Што адбылося?

МАРГ выпусціў пастанову аб змене свайго ж рашэння «Аб тарыфах на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам» ад 3 снежня 2020 года. У тарыфы ўнеслі змены і заадно перапісалі інструкцыю да пастановы. Цяпер сістэма спрасцілася.

Тарыфы на праезд выраслі?

Не, тарыфы не выраслі. Спрасцілі саму тарыфную сетку, прытым толькі ў той частцы, якая тычыцца праязных на гарадскі грамадскі транспарт, сумешчаных з праязнымі на так званыя «гарадскія электрычкі». Усіх астатніх тарыфаў не чапалі зусім.

Як было і як стала?

Ранейшая рэдакцыя пастановы «Аб тарыфах на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам» дзейнічала з 16 чэрвеня гэтага года. Тады квіткі на цягнікі падаражэлі на 20-24%.

А яшчэ ўвядзенне тых тарыфаў прывяло да таго, што праязны на ўсе віды транспарту (уключаючы «гарадскую электрычку») у Мінску ўпершыню стаў каштаваць больш за сто рублёў: 102 рублі 24 капейкі.

Дык вось, у той пастанове дзейнічалі 20 тарыфаў на праязныя, якія сумяшчаюць гарадскі транспарт і «гарадскія электрычкі». Але пасля таго, як 16 жніўня гэтага года ў Мінску ўвялі «адзіны праязны», выявілася, што частка тых тарыфаў проста незапатрабаваная.

Напрыклад, праязны на 20 сутак быў толькі на «гарадскія электрычкі» без якіх-небудзь камбінацый. А праязны «тралейбус + трамвай + метро + гарадская электрычка» і да яго падобныя проста не прадаваўся, хоць тарыф такі існаваў.

Цяпер жа МАРГ проста скасаваў больш за палову існуючых раней «электрычных» тарыфаў і прывёў тарыфную сетку амаль да такога ж выгляду, які існуе для праязных на наземны транспарт і метро.

І як будзе цяпер?

Цяпер будуць такія разнавіднасці тарыфаў: або «гарадская электрычка + 1 від іншага гарадскога транспарту», або «гарадская электрычка + усе астатнія віды транспарту».

З 20 тарыфаў засталося ўсяго 8: кожная разнавіднасць тэрмінам на 3, 5, 10 або 20 сутак.

Колькі будуць каштаваць праязныя?

Важна разумець: у дакуменце ад МАРГ прыводзяцца не цэны на праязныя, а толькі тарыфы на чыгуначны складнік камбінаваных праязных. Каб атрымаць цэны на праязныя, трэба да гэтага тарыфу дадаць тарыфы на другі складнік праязных (наземны транспарт і метро).

Паколькі, як мы адзначалі, самі тарыфы не змяніліся, то і цэны на праязныя не павінны памяняцца. Гэта значыць, што, скажам, праязны на 3 сутак на камбінацыю «гарадская электрычка + аўтобус» будзе каштаваць, як і раней, 17,88 рубля, а праязны на 30 сутак на наогул усе віды грамадскага транспарту, акрамя маршрутак (аўтобусы, аўтобусы-экспрэсы, тралейбусы, трамваі, метро, гарадская электрычка), — 91,19 рубля.

Цяпер стала больш зразумела?

Прынамсі, паменшылі колькасць тарыфаў — магчыма, і колькасць разнавіднасцяў саміх праязных паменшыцца. Напэўна гэта можна будзе сказаць, калі пастанова ўжо ўступіць у сілу. А ўступае яна ў сілу пасля апублікавання — гэта значыць на наступны дзень, заўтра. Ці паспеюць да таго часу абнавіць табліцы ў кіёсках і касах метро — будзе бачна.

Але як мінімум адзін незразумелы момант застаўся. Праязны на ўсе віды транспарту, уключаючы «гарадскую электрычку», каштуе танней, чым праязны на адну толькі «гарадскую электрычку», і значна танней, чым праязны на любую іншую камбінацыю «гарадскіх электрычак» і астатняга транспарту.

Чытайце таксама:

У Мінску 1 верасня стартуе маштабны эксперымент па аплаце грамадскага транспарту

Доля электратранспарту ў гарадскіх перавозках Мінска — амаль палова

Новую мадэль аплаты праезду для льготнікаў апрабуюць у грамадскім транспарце ў Мінску

Ад сёння ў Мінску дзейнічае адзіны праязны

«Гэта заўсёды так будзе?» Мінчанка здзівілася незвычайнаму кантролю ў аўтобусе

У Мінску ўводзіцца адзіны праязны. Колькі ён будзе каштаваць

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
3