Кіраўнік літоўскай кампаніі сказаў, што заказ паступіў летась, аднак ніякіх падазрэнняў ён не выклікаў, бо беларусы прыкрываліся амерыканскай кампаніяй. «У кампаніі ёсць свае філіялы ў Іспаніі, на Кіпры і ў ААЭ, яны прасілі спраектаваць крыло баявога дрона. Гэтую працу ў свеце выконваюць каля 10 000 кампаній, тут няма нічога эксклюзіўнага. Грузавыя дроны ўжо цяпер перавозяць грузы, гэта простая справа. Мы падпісалі з імі кантракт, атрымалі аванс і пачалі працу», — сказаў старшыня праўлення кампаніі Sportinės aviacijos Сігітас Бесагірскас.

Беларусы прасілі не толькі спраектаваць крылы, але і навучыць іх масавай вытворчасці. Падазрэнні ў літоўцаў з'явіліся тады, калі банк не прапусціў другі аванс. Агульная сума дамовы складае 600 000 еўра. Першы аванс быў 20 000 еўра.

«Пачаў з намі размаўляць па-руску чалавек з расійскім прозвішчам. Калі мы спыталі, як ён звязаны з нашымі заказчыкамі, ён сказаў, што з'яўляецца ўладальнікам кампаніі і жыве ў Беларусі, што кампанія беларуская, але яны ўсё вырабляюць для войска NATO», — распавёў Бесагірскас. Тады Бесагірскас звярнуўся ў Дэпартамент дзяржбяспекі.

Цяпер усе сувязі і кантакты з беларускай кампаніяй спыненыя. Старшыня праўлення Sportinės aviacijos сказаў, што не цікавіўся, для чаго будуць выкарыстоўваць грузавыя дроны. Але прызнаў, што яны могуць пераносіць выбухоўку. «Могуць несці пірагі, прадукты з крамы дадому. А могуць пераносіць і дрэнныя грузы. Як і машына — можна загрузіць у яе выбухоўку, а можна палатку», — сказаў ён.

СМІ высветлілі, што даччыная кампанія, якой прыкрываліся беларусы, можа ўдзельнічаць у пастаўках Расіі іранскіх дронаў.

Бесагірскас назваў сітуацыю правакацыяй і заўважыў, што ўжо раней паступаў заказ ад іншых беларусаў для ўкраінскай арміі.

Па словах кіраўніка парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынаса Кашчунаса, кампаніі не павінны чакаць, калі выбухне скандал, а самі пазбягаць правакацый. «Можна пракансультавацца з камісіяй, якая правярае тавары падвойнага прызначэння на прадмет адпаведнасці экспартным патрабаванням. Там ёсць і прадстаўнікі ДДБ, і іншых службаў, якія могуць адказаць, ёсць небяспека ці не», — сказаў дэпутат.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
6