У Беларусі, як і ва ўсім свеце, назіраецца тэндэнцыя росту жаночага алкагалізму.

Пра гэта заявіў загадчык аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Міністэрства аховы здароўя Андрэй Капытаў 23 лістапада на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, калі ў пачатку 1980‑х гадоў на адну хворую на алкагалізм жанчыну прыпадала прыкладна 12 мужчын‑алкаголікаў, то ў 2000 годзе — 5, у 2008 годзе — 4,5. Чакаецца, што ў будучыні ад алкагалізму жанчыны будуць пакутаваць нароўні з мужчынамі:

у падлеткаў 14—15 гадоў хвароба сустракаецца аднолькава часта ў хлопчыкаў і дзяўчынак.

На 1 студзеня 2009 года ў Беларусі на наркалагічным уліку ў сувязі з алкагалізмам знаходзіліся 33.965 жанчын, яшчэ прыблізна 12 тыс. — на прафілактычным уліку.

Як мяркуе спецыяліст, рост колькасці жанчын, якія п’юць, шмат у чым тлумачыцца тым,

што жанчыны сёння выконваюць тыя ж функцыі, што і мужчыны, і часта адчуваюць двайную нагрузку — на працы і дома. Адзін з найбольш даступных спосабаў зняць напружанне — прыём алкаголю.

Як паведаміў Капытаў, ад алкагалізму часцей пакутуюць жанчыны з небагатых сем’яў.

Толькі прыблізна 20% хворых маюць вышэйшую адукацыю. Як правіла, хворыя на алкагалізм замужам або жывуць з сужыцелем.

У сярэднім алкагольная залежнасць фарміруецца ў жанчын да 26—27 гадоў, у мужчын — да 21—22 гадоў. Аднак жаночы алкагалізм хутчэй прагрэсуе: калі ў мужчын хвароба праходзіць усе стадыі на працягу прыкладна 16 гадоў, то ў жанчын — за сем гадоў.

У жанчын, якія пакутуюць ад алкагалізму, прыкладна ў два разы хутчэй адбываецца парушэнне разумовых здольнасцей, чым у мужчын. Гэта звязана з асаблівасцямі жаночага арганізму, у якім менш вады і, адпаведна, удзельная вага алкаголю большая. Апрача таго, у жаночым арганізме не хапае ферменту, які расшчапляе алкаголь. Алкаголь лепш усмоктваецца, асабліва ў перадменструальны перыяд. 82% хворых на алкагалізм маюць запойныя формы алкагалізму. Пры гэтым запоі карацейшыя па часе, чым у мужчын, але здараюцца часцей.

Паводле слоў спецыяліста, жанчыны ў параўнанні з мужчынамі часцей утойваюць свой алкагалізм, многія п’юць у адзіночку, баючыся грамадскага асуджэння. Да нарколага многія трапляюць на стадыі, калі ўжо пачалася дэградацыя асобы. Гэта садзейнічае падтрыманню міфу аб тым, што жаночы алкагалізм дрэнна лечыцца.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0