У сацыяльных сетках з'явілася выпіска з пратакола таго пасяджэння рады творчага саюза. З яе вынікае, што пасяджэнне адбылося 30 мая, і на ім прысутнічалі 34 сябры рады з 50, якія ў яе ўвогуле ўваходзяць. Вёў пасяджэнне старшыня рады Уладзімір Слабодчыкаў.

Пераважная большасць прысутных сяброў рады, 32 чалавекі, падтрымалі рашэнне аб выключэнні палітвязня, толькі адзін чалавек быў супраць і адзін устрымаўся.

Фармальнай прычынай для выключэння Алеся Пушкіна і іншых мастакоў стала тое, што яны

«не выплачваюць унёскі больш за два гады, маюць запазычанасць па аплаце за творчую майстэрню больш за шэсць месяцаў, за парушэнне Этычных правіл сяброў ГА «БСМ», а таксама на іншых падставах і нормах Статута ГА «БСМ».

Якую менавіта норму з пералічаных прымянілі да Алеся Пушкіна, у выпісцы з пратакола не ўдакладняецца, спіс прысутных на пасяджэнні творцаў таксама пакуль невядомы. Акрамя Пушкіна, у той дзень з саюза выключылі, па нашых звестках, яшчэ дзевяцярых мастакоў, сярод якіх вядомы дызайнер Уладзімір Цэслер.

Алесь Пушкін пра сваё выключэнне, найхутчэй, так і не даведаўся: лісты да палітвязня ў гродзенскую турму апошнім часам практычна не даходзілі, і зваротнай сувязі з ім не было цягам больш як двух месяцаў.

У сакавіку 2022 года мастак быў асуджаны да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму. Адбываць пакаранне яго накіравалі ў папраўчую калонію ў Івацэвічах. Адміністрацыя ПК-22 ініцыявала перавод Алеся Пушкіна ў турму нібыта за сістэматычныя парушэнні рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суда мастака перавялі ў гродзенскую турму №1, дзе ён мусіў правесці паўтара года. 

Уночы з 10 на 11 ліпеня яго прывезлі з турмы ў рэанімацыю гродзенскага шпіталя ў непрытомным стане. Там ён, па неафіцыйнай інфармацыі, сканаў ад наступстваў прабадной язвы страўніка: падчас аперацыі ў яго спынілася сэрца. Мастака пахавалі на радзіме ў Бабры Крупскага раёна.

Як стала вядома пазней, моцныя болі ў Алеся Пушкіна пачаліся яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Аднак турэмныя дактары абмяжоўваліся капеечнымі абязбольвальнымі сродкамі і хацелі адправіць Пушкіна ў ШІЗА за сімуляцыю.

Болі нарасталі і нарасталі. За тры-чатыры дні да шпіталізацыі болі ў Алеся Пушкіна сталі нясцерпнымі, аднак яго не накіравалі ў гарадскі шпіталь. Яму сталі даваць толькі моцныя абязбольвальныя сродкі. Калі б Пушкіна прывезлі хоць на некалькі дзён раней, хірургі, імаверна, яго ўратавалі б.

Медчасткай гродзенскай турмы кіруе Віктар Лутцаў.

Чытайце таксама:

Фотафакт: Малюнак турмы, зроблены Алесем Пушкіным у 2012 годзе

«Усё ж часы былі тады іншыя». Пахаванне Алеся Пушкіна ў 2023-м vs пахаванне Ларысы Геніюш у 1983-м

Галоўная таямніца Алеся Пушкіна

«Нябачныя» сведкі справы Алеся Пушкіна. Хто данёс на мастака

«А теперь давайте еще раз, на нормальном языке». Што адбывалася з Алесем Пушкіным за кратамі

Суддзя, вядомая многім палітвязням, і пракурор з медалём ад Лукашэнкі. Хто судзіў Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
71