Фота: суполка «Планета Беларусь» у фэйсбуку

Фота: суполка «Планета Беларусь» у фэйсбуку

«Прыязджаем на лецішча і бачым такую карціну: у кветніку люта б'е чорнымі крыламі каршун, побач рой азвярэлых вос, тут жа раскіданыя соты з лічынкамі і без… Адным словам — кашмар!» — напісала дачніца ў суполцы «Планета Беларусь».

Гаспадары ўчастка паклікалі на дапамогу суседзяў — нару выпальвалі газавым балонам, засыпалі вапнай і гасілі вадой. Аднак, са слоў жанчыны, восы, якія выжылі, дагэтуль кружаць над былым гняздом: «Ці то аплакваюць сваю сям'ю, ці то смуткуюць па згарэлым доме».

«Кажуць, восы вельмі помслівыя. Па адным укусе ў нас ужо ёсць», — непакоіцца аўтарка паста і падкрэслівае, што раней нават паняцця не мела пра падземнае асінае гняздо ў сябе ў кветніку.

У каментарах людзі ўдакладняюць, што гняздо на ўчастку разбурыў не каршун, а асаед — драпежная птушка, якая сілкуецца восамі і іх лічынкамі. Гэта пацвердзіў і арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі, які пракаментаваў сітуацыю для Smartpress.by.

«Асіныя гнёзды ўяўляюць сабой прынадную здабычу для многіх жывёл. Але сярод птушак паляваць на вос можа толькі асаед», — адзначыў навуковец.

Са слоў эксперта, з'яўленне асаеда каля людскога жытла здараецца рэдка, бо ў асноўным яны вядуць непрыкметны і ціхі лад жыцця — гняздуюцца ў лясах. Гэта шматлікі для Беларусі від птушак. Асноўны спосаб палявання асаеда — высочванне трас палёту сваіх ахвяр аж да месца, дзе накрыта гняздо.

Паводле інфармацыі арнітолага, ёсць даныя, што птушка можа па гуку асы зразумець — гружаная яна ці не, г. зн. ляціць у гняздо ці з яго. Ад укусаў насякомых асаеда абараняе цвёрдае пер'е на лбе і вакол вачэй.

Тым часам, як піша «Блог Гродна s13.ru», каментатары далі жанчыне парады з уласнага досведу, як ужывацца з восамі на ўчастку ці як паспрабаваць іх пазбавіцца.

«Не трэба размахваць рукамі, і яны вас ніколі не ўкусяць».

«Мы таксама выпальваем на ўчастку ўсе гнёзды вос, а сёлета наогул нейкая эпідэмія».

«Я ім наліваю гарэлку з варэннем, яны напіваюцца і гінуць. Не так хутка, але працэс ідзе, і асабліва нам не перашкаджаюць. Але, вядома, градку, дзе іх гняздо, я пакуль не капаю».

«Таксама гняздо на агародзе завялося. Дзірку ладную зрабілі. Для пачатку восы пару разоў мяне куснулі з асцярожнасці… Каб не набліжаўся. Расплата была хуткай. Я некалькі вечароў у дзірку канцэнтраваны кісель з бур'яну заліў і ўсё. І закідаў мокрым ферментаваным пустазеллем».

Апошнім часам паведамляецца аб анамальнай актыўнасці і вялікай колькасці вос у гэтым годзе. Навукоўцы кажуць, што гэта звязана з незвычайна гарачым для Беларусі надвор'ем — насякомыя перастануць гусці і джаліць толькі пры тэмпературы ніжэйшай за 10 градусаў цяпла.

Чытайце таксама:

У Віцебскім раёне сотні шэршняў атакавалі людзей на турбазе, аднаго чалавека ледзь адратавалі

Вучоны растлумачыў, чаму ў гэтым сезоне восы так часта нападаюць на людзей. І як ад іх бараніцца

«Хлеў згарэў, але ж колькі і восаў ляснула». Пенсіянер хацеў знішчыць гнёзды насякомых паяльнай лямпай

Сезон восаў у разгары. Вось як іх адвадзіць 

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
3
Абуральна
4