. У 2019-м гэты паказчык дасягнуў неверагодных 77%. 

Адначасова Кітай у гэтым плане стаў «Савецкім Саюзам на стэроідах». Толькі ў 2021 годзе амерыканскае ФБР кожныя 12 гадзін заводзіла крымінальныя справы, звязаныя з Кітаем. Пекін і Масква масава перакупляюць і крадуць заходнія тэхналогіі, залатаць такія дзіркі ў бяспецы нам будзе складана», — адзначае брытанскі даследчык у сваёй кнізе.

Станоўчую тэндэнцыю аўтар бачыць у міжнароднай рэакцыі на тэракты 11 верасня 2001 года ў ЗША, калі Заходнія краіны сталі масава ўмацоўваць контртэрарыстычныя і разведвальныя інстытуты.

Аднак, паводле інфармацыі Уолтана, расстаноўка прыярытэтаў усё яшчэ была слабай. Напрыклад, у 2006 годзе толькі 4% дзейнасці брытанскай службы радыёэлектроннай выведкі GCHQ было звязана з варожымі дзяржавамі. У мінулым стагоддзі гэты паказчык складаў 70% і быў прысвечаны толькі СССР.

Асноўная думка і пасыл, якія прасоўвае аўтар, заключаюцца ў тым, што непрызнанне ці павольнае прызнанне пагрозы вельмі небяспечнае. Заходнія краіны з'яўляюцца часткай халоднай вайны і з Расіяй, і з Кітаем, хочуць яны таго ці не, перадае The Financial Times.

Чытайце таксама:

Два чалавекі абвінавачваюць адзін аднаго ў шпіянажы. Ці зможаце вы разабрацца, хто агентура, а хто не?

«Ведаю толькі тое, што выжыў». Джордж Буш падзяліўся ўспамінамі аб Прыгожыне

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1