Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

«Ён да мяне падышоў і сказаў, што мной цікавяцца»

У жніўні 2022-га Дзмітрый Нікановіч звольніўся з БДУ з пасады дацэнта па пагадненні бакоў. У гэтай гісторыі не ўсё так проста: на выкладчыка ціснуў адзін з супрацоўнікаў яго кафедры. 

«Ад яго мне паступалі сігналы, якія я ўспрыняў як пагрозы, — кажа Дзмітрый. — Да падзей 2020-га мы мелі адзін пра аднаго лепшае меркаванне, але пасля адбылося «светапогляднае разыходжанне». Ён, відаць, не разумеў, як «гонар дзяржаўнага ўніверсітэта» можа быць нелаяльным да ўлады. Спачатку яшчэ пісаў мне «не хадзі на пратэсты — будуць правакацыі», «па тэхналогіях каляровых рэвалюцый там будуць сакральныя ахвяры». Назваў мяне «здраднікам», калі я паўдзельнічаў у відэазвароце выкладчыкаў БДУ супраць гвалту. Пасля мы амаль не размаўлялі». 

«Але вясной 2022-га года ён падышоў да мяне і сказаў, што маёй сціплай персонай цікавяцца «зверху», бо я дазваляю сабе свавольныя пасты ў сацсетках, — распавядае Дзмітрый. — Ён гаварыў пра нейкі міфічны «рэйтынг змагароў факультэта», у якім я нібыта знаходжуся на пазіцыі, вышэйшай за калег, якіх затрымалі на суткі і ўжо звольнілі.

Што ў нас «ідэалагічны факультэт», таму на ім не могуць працаваць такія, як я, — з «антыдзяржаўнымі поглядамі». Калі я абурыўся, што нічога «антыдзяржаўнага» не рабіў, ён адказаў, што свае аргументы я буду прыводзіць у ГУБАЗіКу. 

Я ўспрыняў гэта як пагрозу. Калі б мяне затрымалі на суткі, аўтаматычна звольнілі б з працы па артыкуле і выселілі разам з сям’ёй з інтэрната». 

«Па яго прыедзе АМАП»

Той супрацоўнік прапанаваў Дзмітрыю напісаць заяву на звальненне, каб малады вучоны сваёй прысутнасцю на журфаку не падстаўляў сваю навуковую кіраўніцу, цяпер ужо экс-дэканку Вольгу Самусевіч. 

Сама Самусевіч казала Дзмітрыю, што ідэя пра звальненне не яе.

«Проста параіла мне думаць пра сябе, калі маюцца сігналы, — кажа Дзмітрый.

— Я запоўніў заяву на звальненне, але не паставіў на ёй даты. Праз пару дзён той «калега» — зноў да мяне. Я яму кажу, што дэкан факультэта запэўніла: ніякай тэрміновасці ў маім звальненні няма. Але ён стаў ціснуць, сказаў ставіць дату — 30 чэрвеня 2022-га. Я прапанаваў 26 жніўня, каб мой законны адпачынак быў аплачаны. І дапрацаваў да канца навучальнага года». 

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

З 2020-га з факультэта журналістыкі БДУ звольніліся «па дамоўленасці бакоў» многія выкладчыкі. Не ўсе рабілі гэта публічна ў мэтах бяспекі.

Дацэнта Аляксандра Дуброўскага звольнілі, абвінаваціўшы ў парушэнні карпаратыўнай этыкі. Як парушэнне кіраўніцтва інтэрпрэтавала подпіс выкладчыка пад калектыўным зваротам супраць фальсіфікацый, гвалту і беззаконня. 

У зняволенні пабывала дацэнтка кафедры тэлебачэння і радыёвяшчання журфака Ганна Курэйчык.

Такі самы лёс спаткаў яе калегу Ксенію Мартуль.

Таксама з факультэта звольнілася доктарка навук Ірына Сідорская. 

«Ніхто яе не заахвочваў застацца, хаця доктар навук на журфаку — на вагу золата, — кажа Нікановіч.

— Калі ж затрымалі Ганну Курэйчык, я апублікаваў на фэйсбуку спачувальны пост з яе фотаздымкам. Пасля я даведаўся ад калег, што былы намеснік дэкана па ідэалогіі нібыта разносіў па факультэце плёткі, як ён мне званіў, каб я гэты пост выдаліў, а я адмовіўся з-за сваёй «прынцыповай грамадзянскай пазіцыі». Я б, канешне, адмовіўся, але ён мне не званіў. Затое гаварыў маім калегам, што я дачакаюся прыезду АМАПа.

Уявіце, проста за спачуванне да затрыманых калег мы робімся злачынцамі, на якіх могуць выклікаць АМАП. Я не мог у гэта паверыць.

І разумеў, што нада мной збіраюцца хмары, таму і вырашыў у выніку пісаць заяву».

«Нарэшце мая маленькая мара спраўдзілася»

Восенню 2022-га Дзмітрый разам з сям’ёй — жонкай і дачкой — перабраўся жыць у Польшчу.

Першыя месяцы ў эміграцыі былы дацэнт БДУ займаўся капірайтынгам, але цяпер працуе ў сферы сувязей з грамадскасцю ў арганізацыі аднадумцаў. З ранку да ночы — на беларускай мове. «Нарэшце мая маленькая мара пра такое асяроддзе спраўдзілася», — кажа ён.

— Калі мы з жонкай і дачкой толькі прыехалі ў Польшчу, першы час было даволі складана, бо мой даход быў невялікі. У асноўным жылі на зберажэнні». 

Пайсці выкладаць ва ўніверсітэт у Дзмітрыя жаданне было: ён адправіў рэзюмэ ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, што знаходзіцца ў Вільні, але там не аказалася вакансій.

«Відаць, у іх не бракуе выкладчыкаў, я гэта цалкам разумею, — мяркуе ён. — А для выкладання ва ўніверсітэце Польшчы ў мяне яшчэ няма патрэбнага ўзроўню валодання польскай мовай. Калі прыехаў, ведаў толькі некалькі фраз, гэта яшчэ з дзяцінства, бо з бацькамі калісьці ездзілі «на закупы». 

Цяпер вучу польскую, цалкам разумею, магу падтрымаць простую размову, але гэтага мала, каб выкладаць. 

Дачка ходзіць тут у дзіцячы сад, увесь дзень размаўляе па-польску і ведае мову лепш за ўсіх нас. Вымаўленне такое, што пакуль не пачуеш яе бацькоў, не зразумееш, што яна з Беларусі».

У горадзе Быдгашчы Дзмітрый здымае прасторную кватэру. У Мінску ён з сям’ёй жыў у інтэрнаце для супрацоўнікаў БДУ.

«Пакой быў у вельмі дрэнным стане: шпалеры адклейваліся, вокны трухлявыя, але мы зрабілі рамонт, нават нацягвалі столі, мянялі падлогу, вокны, убудаваную шафу цалкам «разбамбілі», паставілі новую. Пару тысяч даляраў уклалі. Пражылі там шэсць гадоў. 

Калі я перамог у конкурсе на прэзідэнцкую стыпендыю аспірантам у 2018-м, нам выдзелілі другі пакой, бо я падаўся на паляпшэнне жыллёвых умоў. Узнагарода давала мне перавагу ў чарзе», — расказвае ён. 

Дзмітрый з дачкой. Фота: сацсеткі

Дзмітрый з дачкой. Фота: сацсеткі

«І раптам мне прыходзіць паведамленне ад былой студэнткі»

Спачатку Дзмітрый планаваў толькі паспрабаваць жыццё за мяжой і рэгулярна прыязджаць у Беларусь. Першы раз у Польшчу ён паехаў на некалькі дзён: у яго дачкі не было візы, для яе атрымання трэба было, каб адзін з бацькоў перасек мяжу і падрыхтаваў умовы.

«Прыязджаю я ў Польшчу, спыняюся ў маці, якая ўжо жыла тут год, — прыгадвае Дзмітрый.

— І раптам мне прыходзіць паведамленне ад маёй былой студэнткі Глафіры Жук: «Дзмітрый Алегавіч, спадзяюся, што вы не ў Беларусі». І яна расказвае мне, што на БТ у адной з праграм вядучая Вікторыя Папова і загадчыца кафедры журфака БДУ Алеся Кузьмінава абмяркоўваюць мяне ў эфіры.

Мая былая калега ў эфіры кажа: «Дзіма Нікановіч — найперш артыст. Ён чалавек творчы, яго эмацыянальна павяло. Ён пастаянна ў ролі — і гэта была яго чарговая роля». Гэта яна пра маю грамадзянскую пазіцыю.

Вядучая ў той жа час кажа, што Нікановіч дазволіў сабе гучна пайсці з журфака. 

Але што я зрабіў? Ціха напісаў заяву, развітаўся са студэнтамі на апошніх занятках, змяніў інфармацыю ў профілі на фэйсбуку аб тым, што я больш не супрацоўнік БДУ, яна аўтаматычна абнавілася на маёй старонцы. А пад ёй пачалі пісаць добрыя людзі са словамі падтрымкі. Аб прычынах я не расказваў. І гэта назвалі «гучным» адыходам.

Вядома, пасля гэтага эфіру вяртацца ў Беларусь я не стаў. На маю сціплую персону звярнулі залішнюю ўвагу». 

Сям’я Дзмітрыя цалкам падтрымала яго падчас звальнення і пераезду. 

«Маці гаварыла мне пра звальненне і пераезд кожны дзень апошнія паўгода маёй працы на факультэце. Я доўга не мог зрабіць рашучы крок, бо не меў фінансавай падушкі бяспекі. А ў выніку мяне моцна падштурхнулі», — тлумачыць ён. 

Рашэнне аб звальненні і пераездзе было няпростым. Дзмітрый не хацеў змушаць сваіх блізкіх змяняць звыклы лад жыцця.

«Пераезд — гэта адказна. Думаў пра дачку, якой трэба будзе вучыць польскую мову, ісці тут у сад, школу. Баяўся, што не змагу ёй патлумачыць, што такое Беларусь, чаму мы яе так любім. 

Але цяпер я зразумеў, што мы тут больш беларусы, чым былі ў Беларусі. Тут нас ідэнтыфікуюць як беларусаў, прымаюць — і пры гэтым ніхто не называе «здраднікамі». 

Спачатку я баяўся, што ў свае амаль 30 буду пачынаць з нуля, але цяпер разумею, што гэта не так. Я няблага жыву, выкарыстоўваю мінулы досвед і атрыманыя веды, працую на роднай мове ў добрай камандзе, планую навучанне ў Еўропе. Я малады і канкурэнтаздольны. Проста мне патрэбны час на адаптацыю», — разважае Дзмітрый. 

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

«Калі мае ж студэнты ўзялі ў мяне інтэрв’ю для вучэбнай газеты «ЖурФАКТЫ», кіраўніцтва факультэта зняло яго з друку» 

Для Дзмітрыя было нечаканасцю, што яго палітычная пазіцыя выклікала ў кіраўніцтва факультэта журналістыкі такую вострую рэакцыю. 

«Мне званілі і гаварылі: «Нікуды не хадзі, нічога не пішы, выдалі пасты, не падпісвайся пад петыцыямі», «Цябе апрацавалі, прамытыя мазгі». Уся мая суб’ектнасць, самастойнасць была пастаўленая пад сумнеў. 

Лічу, мая грамадзянская пазіцыя якраз не шкодзіць рэпутацыі ўніверсітэта, а вось пазіцыя тых, хто кажа, што фальсіфікацыі на выбарах — гэта норма, як і гвалт над людзьмі, — шкодзіць.

Да выбараў універсітэт мной ганарыўся. Але калі я даў зразумець, што не галасаваў за Лукашэнку і што гэта злачынства — страляць у маю аднакурсніцу Наташу Лубнеўскую падчас выканання ёю прафесійных абавязкаў, то мая рэпутацыя стала раптам дрэннай», — тлумачыць Нікановіч. 

«Калі мае ж студэнты ўзялі ў мяне інтэрв’ю для вучэбнай газеты «ЖурФАКТЫ», кіраўніцтва факультэта проста зняло яго з друку, бо я «здраднік». 

Аднойчы мне прапанавалі ўдзел у міжнароднай праграме PRINTEL па крэатыўных тэхналогіях навучання — магчымасць павысіць кваліфікацыю на анлайн-трэнінгах, якія арганізоўваліся на базе ўніверсітэта Барселоны. Ахвотных удзельнічаць асабліва не было, закрыў сабой «дзірку». Але праз нейкі час мне патэлефанавалі адказныя ад БДУ, якія самі ж мяне і запрасілі, і сказалі, што кіраўніцтва не ўхваліла маю кандыдатуру на ўдзел. 

Пасля мяне запрасілі на канцэрт «Дух Раства» ў Ліцэі БДУ, на якім я традыцыйна выступаў гадоў дзесяць запар. Але пасля патэлефанавалі з упраўлення па справах культуры БДУ, у якім я заўсёды меў добрую рэпутацыю, і сказалі, што не могуць уключыць мяне ў праграму выступоўцаў, бо я цяпер «непажаданая персона» для з’яўлення ў публічнай прасторы. Нібыта рэктар асабіста чытаў сцэнарый канцэрта і выкрасліў з яго маё прозвішча», — расказвае Дзмітрый. 

Дэканка факультэта журналістыкі, навуковая кіраўніца Дзмітрыя Вольга Самусевіч мела дачыненне да рэпрэсій у 2020-м і пазней. Восенню 2022-га яна звольнілася з факультэта. 

«Я памятаю яе як чалавека, які асабіста мяне падтрымліваў з майго 2-га курса. Яна заўсёды тлумачыла мне, што калі мы будзем усяго баяцца, то нармальна працаваць не зможам», — расказвае былы выкладчык. 

«Я свята верыў, што сітуацыю можна выправіць»

На журфак Дзмітрый Нікановіч паступіў у 2010-м. У часы яго студэнцтва майстар-класы на факультэце праводзілі журналісты як дзяржаўных, так і незалежных медыя. 

«Ад універсітэта я быў у адукацыйных паездках у Швецыі, Латвіі, Украіне, Італіі. Пасля ўжо мае студэнты ў 2020-м пыталіся, якія цяпер ёсць магчымасці для такога навучання. Мы разам смяяліся і плакалі, што гэта ўсё цяпер, па меркаванні ўлады, «недружэсцвенныя» краіны, — кажа ён. 

На вучэбную практыку студэнта Дзмітрыя Нікановіча, як выдатніка, у 2014-м накіравалі ў «СБ».

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

«Я пайшоў у аддзел культуры, бо разумеў, што гэта адзіная магчымасць не пісаць пра палітыку. Рэдактарам аддзела была Вікторыя Папова, якая, дарэчы, мяне ў тым самым эфіры з Алесяй Кузьмінавай і абмяркоўвала. У той час яна прапанавала мне пісаць калонкі ў жанры жыццёвых гісторый.

Я папісваў іх і пасля практыкі. Гэта былі бяскрыўдныя тэксты пра здарэнні з майго жыцця: як я перад уласным вяселлем згубіў пашпарт, як працаваў настаўнікам у гімназіі, як маёй маці дурылі галаву ў касметалогіі, каб яна рабіла дарагія працэдуры і купляла прэпараты… Дарэчы, за калонкі добра плацілі. Я, студэнт, мог набыць сабе, напрыклад, зімовы абутак на адзін ганарар.

Канешне, я разумеў, што ў «СБ» працуюць прапагандысты. Але тады там публікаваліся і Валянціна Лемцюгова, Таццяна Сулімава, Інэса Плескачэўская, Людміла Рублеўская, якіх я любіў чытаць (а газету чытаў увогуле, бо пісаў па ёй курсавыя, дыпломную). Здаецца, дзяржаўная прэса — пры ўсёй яе грэшнасці — тады не дазваляла сабе такога жаху, як цяпер. З «СБ» пасля 2020 таксама звольнілася шмат супрацоўнікаў.

Уявіце, я праходжу практыку ў «СБ» і адначасова, як артыст, даю інтэрв’ю «Белсату». Гэта нікім не было забаронена. А калі зрэдку супрацоўнічаў з газетай «Знамя юности», то браў інтэрв’ю ў Аляксандра Кныровіча і Naviband. І за гэта тады нікога не арыштоўвалі», — тлумачыць Дзмітрый.

У 2018-м і 2019-м Дзмітрый Нікановіч разам з іншымі выкладчыкамі журфака працаваў над навуковай тэмай па замове Міністэрства інфармацыі: прыходзілася ездзіць па «раёнках», праводзіць навучальныя семінары для журналістаў.

«Цяпер я разумею, што, відаць, Мінінфарм рыхтаваўся да выбараў, — кажа Дзмітрый.

— Чыноўнікі нам у прыватных размовах агучвалі, што ўзровень даверу да Tut.by вышэйшы за ўзровень даверу да дзяржаўных выданняў. Клапаціліся пра сваю рэпутацыю. Я па наіўнасці прыняў гэта за добрыя намеры, за жаданне канкураваць, адпавядаць часу і запытам грамадства. 

Мы сутыкнуліся тады з вялікай колькасцю праблем. Журналісты тлумачылі, што райвыканкамы — заснавальнікі раённых газет — самі робяць з іх афіцыёзныя бюлетэні. «Працаваць немагчыма, няма чым дыхаць».

Я свята верыў, што сітуацыю можна выправіць. Правакаваў галоўных рэдактараў, гаварыў ім, што моладзі іх газеты нецікавыя, што ў іх няма крытычных і нават проста праблемных матэрыялаў. Яшчэ гадоў 15 таму трэба было развіваць вэб-версіі, падцягваць дзяржаўную прэсу да нармальных стандартаў. Каб журналісты былі на баку аўдыторыі, вырашалі яе надзённыя праблемы, былі той самай «чацвёртай уладай», а не абслугоўвалі старшынь райвыканкамаў ці перадрукоўвалі стэнаграмы выступленняў Лукашэнкі. І многія былі згодныя з заўвагамі».

«У маёй аўдыторыі заўсёды было месца для ўсіх меркаванняў»

Восенню 2020-га, калі пачаўся навучальны год, Дзмітрый Нікановіч стараўся быць шчырым са сваімі студэнтамі. 

Па яго словах, было шмат студэнтаў з такой жа пазіцыяй, як і ў яго, яны падыходзілі і сам-насам дзякавалі выкладчыку за падтрымку. Іншыя паводзілі сябе асцярожна, маўчалі. 

«Ніякім чынам «не нашкодзілі рэпутацыі», у адрозненне ад мяне, — кажа Дзмітрый. —

На занятках мы адкрыта гаварылі пра дзеянні з боку ўлады, якія парушаюць нашы правы. Гэта пазней з’явіўся знакаміты тэзіс «не да законаў». А тады мы абураліся блакаваннем сайтаў, адключэннем інтэрнэту на тры дні пасля выбараў, унясеннем недзяржаўных выданняў у экстрэмісцкія спісы, арыштамі журналістаў.

Парушэннем Канстытуцыі, Закона аб СМІ і прафесійнай этыкі было, калі дзяржмедыя, што існуюць на нашы падаткі, не давалі пляцоўку для выказванняў людзям з поглядамі, адрознымі ад праўладных. Мы гэта абмяркоўвалі са студэнтамі, мне задавалі вострыя пытанні — і я галаву ў пясок не хаваў. 

У мяне была студэнтка Насця. Яшчэ да 2020 года яна супрацоўнічала з БТ, вяла там забаўляльную рубрыку. Пасля выбараў яна ведала пра маю пазіцыю, але расказала, як пратэстоўцы пісалі ёй пагрозы проста за сувязь з БТ. Дапускаю, што такія пагрозы былі. Насця, відаць, зрабіла выснову, што з пратэстоўцамі ёй не па дарозе. Працягнула будаваць кар’еру на тэлебачанні.

Я не адчуў, што яна спачувае людзям з маімі поглядамі ці, напрыклад, майму стрыечнаму брату, якога проста так схапілі на вуліцы людзі ў балаклавах і моцна пабілі яшчэ ў першыя тыдні пасля выбараў. Мы працягвалі камунікаваць падчас заняткаў, яна заўсёды дзякавала мне за асабліва цікавыя лекцыі. Канешне, на заліку я ацэньваў яе, як і ўсіх маіх іншых студэнтаў, падкрэслена непрадузята».

Большасць студэнтаў да апошняга падтрымлівала выкладчыка. Некаторыя развітваліся з ім са слязамі.

Дзмітрый Нікановіч па-ранейшаму лічыць, што на журфаку на той момант заставалася многа добрых студэнтаў. І згадвае, што шмат было адлічана.

«Мне нават расказвалі калегі, якія мелі доступ да лічбаў, што гэта быў звышнатуральны працэнт, такога ніколі не было. Адлічвалі, але студэнты і забіралі дакументы самі», — расказвае ён. 

У апошнія месяцы працы Дзмітрыя выклікалі да кіраўніцтва і паведамілі: паступіла інфармацыя, што ён дапускае ў аўдыторыі выказванні з «недзяржаўнай пазіцыяй у дачыненні да сітуацыі ва Украіне». 

«На занятках у нас са студэнтамі зайшла размова і мы пачалі разбіраць, якія менавіта дзеянні адны медыя называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», а іншыя — вайной. Калі што, тэмай заняткаў было паняцце рэдакцыйнай палітыкі.

Я задаў, на першы погляд, лёгкае пытанне: як жа завецца з’ява, калі адна дзяржава нападае на іншую і захоплівае яе тэрыторыі, і чакаў адказаў. 

У маёй аўдыторыі заўсёды было месца для ўсіх меркаванняў.

Адзін са студэнтаў, здаецца, ён прыехаў вучыцца з Расіі, сказаў, што такая з’ява завецца СВА. Я яму асцярожна адказаў, што, відаць, ён будзе працаваць у выданні, у якім гэта будзе пунктам рэдпалітыкі. Іншыя студэнты сказалі, што «вайна і ў Афрыцы вайна».

Тое, што я не спыніў дыскусіі і не даў «правільнага адказу», напэўна, палічылі з майго боку «выхадкай», — расказвае выкладчык.

Фота: сацсеткі

Фота: сацсеткі

«Калі кітайцаў адлічым, у выкладчыкаў не будзе нагрузкі»

На журфаку традыцыйна вучацца і кітайскія студэнты. Большасць з іх дрэнна разумеюць рускую мову. 

«У апошнія гады маёй працы іх стала шмат, на некаторых курсах ледзь не палова. Рабіў ім коміксы-малюнкі, даваў слайды з тэкстам, заганяў у перакладчык тэкст, каб праз камп’ютар агучыць на кітайскай мове. Можна сказаць, чытаў лекцыі па-кітайску.

На экзамене шмат каму паставіў адзінкі, двойкі, адправіў на пераздачы. Калі кіраўніцтва ўбачыла, колькі кітайцаў патэнцыйна адлічыцца, папрасіла мяне збавіць абароты. «Калі кітайцаў адлічым, у выкладчыкаў не будзе нагрузкі, а яна для многіх — асноўная». Вырашыў не псаваць перад сваім адыходам камусьці жыццё, паставіў чацвёркі».

«Азаронак, Мукавозчык і Эйсманты не вучыліся на журфаку»

Дзмітрый лічыць, што выкладчык адказны за тое, каб студэнты арыентаваліся ў медыяпрасторы і ведалі пра сітуацыю ў краіне ў цэлым. 

«Калі выкладчык дасканала валодае сучаснай тэорыяй журналістыкі, міжнародным заканадаўствам, прафесійнай этыкай і стандартамі, то ён не можа гаварыць: праўладныя медыя «добрыя», а прыватныя, незалежныя — «дрэнныя». Не можа быць аналогіі з «савецкімі» СМІ і «антысавеччынай». Але такая ангажаванасць, спрошчанасць на журфаку сустракалася. Мы, калі былі студэнтамі, з такога толькі смяяліся, ставіліся да гэтага легкадумна».

Дзмітрый лічыць, што тое, якім журналістам стане студэнт, ад выкладчыка на сто адсоткаў не залежыць. Ёсць ціск сістэмы. Але ёсць яшчэ і характар, асабістыя здольнасці студэнта, фактар сям’і, атачэння, уплыў першай рэдакцыі і настаўнікаў-практыкаў.

«Сярод маіх студэнтаў была і Глафіра Жук, якая яшчэ падчас вучобы пайшла працаваць у «Народную Волю», і Марыя Пятрашка, якая «зрабіла сабе імя» на БТ. Калі я адказны за тое, што Пятрашка цяпер робіць у эфіры, то мяне, відаць, трэба пакараць. Яна калісьці атрымала ў мяне залік па гісторыі журналістыкі». 

Па меркаванні Дзмітрыя, журфак не павінен адказваць за якасць усіх беларускіх СМІ. 

«Прашу прабачэння, Азаронак, Мукавозчык, Наталля і Іван Эйсманты ніколі не вучыліся на журфаку», — разважае ён. — Канешне, сярод прапагандыстаў ёсць выпускнікі журфака. Але выпускнікі журфака ёсць і сярод журналістаў незалежных медыя, што цяпер знаходзяцца ў выгнанні. Звольнены ў 2020 годзе прэс-сакратар Купалаўскага Коля Заяц — мой студэнт. Яшчэ савецкі журфак БДУ скончыла нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч — і гэта не перашкодзіла ёй паказаць у сваіх творах найгоршыя праявы «чырвонага чалавека».

«Цяпер факультэт як ніколі дагэтуль у незалежнай Беларусі падпарадкаваны волі сістэмы, — лічыць Дзмітрый. —

Калі Лукашэнка, уручаючы дыпломы дактарам навук, у прысутнасці загадчыка кафедры журфака заяўляе, што ідзе інфармацыйная «вайна» і журналісты на ёй — «салдаты» (і, атрымліваецца, павінны абіраць бок, шукаць акоп, узбройвацца, наносіць шкоду, раны і «забіваць мірных жыхароў», не звяртаючы ўвагі нават на «правілы вядзення вайны», выкарыстоўваючы ўсе сродкі), то тут журналістыкі няма і быць не можа». 

Чытайце таксама: 

Сціранне памяці. Сайт «Прессбола» заблакавалі за архіўнае фота «нелаяльнага» футбаліста

Грошы з рэкламы не ў дзяржСМІ будзе атрымліваць і журфак БДУ — новы ўказ Лукашэнкі

Што за «акцёры» здымаліся ў фільме АНТ пра «тэракт» на 9 Мая? Расказваем

Хто тая вядоўца БТ, што бярэ інтэрв'ю ў палітвязняў і просіць іх выбачацца ў эфіры

Клас
62
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
10
Абуральна
18

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?