У глухія савецкія часы нас, студэнтаў — сяброў «Беларускай майстроўні», уразіла пагалоска, што ў Акадэміі навук доктар фізіка-матэматычных (!) навук Юры Хадыка чытае лекцыі пра старабеларускае мастацтва і хрысціянскую культуру Еўропы.

Гэта былі незабыўныя глыткі свежага паветра — калі сапраўдныя, а не дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сцвярджаліся дакладнай аргументацыяй.

Музей старажытнабеларускае культуры, які ён разам з аднадумцамі ствараў і размяшчэння якога ў Акадэміі навук дамогся, — наагул нешта фантастычнае для тае пары: прастора сапраўднай беларускай культуры, самабытнай і еўрапейскай, увайшоўшы ў якую, людзі ўмомант пазбаўляліся савецка-імперскага шалупіння ў галаве і ўсведамлялі сябе носьбітамі выдатнае традыцыі.

Юрый Хадыка. 1976 год

Юрый Хадыка. 1976 год

І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэнні з навуковай дакладнасцю, доказы апанентаў выслухоўваў добрасумленна і аргументаваў добразычліва. І наагул быў увасабленнем інтэлігентнасці, адкрытасці, чалавечнасці. Ягоным усячасным прынцыпам было «хто не вораг, той можа стаць саюзнікам», ён быў маторам кааліцыйных паразуменняў дэмакратычных сілаў, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.

Як фізік ён цалкам усведамляў маштаб Чарнобыльскай катастрофы.

Таму і арганізоўваў навуковыя канферэнцыі, незалежныя экспертызы наступстваў Чарнобыля, але не абмяжоўваўся толькі навуковымі метадамі барацьбы за праўду і ратаванне народу, а шмат гадоў быў нязменным арганізатарам «Чарнобыльскага шляху».

Юрый Хадыка ў СІЗА на Валадарцы ў маі 1996 года. Фота з газеты «Свабода»

Юрый Хадыка ў СІЗА на Валадарцы ў маі 1996 года. Фота з газеты «Свабода»

І гатовы быў ахвяраваць сабою, як падчас галадавання 1996 года, калі яго пасля «Шляху», які стаў і акцыяй пратэсту супраць знішчэння незалежнасці Беларусі, кінулі ў вязніцу.

Гэты ўчынак цалкам адпавядаў ягонаму бачанню місіі адказных беларусаў і складанасці задачы, якая стаяла перад імі.

У 1989 годзе, калі толькі пачынаўся масавы рух за незалежнасць, выступаючы на 40-тысячным мітынгу БНФ на стадыёне «Дынама», Юры Віктаравіч згадаў ВКЛаўскую лёгкую кавалерыю, ваяры якой ахвяраваліся, запаўняючы сваімі целамі варожыя равы-пасткі, каб услед за імі — літаральна па іх — маглі пайсці ў атаку наступнікі.

Сёння яму было б 85. Некалі на будынку Інстытута фізікі Акадэміі навук, дзе быў Хадыкаў кабінет, ператвораны з канца 1980-х у штаб-кватэру БНФ, з'явіцца памятны знак у гонар аднаго з тытанаў новага Беларускага Адраджэння.

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0