Праграма развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі аб'явіла аб прызначэнні стыпендый Фонду Марыі Шарапавай у Беларусі. Пра гэта паведаміў каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ПРААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч.

Паводле яго слоў, стыпендыя прызначана тром студэнтам з Беларусі на пяцігадовы курс навучання ў ВНУ.

Стыпендыятамі з'яўляюцца выхадцы з раёнаў Беларусі, пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Яны будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў галіне выяўленчага мастацтва і музыкі: двое ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і адзін ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Стыпендыяты былі выбраныя Фондам Марыі Шарапавай з ліку прэтэндэнтаў са спісу, падрыхтаванага прадстаўнікамі ВНУ сумесна з ПРААН і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі (каардынатарам рэалізацыі чарнобыльскіх праграм у Беларусі), па такіх крытэрыях, як дасягненні ў вучобе і творчыя перспектывы. На працягу чатырох гадоў стыпендыі будуць прызначацца штогод тром новым студэнтам. Першыя стыпендыяты ўжо распачалі заняткі ў верасні 2009 года.

Праграма стыпендый была адкрыта ў верасні 2008 года як сумесная ініцыятыва Фонду Марыі Шарапавай і ПРААН, з якой тэнісістка супрацоўнічае ў якасці пасла добрай волі.

На працягу першых чатырох гадоў рэалізацыі праграмы, агульны аб'ём фінансавання якой складае 210 тысяч даляраў ЗША, будзе прызначана дванаццаць стыпендый на атрыманне адукацыі ў галіне выяўленчага мастацтва і музыкі.

Тэнісістка вырашыла спансіраваць адукацыю ў галіне выяўленчага мастацтва і музыкі, паколькі лічыць, што гэтай сферы ведаў часам не надаецца належнай увагі ў сістэме адукацыі.

Раней Фонд Марыі Шарапавай ужо зрабіў унёсак у памеры 100 тысяч даляраў ЗША ў сем праектаў ПРААН, накіраваных на аказанне дапамогі моладзі з раёнаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?