Ілюстрацыйнае фота by Stefan Sauer, Picture Alliance via Getty Images

Ілюстрацыйнае фота by Stefan Sauer, Picture Alliance via Getty Images

«Наша Ніва» і раней ведала пра групу актывістаў з Гродзеншчыны «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», якая гуртавала людзей з некалькі гарадоў і дзейнічала ў розных кірунках.

Напачатку, у 2020-м, ініцыятыва займалася маніторынгам і фіксацыяй палітычна матываваных судоў у Гродне і яшчэ некалькіх гарадах вобласці. З часам таксама занялася аналізам рэпрэсій, што адбываюцца ў краіне. Яны вядомыя яшчэ па назве акаўнта свайго тэлеграм-канала: @grodno_grab.

Менавіта гэтым людзям, як мы высветлілі, прыйшла ідэя пачаць пісаць беларусам, якія пакідалі каментары ў пратэсных чатах і групах, і вучыць іх, як выдаліць тыя старыя каментары і як абараняць сябе.

А тры тыдні таму яны яшчэ прэзентавалі бота, які дапамагае ўласнаручна выдаліць каментары ў тэлеграме. 

Вось што яны расказалі «Нашай Ніве».

Чаму сталі шукаць каментары і пісаць каментатарам?

Актывісты прыйшлі да высноў, што ў многіх выпадках адпраўны пункт рэпрэсій — лічбавыя сляды. Раней пакінутыя паведамленні, недастаткова абаронены тэлеграм-акаўнт…

«Наша мэта — паспрабаваць выратаваць усіх каментатараў з небяспечнымі акаўнтамі. Для гэтага мы інфармуем людзей у фармаце person-to-person, асабістым паведамленнем, пра тое, што ім можа пагражаць і што з гэтым можна зрабіць.

Важна, каб людзі ведалі, што ў іх выпадку ёсць рызыка затрымання. І што трэба быць да яго падрыхтаваным, да прыкладу, пачысціць іншыя свае акаўнты і электронныя прылады, а таксама паклапаціцца пра сваіх блізкіх.

Мы лічым, што пакуль ёсць шанец выратаваць чалавека ад рэпрэсій, варта гэты шанец выкарыстоўваць», — тлумачаць актывісты.

Што яны просяць рабіць тых, каму пішуць?

Людзям паведамляюць, якія іх паведамленні застаюцца бачныя ў чатах ці на рэсурсах і падказваюць, як іх выдаліць. Каментатараў праваабаронцы шукаюць спецыяльным пошукавым ботам.

Рэч у тым, што паведамленні, якія вісяць у чатах, фармальна інтэрпрэтуюцца як «правапарушэнне/злачынства, якое працягваецца». Калі да чалавека пасля прыйдуць міліцыянты, а паведамленні ўжо даўно выдаленыя, можа аказацца так, што тэрмін даўніны правапарушэння/злачынства палічаць скончаным.

Таксама праваабаронцы тлумачаць, як выдаліць тэлеграм-акаўнты і стварыць іх нанова.

«Калі чалавека яшчэ не здэананімізавалі, то гэта выратуе ад выпадку, калі акаўнт выпадкова патрапіць пад увагу. Такія выпадкі часта бываюць, і людзі пасля атрымліваюць рэальныя тэрміны. А калі чалавека ўжо здэананімізавалі, то з выдаленнем, па-першае, выдаляецца большая частка сувязяў акаўнта (таксама ён выдаляецца з кантактаў іншых), а, па-другое, можна ў выпадку затрымання сказаць, што каментарыі пісаў не ты», — кажуць актывісты.

Колькі беларусаў можа трапіць пад рэпрэсіі за каментары?

У базе актывістаў з чатаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», на сёння больш за мільён унікальных акаўнтаў і больш за 30 мільёнаў паведамленняў.

Вядома, што некаторыя людзі выдалялі і перастваралі акаўнты, а частка акаўнтаў належалі ботам і сілавікам.

Але сотні тысяч, бліжэй да мільёна, акаўнтаў належаць рэальным людзям і пры гэтым шмат якія з іх дрэнна абароненыя або не абароненыя зусім. Усе гэтыя людзі патэнцыйна могуць патрапіць пад рэпрэсіі, некаторых з іх ужо трапілі.

Як адрозніць актывістаў ад махляроў або спецслужбістаў?

На сёння ў ініцыятывы ёсць 9 акаўнтаў, з якіх яны пішуць людзям. Вось спасылкі на іх, яны вельмі простыя для запамінання:

Адпаведна, Guardian 2, Guardian 3, Guardian 4, Guardian 5, Guardian 7, Guardian 8, Guardian 9, Guardian 11, Guardian 12.

«Нашы валанцёры не патрабуюць ад вас аніякіх дадатковых звестак, а толькі тлумачаць, як абараніць сябе. Калі ў вас ёсць сумневы, вы заўжды можаце звярнуцца ў кантактны акаўнт @GrodnograbSOS, ён замацаваны ў апісанні канала @grodno_grab, і пераправерыць, ці нашы валанцёры вам пішуць. Усе нашы валанцёры знаходзяцца ў бяспецы па-за межамі Беларусі», — кажуць актывісты.

Але пасля сканчэння камунікацыі не забывайцеся выдаляць перапіску для вашай бяспекі.

Памятайце: калі да вас звярнуліся з аднаго з вышэй пералічаных акаўнтаў, гэта праваабаронцы (акаўнтаў, якія сканчаліся б на 1, 6 і 10 няма, імя ў астатніх аднолькавае, адрозніваюцца яны толькі лічбамі). І наадварот, калі ў вас просяць нейкія звесткі, нейкія іншыя дзеянні, а не проста раяць выдаліць, гэта не праваабаронцы.

Як рэагуюць людзі?

Вельмі разнастайна.

«Некаторыя адразу пішуць словы падзякі і выдаляюць усё разам з акаўнтам, некаторыя проста ігнаруюць, а некаторыя адразу блакуюць акаўнт. Часта нас прымаюць за супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў.

Шмат людзей забыліся, што калісьці пісалі каментары, таму адмаўляюць прызнаваць іх за свае, пакуль не дакажаш адваротнае», — расказвае прадстаўнік «ГроднаГраба».

Трапляюцца і людзі, якія выдаюць сябе цяпер за прыхільнікаў Лукашэнкі. «Але пасля нашых паведамленняў таксама выдаляюць свае каментарыі, хоць і кажуць спачатку, што яны нічога не баяцца і давяраюць міліцыі», — дзеляцца актывісты.

Сярод тых, каму яны пісалі, былі людзі, якія збіраліся ехаць у Беларусь, бо забыліся, што пакідалі каментары ў пратэсных чатах.

«Бывала, што мы пісалі людзям, якія ўжо адбываюць пакаранне на «хіміі» ці «хатняй хіміі» за каментары, а таксама тым, каго за іх нядаўна затрымлівалі. Трапляюцца тыя, хто ўжо адбыў пакаранне», — дадаюць актывісты.

Што ініцыятыва плануе рабіць далей?

Актывісты плануюць найперш абпісаць усіх людзей, якія змяшчалі каментарыі ў розных групах і пры гэтым маюць уразлівыя акаўнты.

Ініцыятыва таксама мае аўтаматызаваць апрацоўку акаўнтаў і спрасціць працу для актывістаў, якія дапамагаюць ім.

Па-трэцяе, актывісты думаюць над інструментам, які дазволіць ім шукаць паведамленні і падпіскі ў іншых сацыяльных сетках.

Па-чацвёртае, ініцыятыва плануе больш дасканала аналізаваць выпадкі рэпрэсій. Гэта трэба, каб выявіць найбольш частыя перадумовы, якія вядуць да затрыманняў, і прыдумаць новыя механізмы абароны ад іх.

Калі ж вы хочаце падтрымаць «Нашу Ніву», важны сродак масавай інфармацыі і бастыён беларушчыны, то гэта можна зрабіць праз Патрэон па спасылцы тут ніжэй.

Чытайце таксама:

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Клас
98
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
9
Сумна
6
Абуральна
9