Андрэй Паротнікаў. Скрын відэа АНТ

Андрэй Паротнікаў. Скрын відэа АНТ

На Паротнікава завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 356 «здрада дзяржаве». 

У чым яго вінавацяць? У тым, што рыхтаваў аналітычныя запіскі на тэмы беларускай палітыкі і эканомікі і публікаваў іх, у тым ліку ў сваім Belarus Security Blog, а таксама рассылаў іх іншым, у тым ліку людзям, якіх АНТ называе супрацоўнікамі польскай разведкі. 

«Даныя збіраў праз знаёмых сілавікоў, чыноўнікаў, на сустрэчах і брыфінгах. А пасля адпраўляў за мяжу — за грошы», — кажа закадравы голас.

У эфіры паказваюць кадры схаванай здымкі яшчэ з 2016 года дыпламатычнага супрацоўніка Польшчы Якуба Мушынскага, які сустракаўся з Паротнікавым. АНТ называе Мушынскага супрацоўнікам Агенцтва разведкі Польшчы. Публікуюцца таксама фрагменты праслушкі іх размоў.

Схаваная здымка Паротнікава і польскага дыпламата, паказаныя ў эфіры АНТ

Схаваная здымка Паротнікава і польскага дыпламата, паказаныя ў эфіры АНТ

Паказваюць таксама перапіску Паротнікава па электроннай пошце (доступ да яе атрымалі, выглядае, пасля затрымання) з польскім палітолагам Гжэгажам Арлоўскім. Той пасля пачатку вайны ў 2022-м пытаўся ў аналітыка, што робяць у Беларусі расійскія вайскоўцы, колькі іх, якія настроі ў сілавых шэрагах, якую тэхніку вывозяць з Беларусі ў Расію. Распытваў Арлоўскі таксама пра каліноўцаў і тое, ці не чуў Паротнікаў нешта пра полк, які нібыта збіраецца ствараць Карач.

У фільме паказаны момант затрымання. Дома ў Паротнікава правялі ператрус, знайшлі «грошы, экстрэмісцкую сімволіку і мноства доказаў супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі». На гэтых словах у кадры дэманструюцца бел-чырвона-белы сцяг, брашуры «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» і «Правага альянсу» і кніга навукоўца Мілгрэма Стэнлі «Як добры чалавек становіцца нягоднікам».

Як вынікае з фільма, у Мінску Паротнікава затрымалі, а пасля выкарыстоўвалі, каб даведацца пра шляхі эвакуацыі беларусаў. Яго прымусілі званіць прэс-сакратарцы Ціханоўскай Ганне Красулінай, пісаць Андрэю Стрыжаку і іншым — гэтыя размовы і перапіскі запісваліся.

Пасля дазволілі яму зрабіць выгляд, нібы ён збіраецца выязджаць за мяжу. Маршрут мусіў быць Мінск — Лёзна — Рудня — Смаленск. А пасля Масква. 

Мяркуючы з кадраў фільмах, некаторыя з перапісак падчас «агентурнай гульні» вяліся 30 сакавіка і 1 красавіка 2023 года. «Наша Ніва» ж напісала пра затрыманне Паротнікава 21 сакавіка, за 9 дзён да таго. 

Андрэй Паротнікаў у машыне з сілавікамі падчас аперацыі КДБ. Скрын відэа АНТ

Андрэй Паротнікаў у машыне з сілавікамі падчас аперацыі КДБ. Скрын відэа АНТ

Што адметна, у анонсе фільма яго прэзентавалі як «заснаваны на рэальных падзеях». І некаторыя кадры ў ім пастановачныя. Напрыклад, тая самая сцэна затрымання Паротнікава — няясна, ці гэта рэальная здымка, ці пастаноўка, бо зашмат ракурсаў, заплечнік, які падае пры затрыманні, то ў кадры, то знікае.

Большасць сцвярджэнняў, што прагучалі ў фільме, ніяк немагчыма незалежна праверыць.

Мяркуючы з фільма, тыя, хто мог дапамагчы Паротнікаву з эвакуацыяй, не асабліва яму давяралі. Застаецца незразумелым, ці ў выніку «агентурнай гульні» з Паротнікавым КДБ некага яшчэ затрымаў. 

«Нам было вядома пра ягоны арышт ад самага пачатку, — напісаў у сваім фэйсбуку Андрэй Стрыжак. — Усе перамовы са мной асабіста Андрэй вёў, калі ўжо быў затрыманы. Ад самага пачатку было вядома, што чалавека «вядуць». Вядома дзякуючы таму, што ўнутры спецслужб дагэтуль ёсць неабыякавыя да справы пераменаў людзі», — піша Стрыжак.

«Мы разумелі, што эвакуацыя Андрэя хутчэй за ўсё скончыцца нічым. У нас было некалькі задач — паспрабаваць выцягнуць нашага калегу і сябра; адсачыць і даведацца, як працуюць і што робяць спецслужбы ў такіх аперацыях; у выпадку немагчымасці эвакуацыі забяспечыць магчымасць Андрэю паспаць «на белых прасцінах» замест гэбэшнай шконкі як мага даўжэй», — сцвярджае Стрыжак.

«Спецслужбы не ўскрылі і не перацялі аніводнага з нашых каналаў, якія мы выкарыстоўваем для эвакуацыі», — падсумоўвае Стрыжак.

Лукашысты ўсё часцей інтэрпрэтуюць як «здраду дзяржаве» грамадскую, культурную ці даследчыцкую дзейнасць. Самы паказальны тут прыклад — справа Паўла Белавуса

Цяпер Паротнікаў у СІЗА, яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

 «Стымуляваў варожасць суайчыннікаў да Радзімы». Абвінавачанне Паўлу Белавусу рыхтык такое, як у сталінскія часы

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
10
Абуральна
65