Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — беларусы, узятыя ў палон рускімі 26 чэрвеня 2022 года. Фота: 24tv.ua і архіў сяброў Сяргея

Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — беларусы, узятыя ў палон рускімі 26 чэрвеня 2022 года. Фота: 24tv.ua і архіў сяброў Сяргея

Акцыі ў чатырох гарадах замежжа правёў «Рух беларускіх нацыяналістаў»: у Вільні, Варшаве, Лодзі і Познані. Яны зрабілі муралы з беларусамі. Пра ідэю акцыі расказаў сябар «Руху беларускіх нацыяналістаў» і ўдзельнік акцыі ў Варшаве Ян Рудзік:

Ян Рудзік на фоне мурала з палоннымі Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзёгцевым. Фота: тэлеграм-канал «РУХ»

Ян Рудзік на фоне мурала з палоннымі Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзёгцевым. Фота: тэлеграм-канал «РУХ»

«Мы вырашылі нагадаць пра палонных, бо ім мала надаецца ўвагі, але гэта вельмі важная тэма. У палоне дрэнныя ўмовы, іх катуюць і ўсяляк з іх здзекуюцца, і няма нікога, акрамя нас, беларускай супольнасці, хто можа пра іх паклапаціцца.

Вырашылі так пачаць і плануем надалей рабіць нешта для таго, каб пра іх не забыліся. У гэтай галіне мы будзем супрацоўнічаць найперш з палком Каліноўскага, але і з іншымі здаровымі сіламі. «Рух» хоча заахвоціць і іншыя беларускія арганізацыі ды асяродкі не забывацца пра палонных каліноўцаў і надаваць гэтаму як мага болей высілкаў і ўвагі».

Пра цяперашні лёс і стан палонных зусім нічога невядома, як расказалі нам у прэс-службе палка Каліноўскага: ніхто не ведае, дзе яны ўтрымліваюцца. Абмяняць іх пакуль не атрымліваецца. Украінскі бок беларускіх ваяроў падае на абмен, а расійскі — не.

Хто яны — палонныя каліноўцы?

Ян Дзюрбейка. Фота з ягоных сацыяльных сетак

Ян Дзюрбейка. Фота з ягоных сацыяльных сетак

Ян Дзюрбейка — 27-гадовы беларус. Ён нарадзіўся ў Лясным ля Бараўлянаў пад Мінскам. Скончыў Акадэмію авіяцыі, дзе вывучаў «Тэхнічную эксплуатацыю авіяцыйнага абсталявання». Апошнім месцам працы хлопца ў Беларусі стаў мінскі завод імя Вавілава — прадпрыемства, якое робіць оптыку і ўваходзіць у Дзяржкамваенпрам.

У 2020-м хлопец уключыўся ў рух за свабодныя выбары. Яго затрымалі пасля «Маршу на Курапаты» 1 лістапада 2020 года. Пасля 15 сутак арышту на Дзюрбейку завялі крымінальную справу, і ён нелегальна перайшоў мяжу з Украінай, да вайны паспеў папрацаваць маляром і ахоўнікам. 28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля нападу Расіі на Украіну, стаў добраахвотнікам.

«Бараніць свой дом — гэта святы абавязак кожнага, — казаў ён «Радыё Ўнэт». — Таму тым, хто прыйшоў сюды з боем, я дам бой. Хацелася б, каб вайна скончылася як мага раней, але я гатовы да зацяжнога канфлікту. Хачу вярнуцца на айчыну і спадзяваюся, што, калі вайна скончыцца, гэта ўдасца».

Сяргей Дзёгцеў. Фота з архіва сяброў Сяргея

Сяргей Дзёгцеў. Фота з архіва сяброў Сяргея

Сяргею Дзёгцеву 35 гадоў, і ён амаль усё жыццё пражыў у мінскай Масюкоўшчыне. Да 2020-га мужчына не быў палітычным актывістам, але з паплечнікамі рабіў праект «Зберажом Масюкоўшчыну». Яны спрабавалі захаваць памяць пра лагер для ваеннапалонных «Шталаг 352», які існаваў на тэрыторыі сучаснай Масюкоўшчыны з ліпеня 1941-га па чэрвень 1944-га.

У 2020 годзе Сяргей уключыўся ў рух за свабодныя выбары. Мужчыну двойчы затрымлівалі: 18 кастрычніка 2020 года і 10 лютага 2021 года. Падчас апошняга затрымання яго збівалі і катавалі (нават вывозілі ў лес) за тое, што ён быў адміністратарам чата Масюкоўшчыны і раённым актывістам. Пасля гэтага ён выехаў ва Украіну.

«Ён сціплы і не любіць распаўсюджвацца пра свае дасягненні. Увогуле Сяргея ведаем як добрага сябра, які заўсёды прыходзіць на дапамогу: справай, а не словам. Чалавек, які маленькімі паслядоўнымі крокамі ідзе да сваёй мэты.

У Кіеве Сяргей працягваў займацца тэмай ваеннапалонных. Да прыкладу, ён адведаў аналагічны масюкоўшчынскаму шталагу Дарніцкі лагер для ваеннапалонных і зрабіў выяву, у якой параўнаў стаўленне да такіх месцаў у Кіеве і Мінску», — дзеляцца сябры.

Выявы, якія Сяргей рабіў у Кіеве і Мінску

Выявы, якія Сяргей рабіў у Кіеве і Мінску для параўнання. Фота з архіва сяброў Сяргея

«Сяргей займаўся тэмай ваеннапалонных і сам стаў ваеннапалонным, — расказваў год таму адзін з сяброў Сяргея. — Магчыма, жыццё вядзе Сярогу такім шляхам».

Нагадаем, 26 чэрвеня 2022 года ваяры палка Каліноўскага прынялі бой каля горада Лісічанск. Падчас бою загінуў легендарны камандзір батальёна «Волат» Іван Марчук з пазыўным «Брэст». Разам з ім загінулі яшчэ трое: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў. Яшчэ двое, Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, патрапілі ў палон. Гэта былі першыя настолькі масавыя страты беларусаў падчас вайны ва Украіне.

Чытайце таксама:

Хто ён — палонны каліновец Ян Дзюрбейка?

Паварот лёсу каліноўца Сяргея Дзёгцева: зберагаў памяць пра ваеннапалонных, а цяпер сам такім стаў

Хто такія «Атам», «Сябро» і «Папік». Расказваем пра траіх байцоў з палка Каліноўскага, якія, напэўна, загінулі

Клас
16
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
17
Абуральна
6