Музей Gruenes-gewoelbe. Фота: Gruenes-gewoelbe.skd.museum

Музей Gruenes-gewoelbe. Фота: Gruenes-gewoelbe.skd.museum

Тады банда ўварвалася ў гарадскі музей Дрэздэна і вынесла адтуль рэдкія каштоўнасці, якія захоўваліся ў ім, на 113 мільёнаў еўра.

Паліцыі ўдалося знайсці большую частку выкрадзенага, уключаючы інкруставаны дыяментамі меч. Ёсць асцярогі, што астатняя частка выкрадзенага можа быць страчаная назаўжды.

Усім абвінавачаным, якія ўваходзяць у знакамітую ў Нямеччыне сямейную крымінальную сетку, пагражае ад чатырох да шасці гадоў турмы, піша Бі-бі-сі.

Пасля расследавання, якое доўжылася цэлы год, паліцыя зрабіла першыя арышты. Усе падсудныя — члены так званага «клана Рэмо». У Нямеччыне існуе некалькі «кланаў» — сямейных сетак з арабскімі каранямі, адказных за буйныя арганізаваныя злачынствы, у тым ліку за налёт на ўнівермаг і рабаванне банка.

Адзін з дрэздэнскіх рабаўнікоў раней быў асуджаны за крадзеж гіганцкай залатой манеты вагой 100 кг з Берлінскага музея Бодэ ў 2017 годзе. Манета так і не была знойдзена і, як мяркуюць, яе пераплавілі на метал.

«Ёсць людзі, якія крадуць творы мастацтва з павагі да мастацтва, але ў гэтым выпадку ўсё было наадварот, — кажа Марыён Акерман, генеральны дырэктар Дрэздэнскіх дзяржаўных мастацкіх калекцый. — Яны не мелі ні найменшага ўяўлення, што яны выкралі».

Дрэздэнскую скарбніцу Grünes Gewölbe («Зялёныя скляпенні»), дзе захоўваецца самая вялікая ў Еўропе калекцыя ювелірных вырабаў і каштоўнасцяў, абрабавалі ў 2019 годзе. Гэта было найбуйнейшае рабаванне ювелірных сховішчаў у сучаснай гісторыі.

Эксперты выказвалі асцярогі, што, падобна залатой манеце, скрадзеныя каштоўнасці страчаныя назаўжды.

Аднак трое арыштаваных прызналіся ў крадзяжы і пагадзіліся абвясціць месцазнаходжанне нарабаванага ў абмен на больш мяккія прысуды ў рамках угоды з пракурорамі.

У агульнай складанасці на сваё месца ў музеі вярнуўся 31 прадмет, аднак некаторыя каштоўнасці па-ранейшаму лічацца зніклымі, уключаючы вельмі рэдкі алмаз пад назвай «Белы камень Саксоніі».

Гэта было старанна спланаванае рабаванне.

Рабаўнікі некалькі разоў наведвалі будучае месца злачынства і загадзя падрыхтавалі месца, каб пракрасціся ўнутр, распілаваўшы гідраўлічным разаком пруты аконнай рашоткі, а затым заклеіўшы іх скотчам.

Каля 5 раніцы 25 лістапада 2019 года зламыснікі падпалілі энергападстанцыю, каб часова пакінуць музей без электрычнасці і адключыць сігналізацыю, адагнулі краты на акне першага паверха і праніклі ўнутр.

На запісе з камеры відэаназірання відаць, як двое мужчын праціскаюцца ў вузкую адтуліну, затым адзін з іх уваходзіць у выставачную залу з сякеркай.

Паліцыя была на месцы ўжо праз пяць хвілін, але рабаўнікі паспелі схавацца, захапіўшы тры наборы ювелірных вырабаў з дыяментамі, сапфірамі, смарагдамі і рубінамі. У кожным з набораў было па 37 прадметаў.

Сярод выкрадзенага была шпага з эфесам, інкруставаным дзевяццю буйнымі і 770 дробнымі дыяментамі, і аксельбант, упрыгожаны 49-каратным белым дыяментам.

Іншы знакаміты экспанат, які захоўваўся ў тым жа памяшканні, 41-каратны «Дрэздэнскі зялёны брыльянт», у парадку музейнага абмену знаходзіўся на экспазіцыі ў нью-ёркскім музеі Метрапалітэн.

Прэса тады пісала, што выкрадзеныя шэдэўры настолькі вядомыя, што прадаць іх немагчыма.

Улады абяцалі ўзнагароду ў 500 тысяч еўра за інфармацыю пра злачынцаў і месцазнаходжанне скарбаў. Ці была яна каму-небудзь выплачаная, невядома.

Дзёрзкасць рабавання ўзрушыла свет мастацтва. Але ўзлом таксама падняў пытанні аб адэкватнасці мер бяспекі музея.

Нават адзін са злодзеяў падчас судовага разбору выказаў здзіўленне тым, што ім удалося перапілаваць аконныя рашоткі, нікога не патрывожыўшы, нягледзячы на шум.

Чытайце таксама:

У Дрэздэне абрабавалі вядомы музей: страты могуць скласці 1 мільярд еўра

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1