Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Беларуска Марына месяц таму размясціла ў LinkedIn пост пра пошук працы ў Польшчы. Жанчына напісала, што яны з мужам вясной былі вымушаныя пакінуць Беларусь, бо яна стала падазраванай па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх»). Цяпер муж (3D-мастак) застаўся без працы і шукае вакансіі.

Яе пост сабраў тысячу рэпостаў і больш за 400 каментароў. Большасць выказвалі сваю падтрымку, зычылі ўдачы ці пакідалі парады па рынку працы. 

Аднак пару каментатараў не зразумелі рашэнне жанчыны аб пераездзе.

Адзін з іх, Ілля Кузаўкін, напісаў:

«Беларусь гэта:

— Чысціня і парадак;

— Разумныя цэны на жыллё і паслугі;

— Якасць паслуг на вышыні;

— Смачная кухня;

— Прыстойныя людзі;

— Адсутнасць этнічных АЗГ [арганізаваных злачынных груп]!!! Вы не ўяўляеце, які гэта велізарны плюс у сучасных рэаліях;

— Мультыкультурная супольнасць з павагай да кожнай канфесіі;

— Дастатковы ўзровень транспарту;

— Колькасць электрамабіляў на першы погляд большая, чым у Маскве;

— Захаваны архітэктурны стыль гарадоў;

— Захаваныя гістарычныя помнікі архітэктуры;

— Веладарожка праз увесь Мінск;

— Парк высокіх тэхналогій — гэта наогул шанец для любога прадпрымальніка… Проста пачытайце ўмовы рэзідэнцтва.

Чаго вам тут на радзіме не хапала і чым вы тут незадаволеныя былі, я ніяк не разумею… Процьма моладзі, процьма дзяцей, людзі ветлівыя, нармальна адзетыя…. Крамы працуюць, паслугі таксама…

Не хочацца злараднічаць, але паспрабуйце звярнуцца па дапамогу да тых, хто вам так абяцаў «свабоду і дэмакратыю», а таксама «допомогу» і да каго вы так тэрмінова з'ехалі.

Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што захаваў такую краіну, не маючы такіх рэсурсаў, як у нас у Расіі, і такога ўнутранага ёмістага рынку.

Прыязджаем не першы раз і, зразумела, плануем яшчэ».

Другі пост у падобным духу пакінуў айцішнік Канстанцін Крэсцьяннікаў.

«На мой погляд, лепш раскаяцца і вярнуцца на радзіму. У Еўропе вы нікому не патрэбныя. Адвакат вам у дапамогу. Уцекачоў нідзе не любяць, асабліва жабракоў.

Сітуацыя складаная. Люблю Лукашэнку, і Беларусь, і беларусаў.

Вуліца ў Еўропе ці турма на радзіме — вы самі давялі сябе да такой сітуацыі. Аднак выйсце ёсць, упэўнены. Паколькі ў РБ карупцыя мінімальная, то падазрэнні па 342 артыкуле могуць быць справядлівымі.

З такім бэкграўндам цяжка знайсці працу, імаверна. Наогул я вам не веру. 3Д-мастак шукае працу не ў Польшчы ці ў Лондане, а перш за ўсё ў сеціве. Хапае прапаноў з замовамі, у тэлеграм-каналах, на сайтах і іншае… Ды ўрэшце можна на 3Д-стоках прадаваць свае мадэлі.

А вы пішаце так, што ніякай павагі да вас няма і быць не можа. Беглі са сваёй краіны ў Еўропу, там трапілі ў праблемы, цяпер вам дапамагай. І тут не праблема, што ваш муж не можа знайсці працу, што ён яе страціў — а ў тым, што ён дрэнна стараецца, каб яе знайсці. Каб не апынуцца на вуліцы, бо ёсць куча варыянтаў, як падпрацаваць або зарабіць сумленным шляхам, рукамі працаваць можна, а там, глядзіш, галава спатрэбіцца і выхад на пасаду, якую хочаце — 3Д-мастак. Але гэта, калі верыць у вашу байку. Я вось вам не веру», — напісаў мужчына.

Калі верыць інфармацыі ў профілях, то Крэсцьяннікаў з Краснадара, працуе графічным дызайнерам на фрылансе, а Кузаўкін — з Масквы, інжынер па праектаванні свідравін, апошнім месцам працы пазначана кампанія Shell.

Іншыя карыстальнікі іх не падтрымалі.

Клас
21
Панылы сорам
146
Ха-ха
37
Ого
7
Сумна
17
Абуральна
58