Даследчыцы ўдалося адшукаць у архіве метрычны запіс пра шлюб прадзеда песняра, двараніна Рамуальда Барткевіча, юнака 23 гадоў, з дваранкай Антанінай Дабужынскай, дзяўчынай 22 гадоў, які адбыўся 9 красавіка 1874 года па старым стылі ў панявежскім касцёле. З Панявежа (цяпер горад Панявежыс у цэнтральнай частцы Літвы) паходзілі абое маладыя. 

У гэтым шлюбе нарадзілася пяцёра дзяцей: Рычард (1881), Марыя (1883), Іван (1886), Феліцыя (1892), Ядвіга (1896). Менавіта ад шлюбу старэйшага сына Рычарда з Ганнай з Майкоўскіх народзіцца ў 1925 годзе Леанід — бацька будучага песняра. 

Сямёра дзяцей Рычарда Барткевіча над труной сваёй маці Ганны, 1934. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Сямёра дзяцей Рычарда Барткевіча над труной сваёй маці Ганны, 1934. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Рычарда Рамуальдавіча, які жыў у Менску па адрасе вуліца Старажоўская, дом № 43, сталінскія карнікі арыштуюць у пачатку 1933 года і за антысавецкую агітацыю прысудзяць яму пяць гадоў папраўча-працоўных лагераў. Жонка Рычарда Рамуальдавіча памрэ ў наступным 1934 годзе. Сіротамі застанецца сямёра дзяцей. 

«Жанчына ў чорным» — Марыя Рамуальдаўна Крачэўская з Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

«Жанчына ў чорным» — Марыя Рамуальдаўна Крачэўская з Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Да гэтай знаходкі даследчыцы краязнавец Сяргей Кнырэвіч, які жыве ў Празе, апублікаваў фота Марыі Рамуальдаўны Барткевіч, за які яна і «зачапілася» ў сваіх пошуках. Як высветлілася, Марыя ў анкеце, знойдзенай Кнырэвічам, пазначыла той жа мінскі адрас, што фігуруе ў картцы рэпрэсаванага Рычарда. Гэта ўжо не магло быць супадзеннем. І менавіта праз Марыю, сястру свайго дзеда Рычарда, саліст «Песняроў» павязаны сваяцтвам з дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пётра Крачэўскі, старшыня Рады БНР і стрыечны дзед песняра Леаніда Барткевіча. Фота: Wikimedia Commons

Пётра Крачэўскі, старшыня Рады БНР і стрыечны дзед песняра Леаніда Барткевіча. Фота: Wikimedia Commons

Рэч у тым, што Марыя ўзяла шлюб з Пётрам Крачэўскім. Цікава, што яна была каталічкай, а муж паходзіў з дынастыі праваслаўных святароў.

Крачэўскі стаяў ля самых вытокаў беларускай дзяржаўнасці і быў удзельнікам лёсавызначальнага Усебеларускага з’езда ў 1917 годзе. Пасля разгону з’езда ён увайшоў у Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, які пазней быў перайменаваны ў Раду БНР. У выканаўчым органе новай беларускай дзяржавы, Народным сакратарыяце Беларусі, Крачэўскі займаў пасаду народнага сакратара (міністра) фінансаў. 

Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі са сваёй жонкай Марыяй і дзяржаўным сакратаром урада БНР Уладзімірам Пракулевічам на сустрэчы беларускага нацыянальнага актыву ў Празе да 40-х угодкаў смерці В. Дуніна-Марцінкевіча, 30 снежня 1924 г. Фота: Wikimedia Commons

Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі са сваёй жонкай Марыяй і дзяржаўным сакратаром урада БНР Уладзімірам Пракулевічам на сустрэчы беларускага нацыянальнага актыву ў Празе да 40-х угодкаў смерці В. Дуніна-Марцінкевіча, 30 снежня 1924 г. Фота: Wikimedia Commons

З канца 1919 года Пётра Крачэўскі быў старшынёй Рады БНР. З 1920 года — у эміграцыі ў Празе, дзе разам са старшынёй апынулася ў выгнанні і знаходзіцца дагэтуль Рада БНР. Тут ён склікаў Усебеларускую канферэнцыю, якая асудзіла ганебны для беларусаў Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Крачэўскі дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, якімі скарысталіся многія заходнебеларускія дзеячы.

У 1928 годзе Пётра Крачэўскі памёр і быў пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках. Вядома, што ўдава збірала сродкі на надмагільны помнік мужу, але застаецца загадкай, калі яна сама памерла і дзе пахаваная.

У 1920-я гады з’едуць з краіны і малодшыя сёстры Рычарда — Феліцыя і Ядвіга. Іх далейшы лёс таксама невядомы.

Генеалагічнае дрэва Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Генеалагічнае дрэва Барткевічаў. Фота: фэйсбук-суполка «Запісы беларусаведа»

Сын жа Рычарда, Леанід, пройдзе Другую сусветную вайну і ад атрыманых на фронце раненняў заўчасна памрэ за два месяцы да нараджэння сына. Відаць, праз цяжкую для маці страту хлопчык нарадзіўся раней за тэрмін — 25 мая 1949 года. Дактары былі ўпэўненыя, што ён не працягне доўга, але маці здолела яго выхадзіць. Хлопчыка назвалі ў гонар памерлага бацькі Леанідам. Пасталеўшы, ён кіне архітэктуру, якой вучыўся, і ў 1969 стане салістам звышпапулярных «Песняроў».

Леанід Барткевіч, Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок, 1970. Фота: кніга «Песняры» и Ольга»

Леанід Барткевіч, Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок, 1970. Фота: кніга «Песняры» и Ольга»

Леанід Леанідавіч таксама пакіне і прыкметны генеалагічны след: у кожным з трох шлюбаў у яго народзіцца па сыне, яшчэ адзін — ад пазашлюбнай сувязі з фанаткай. Дарэчы, свайго другога сына ад беларускай гімнасткі Вольгі Корбут ён назаве Рычардам у гонар свайго рэпрэсаванага дзеда.

Леанід Барткевіч памёр у 2021 годзе. Ëн, які доўгія гады пражыў у асяроддзі беларускай дыяспары ў ЗША і шмат спяваў у беларускіх асяродках, не мог і падумаць, што Рада БНР, якая знаходзіцца ў выгнанні з часоў старшынства ягонага дзеда, будзе прызнаная карнымі органамі рэжыму Лукашэнкі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Чытайце таксама:

«Ён не мог без музыкі». У Мінску развітваюцца з Леанідам Барткевічам ФОТЫ 

БНР: хто ўваходзіў у першы беларускі кабмін 

У серыяле пра «Песняроў» заблюрылі сцэны з акцёрам-купалаўцам. Проста паглядзіце на гэтыя кадры 

Стары хіт «Песняроў» увайшоў у саўндтрэк да камп'ютарнай гульні

Савецкая дачка прэзідэнта БНР

Клас
44
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
9
Сумна
7
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?