Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Як абыходзіць цэнзуру? Спачатку простыя спосабы

Самы просты спосаб абыходу цэнзуры — гэта выкарыстанне ананімайзераў, якія зробленыя, каб абыходзіць цэнзуру, і VPN.

Самы просты і больш-менш надзейны варыянт — Psiphon. Ён, хоць і прапануе рэкламу бясплатным карыстальнікам, а таксама не шыфруе ўсяго трафіку, працуе дастаткова добра. У выпадку, калі сайт будзе заблакаваны, вы можаце даслаць пусты e-mail на адрас [email protected], каб атрымаць спасылкі на кліент для Windows і Android. Версіі для Mac і iOS даступныя па гэтай спасылцы. А па гэтай — браўзерная версія для iOS.

Таксама існуе даволі папулярны «канкурэнт» Psiphon — Lantern. Ён таксама дапамагае абыходзіць цэнзуру і кантралюецца няўрадавай арганізацыяй.

У нашым гайдзе па выбары VPN, мы пісалі, што бясплатных і надзейных VPN няшмат. Найлепшы сярод іх — Proton VPN, які кантралюецца няўрадавай кампаніяй, якой можна давяраць, і прапануе неабмежаваны трафік. Іншыя з тых, што рэкамендавалі эксперты — TunnelBear і Windscribe, даюць вельмі абмежаваную колькасць трафіку, 2 і 10 гігабайт адпаведна. 

У 2020-м у Беларусі таксама працаваў і дагэтуль працуе Tachyon VPN, які выкарыстоўвае складаную схему абыходу цэнзуры. Ён бясплатны, але змяшчае рэкламу. Даступны для большасці папулярных платформаў.

Каб абраць платны VPN, можна карыстацца гайдам ад праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Сярод іхніх рэкамендацыяў — Nord VPN (які мае функцыю «двайнога VPN» і «заблытанага (obfuscated) VPN») і ExpressVPN, які паспяхова абыходзіць блакаванні нават у Кітаі. Таксама ёсць рэйтынг аўтарытэтнай расійскай праваабарончай арганізацыі «Раскамсвабода», на які можна абапірацца.

VPN можна аплачваць і з замежнай карткі або ў крыптавалюце, калі сэрвіс гэта дазваляе.

Галоўны мінус у тым, што такія сэрвісы таксама могуць пачаць блакаваць — пакрысе гэта ўжо адбываецца ў Расіі, у Беларусі пакуль не. 

Калі VPN і проксі пачнуць блакаваць, застаюцца два найбольш «працоўныя» варыянты — TOR, «нечаканыя» VPN і сапраўды складаныя спосабы. Апошнія даступныя для рэалізацыі ў асноўным для людзей, якія ўжо маюць базавыя тэхнічныя веды.

TOR

Каб спампаваць браўзер TOR або афіцыйныя кліенты праграмы, дастаткова зайсці на сайт праекта. У выпадку, калі сайт будзе заблакаваны, можна даслаць мэйл на адрас [email protected], а ў самім лісце напішыце назву вашай аперацыйнай сістэмы (да прыкладу, Windows або iOS). У адказ вам прыйдзе ліст са спасылкамі на кліент TOR для вашай платформы.

Калі падлучыцца адразу не ўдалося, то ў браўзеры TOR ёсць убудаваная функцыя «мастоў», якія дазваляюць вам дагрукацца да сеткі. Калі ў вас будуць праблемы з падключэннем, то TOR сам прапануе абраць мост, які дапаможа злучыцца з сеткай. Для гэтага націсніце «Configure connection». Спусціцеся ў меню троху ніжэй, да ўкладкі «Add a new bridge».

Выбар «мастоў» у браўзеры TOR. Падобная функцыя ёсць і для іншых платформаў, але меню можа візуальна адрознівацца

Выбар «мастоў» у браўзеры TOR. Падобная функцыя ёсць і для іншых платформаў, але меню можа візуальна адрознівацца

Пасля гэтага націсніце «Select a build-in bridge». Паспрабуйце замест obfs4 абраць іншы — да прыкладу, Snowflake, і перападключыцца.

Выбар тыпу «моста» ў TOR

Выбар тыпу «моста» ў TOR

Калі гэта не спрацавала, то націсніце «Request a bridge», увядзіце капчу і паспрабуйце атрымаць «мост» праз убудаваны сэрвіс.

Капча, якую трэба прайсці перад атрыманнем новага «моста» ў браўзеры TOR

Капча, якую трэба прайсці перад атрыманнем новага «моста» ў браўзеры TOR

Калі нічога з гэтага не спрацавала, то дашліце ліст на адрас [email protected]. У самім лісце напішыце фразу «get transport obfs4». Улічвайце, што яго можна даслаць толькі з двух паштовых сэрвісаў: Gmail і Riseup.net (актывісцкі сэрвіс з закрытай рэгістрацыяй па запрашэннях). Адрас моста можна ўпісаць пасля выбару опцыі «Add a bridge manually» у меню «Add a new bridge».

«Нечаканыя» сэрвісы

Калі нічога з гэтага не спрацавала, то паспрабуйце іншыя VPN-сэрвісы, якія прапануюць бясплатны пробны перыяд. Да прыкладу, у гэтым спісе ёсць параўнанне амаль 200 VPN-сэрвісаў, шмат якія з іх маюць бясплатны пробны перыяд.

Складаныя спосабы

Акрамя VPN і «ананімайзераў», ёсць іншыя спосабы «прабіцца» праз цэнзуру. Асноўныя варыянты — гэта ўласнаручна стварыць VPN або скарыстацца нейкай тэхналогіяй маскіравання трафіку.

Да прыкладу, вось тут ёсць добрая інструкцыя па тым, як стварыць уласны ssh-тунэль і абыходзіць абмежаванні. Такіх інструкцыяў даволі шмат, але для гэтага важна мець сервер у прасторы, у якой магчымы «нармальны» доступ у інтэрнэт.

З тэхналогіяў маскавання трафіку выдзяляецца v2ray, якая дазваляе вельмі моцна ўскладніць блакаванне рэсурсаў. У гэтым артыкуле апісваецца, як ёй скарыстацца для абыходу блакіровак. А тут ёсць тэхнічнае апісанне таго, як працуюць іншыя тэхналогіі такога кшталту і які кліент абраць.

Таксама існуе праект Geneva, які адсочвае ўразлівасці ў механізмах блакавання правайдараў і прапануе сцэнары, па якіх іх можна абысці.

Важна зазначыць, што выкарыстанне гэтых спосабаў сапраўды патрабуе хаця б базавых ведаў у сістэмным адміністраванні і шараговаму чытачу яны не пад сілу.

А як дастукацца да сайтаў, даступных толькі з Беларусі?

Для гэтага вам спатрэбіцца VPN, які мае беларускія серверы. Для гэтага ёсць адмысловы спіс ад ініцыятывы «За BYNet». Усе гэтыя сэрвісы, вядома, лепш аплачваць не з беларускай карткі.

Чытайце таксама:

«Ëсць спосабы». Мінчук расказаў, як ён і яго сябры мінімізуюць рызыкі чытання незалежных СМІ

Многія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца

Лукашэнкаўцы заблакавалі доступ да найбуйнейшай беларускай электроннай бібліятэкі

Месенджары: якія з іх сапраўды бяспечныя і чым Viber лепшы за Telegram

Клас
25
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
4