Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа

«Прыдуманы Пуціным праект зажыў сваім жыццём»

Расійскі палітычны аглядальнік Максім Трудалюбаў адзначае, што цяпер стала дакладна зразумела, што падзеі ў Расіі — гэта не нейкая спланаваная і зацверджаная акцыя Крамля.

«Гэта Прыгожын, які выйшаў з-пад кантролю, і сапраўдны мяцеж. Пра тое, што такое можа адбыцца, шмат хто казаў, уключаючы мяне», — адзначае ён.

Паводле яго слоў, само існаванне фармальна незаконных ваенізаваных структур — гэта небяспека для любога рэжыму. Такім чынам Пуцін сам прыдумаў вельмі небяспечную для самога сябе задуму, таму, па словах аглядальніка, нешта такое было тэарэтычна чаканым.

«Першапачаткова Прыгожын быў праектам Пуціна, інакш яго з'яўленне было б немагчымым. Таму спярша ўсе варажылі, дзе інсцэніроўка, а дзе не. Але ў нейкі момант ён выйшаў з-пад кантролю, перастаў быць праектам Пуціна і зажыў сваім жыццём. Калі менавіта адбыўся гэты момант, цяпер незразумела. Магчыма, гэта адбылося каля месяца таму, калі Прыгожын стаў актыўна выступаць з крытыкай».

Максім Трудалюбаў лічыць, што Яўген Прыгожын пайшоў ва-банк.

Максім Трудалюбаў, аглядальнік газет «Ведомости» і New York Times. Скрыншот «Ток»

Максім Трудалюбаў, аглядальнік газет «Ведомости» і New York Times. Скрыншот «Ток»

«У вагнераўцаў насамрэч ёсць падтрымка»

«Прычынамі гэтых дзеянняў я лічу не толькі незадаволенасць вайной і генераламі, а тое, што Прыгожына загналі ў вугал. Яго даўно ўжо хацелі спыніць, ён гэта разумеў і падпарадкоўвацца адмаўляўся. Мабыць, нейкі час таму яны канчаткова не дамовіліся і ён зразумеў, што губляць яму няма чаго, і пайшоў «на Маскву».

Афіцэры, байцы, яны настроеныя рэзка супраць Шайгу. Гэты мяцеж пачынаўся як патрыятычны, але перарастае ў антыпуцінскі. Яны выступаюць супраць дрэнных генералаў і супраць эліты. Пры гэтым Прыгожын таксама заявіў, што вайна была няправільнай, што задумана яна была для праслаўлення Шайгу, а не праз пагрозы Расіі.

Трудалюбаў лічыць, што вагнераўцы дзейнічаюць відавочна эмацыйна. З аднаго боку гучыць, што вайну і не трэба было пачынаць, а з другога, што калі выбралі шлях вайны, то ваяваць трэба было інакш. Таму іх дзеянні і заявы Трудалюбаў называе даволі супярэчлівымі.

Што тычыцца асобы Прыгожына, які вырашыў пайсці ва-банк, то аглядальнік, прынамсі, пакуль не ўяўляе, як пасля ўсяго гэтага ён можа застацца жывым.

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа

«Задушыць мяцеж магчыма. Будзем глядзець, колькі яны пратрымаюцца.

Але тое, што цяпер сутыкненні мінімальныя, гаворыць пра тое, што ў вагнераўцаў насамрэч ёсць вялікая падтрымка сярод вайскоўцаў і нейкай часткі сілавікоў. У адваротным выпадку яны б так спакойна не разгульвалі па Растове і Варонежы, паміж якімі досыць вялікая адлегласць», — адзначае Трудалюбаў.

У цэлым жа сітуацыю расійскі аглядальнік называе яшчэ адным наймагутнейшым ударам па Пуціне.

«У вачах эліты ён падае і падае. Загадкай толькі застаецца адно: якім чынам Пуцін дагэтуль трымаецца. Ён сам усё гэта зладзіў ад пачатку і да канца. І вайну, і незаконныя ваенізаваныя фармаванні. Ён сам усё гэта стварыў на сваю галаву, не кажучы ўжо пра краіну.

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor Getty Images

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor Getty Images

Таксама незразумела, як яго асяроддзе ўсё гэта трывае. Гэта сур'ёзныя людзі, якія губляюць праз яго грошы, уладу, магчымасці. Але яны сядзяць і цярпяць усё гэта. І для мяне гэта загадка, адказу на якую ў мяне няма, бо цалкам відавочна, што Пуцін зрабіў усё сваімі рукамі і зрабіў ён усё максімальна дрэнна. Ён проста ні на што не здольны. У тым ліку з пункту гледжання сваіх жа мэтаў. Ён абсалютна праваліўся, але чаму ён усё яшчэ знаходзіцца ў Крамлі — ніякага адказу няма».

Што датычыць ходу вайны, то расійскі аглядальнік кажа, што ён спадзяецца на тое, што ўкраінцы змогуць выгадна скарыстацца для сябе гэтай сітуацыяй у Расіі.

Максім Трудалюбаў прызнаецца, што назваць сапраўдныя мэты Прыгожына, як і яго далейшыя перспектывы вельмі складана, бо сітуацыя беспрэцэдэнтная.

«Апошні раз паспяховыя мяцяжы з удзелам вайскоўцаў былі ў XVIII стагоддзі. І то гэта былі палацавыя перавароты. З тых часоў мяцяжы такога роду не ўдаваліся. Гэта беспрэцэдэнтная падзея. Ці ёсць у іх мэты змены ўлады ці не, пакуль таксама незразумела. Але відавочна, што ў іх ёсць прэтэнзіі да генералаў. Мы назіраем нейкую сумесь блізкаўсходняга ваеннага путчу і рускага бунту, што ёсць, напэўна, ужо сотым доказам абсалютнай некампетэнтнасці Пуціна», — упэўнены Максім Трудалюбаў.

Чытайце таксама:

«Вайна патрэбная была, каб купка жывёлін папіярылася». Прыгожын даў рэзананснае інтэрв’ю, у якім падвёў грунт пад спыненне вайны

Клас
55
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
6
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?