Аляксей Дзюмін Алесей Дюмин Aleksey Dyumin

Аляксей Дзюмін і Сяргей Шайгу. Фота: Прэс-служба ўрада Тульскай вобласці

50-гадовы Аляксей Дзюмін мае званне генерал-палкоўніка і ў мінулым займаў пасаду намесніка міністра абароны. Але на ёй Дзюмін не прабыў і двух месяцаў (з 24 снежня 2015 года па 2 лютага 2016 года), пасля чаго быў прызначаны губернатарам Тульскай вобласці.

Бацька Аляксея Дзюміна — вайсковы медык, генерал Генадзь Дзюмін, у 1990-я ўваходзіў у найбліжэйшае атачэнне тагачаснага міністра абароны Расіі (1992-1996) Паўла Грачова.

Сам Аляксей Дзюмін у дзяцінстве вандраваў за бацькам, які мяняў месцы службы, але гэта была не далёкія Камчатка і не Кушка, а расійскае Чарназем'е і Нечарназем'е. Нарадзіўся Дзюмін у Курску, нейкі час жыў у Калузе і Варонежы, у 1994 годзе скончыў Варонежскае вышэйшае вайсковае інжынернае вучылішча радыёэлектронікі. Адразу пасля заканчэння вучылішча яго скіравалі ў Маскоўскую вайсковую акругу, у невялікую вайсковую часць, якая займалася процідзеяннем тэхнічным сродкам разведкі праціўніка.

Такім чынам, пачынаў ён як тэхнар, а не як спецназавец.

Праз год Дзюмін быў ва ўпраўленні прэзідэнцкай сувязі Федэральнай службы аховы Расіі.

Пазней Аляксей Дзюмін перайшоў у Службу бяспекі прэзідэнта (СБП) і прабыў там да 2007 года, калі быў прызначаны кіраўніком аховы старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Віктара Зубкова (Зубкоў пільнаваў гэтую пасаду падчас перазменкі перад ракіроўкай Пуціна і Мядзведзева).

Мяркуецца, што ў СБП Дзюмін дарос да асабістай аховы Пуціна.

Калі ўрад узначаліў Уладзімір Пуцін, Дзюмін стаў яго асабістым адʼютантам. У 2012-2014 гадах — намеснік начальніка ўпраўлення Службы бяспекі прэзідэнта. Затым — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення генеральнага штаба, камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый, якія адыгралі адну з ключавых роляў падчас захопу Крыма.

Дзюмін забяспечваў бяспеку Уладзіміра Пуціна на ўсіх яго публічных выступах і ў якасці прэм'ер-міністра, і прэзідэнта. Паводле інфармацыі газеты «Коммерсант», за гады працы ў Службе бяспекі прэзідэнта Аляксей Дзюмін зарэкамендаваў сябе як чалавека, «якому можна давяраць заданні і быць упэўненым у іх выкананні».

Ужо ў якасці губернатара Тульскай вобласці Аляксей Дзюмін расказваў, што абараняць Пуціна яму нібыта даводзілася і ад дзікіх звяроў, у прыватнасці ад мядзведзя, які прабраўся да ўваходу прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў гарах. Ну што ж, верым.

Пра тое, наколькі Пуцін давярае Дзюміну, можа сведчыць адзін эпізод, пра які пісаў журналіст «Камсамольскай праўды» Аляксандр Гамаў.

Ён апісваў, як падчас паездкі Уладзіміра Пуціна ў 2010 годзе па Сібіры і Далёкім Усходзе, якраз Аляксей Дзюмін прытрымліваў Пуціна падчас забору пробаў скуры і тлушчу ў шэрых кітоў.

«Я потым глядзеў на гэты жах. Пуцін (а на моры — гайданка!) з арбалетам цэліцца ў 15-метровага кіта, які гіганцкай свечкай выскоквае з мора. Страла — ляціць! А побач з Пуціным — Дзюмін, які трымае прэм'ера, абняўшы за тулава…» — успамінаў журналіст.

Паводле яго слоў, сам Аляксей Дзюмін, каментуючы гэты момант, сказаў так: «Пуцін у нас упэўнены, як у сабе».

Як пісала ў свой час газета «Коммерсант», Дзюмін распрацаваў і правёў аперацыю экстраннай эвакуацыі Віктара Януковіча ў ноч на 23 лютага 2014 года. Сам Дзюмін называў паведамленні пра яго ўдзел у гэтых падзеях міфамі і адмаўляўся іх каментаваць. Ëн увогуле не схільны да медыятызацыі сваёй дзейнасці.

У 2016 годзе з'явілася расследаванне тэлеканала «Дождь» пра Аляксея Дзюміна. У ім сцвярджалася, што ў снежні 2014 года Аляксей Дзюмін перасяліўся ў кватэру ў доме №10 у Калымажным завулку ў Маскве плошчай 344 квадратныя метры. 

Рынкавы кошт гэтай нерухомасці, паводле ацэнак медыя, у 2016 годзе складаў 700 мільёнаў рублёў. Аднак Дзюмін сцвярджаў, што да кватэры не мае ніякага дачынення. Яе ўладальнік — поўны яго цёзка.

Ёсць яшчэ адна рэч, якая ўмацоўвае сувязі Дзюміна з Пуціным, — хакей.

Будучы генерал пачаў займацца (і даволі прафесійна) яшчэ ў чацвёртым класе. Пасля школы яго нават запрашалі гуляць за варонежскую каманду «Буран». Але ён выбраў кар'еру вайскоўца.

Хакей Дзюмін не пакінуў цалкам. Цяпер ён узначальвае апякунскую раду Начной хакейнай лігі, якую заснаваў у 2011 годзе Уладзімір Пуцін.

Там Дзюмін пераважна гуляе на пазіцыі брамніка і, паводле ўражанняў некаторых журналістаў, якія прысутнічалі на матчах гэтай лігі, часам дэманструе вялікае майстэрства, каб ухіліцца ад шайбы пасля кідка прэзідэнта.

Прэзыдэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе забіць гол у вароты губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна Russian President Vladimir Putin tries to score against goalie Governor of the Tula Region Alexei Dyumin Президент России Владимир Путин пытается забить гол в ворота губернатора Тульской области Алексея Дюмина

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе забіць гол у вароты губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна падчас матчу Начной хакейнай лігі. Вядома ж, паспяхова. 25 снежня 2019 года. Фота: Mikhail Klimentyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

У 2015 годзе Дзюміна прызначылі начальнікам Галоўнага штаба Сухапутных войскаў, а 24 снежня таго ж года — намеснікам міністра абароны.

2 лютага на той час генерал-лейтэнант быў прызначаны выконваць абавязкі губернатара Тульскай вобласці. У верасні ён перамог на выбарах губернатара.

Трэба сказаць, што Тульская вобласць яшчэ з царскіх часоў была цэнтрам вайскова-прамысловага комплексу. Якраз там знаходзіліся вялікія абаронныя прадпрыемствы, якія вырабляюць у тым ліку зенітна-ракетныя комплексы.

Пачынаючы з 2017 года прозвішча генерала неаднаразова ўсплывала сярод імаверных пераемнікаў Пуціна на пасадзе прэзідэнта Расіі.

Розныя крыніцы сцвярджаюць, што лаяльнасць Дзюміна да Пуціна і яго надзейнасць высока цэняцца ў Маскве. Дзюмін застаецца фігурай, блізкай да расійскага прэзідэнта. Крыніцы ў Крамлі адзначаюць, што іх звязваюць даверчыя адносіны.

Vladimir Putin and Alexei Dyumin Уладзімір Пуцін і Аляксей Дзюмін Владимир Путин и Алексей Дюмин

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з выканаўцам абавязкаў губернатара Тульскай вобласці Аляксеем Дзюміным падчас наведвання музея-сядзібы Льва Талстога «Ясная Паляна». Фота: Mikhail Klimentyev/Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

У 2021 годзе Аляксею Дзюміну закрытым указам прэзідэнта Расіі прысвоілі званне генерал-палкоўніка.

У кастрычніку 2022 года пісалі пра тое, што прызначэнне тульскага губернатара Аляксея Дзюміна на вышэйшы вайсковы пост лабіруе сярод іншых Рамзан Кадыраў, які мае ў сваім распараджэнні баяздольныя чачэнскія часці. Пісалі, што і Яўген Прыгожын мае добрыя стасункі з Дзюміным. Лічыцца, што генерала падтрымлівае памочнік прэзідэнта Дзмітрый Міронаў, а таксама шмат хто з прадстаўнікоў рэгіянальных уладаў.

Алексей Дюмин и Рамзан Кадыров Аляксей Дзюмін і Рамзан Кадыраў Alexey Dyumin and Ramzan Kadyrov

Аляксей Дзюмін і Рамзан Кадыраў. Фота: асабістая старонка Кадырава ва «УКантакце»

Падчас нядаўняга мяцяжу Прыгожына ў медыя зʼявілася інфармацыя, што Аляксей Дзюмін асабіста ездзіў на перамовы з ім. Але прэс-служба губернатара гэту інфармацыю абвергла.

У той жа час Ігар Стралкоў (Гіркін) мяркуе, што Дзюмін «быў нейкім чынам уцягнуты ў змову». Ëн адзначае, што гэта «адзіны губернатар на шляху «Вагнера», які не абвясціў у вобласці нават надзвычайнага становішча». «Нягледзячы нават на тое, што ён «галавой есць» нават спраўней, чым яго былы начальнік па ахове прэзідэнта — Золатаў, як іранізуе ў сваім допісе Стралкоў.

Стралкоў, былы палкоўнік Федэральнай службы бяспекі, невысока ацэньвае інтэлектуальныя здольнасці Дзюміна, «у якога ў галаве, як мяне многія запэўнівалі, нават не апілкі, а суцэльны маналіт». «Адмова Дзюміна ад удзелу і падтрымкі мела дадаткова дэматываваць «кухара» [Прыгожына] працягваць барацьбу», — піша Стралкоў.

Выбар новага міністра абароны — няпростая задача для Уладзіміра Пуціна ва ўмовах, калі ўкраінская аперацыя аказалася правалам, а мяцеж «вагнераўцаў» агаліў раскол унутры прапуцінскіх сілаў.

Чытайце яшчэ:

Дзе Шайгу? Дзе Герасімаў?

Пуцін прызначыў губернатарам свайго ад'ютанта

У Расіі назвалі магчымых «пераемнікаў» Пуціна

Клас
6
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
9
Абуральна
19

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?