Бамбасховішча ў Кіеве

Бамбасховішча ў Кіеве

Згодна з перададзеным у суд абвінаваўчым заключэннем, Марціна Беднарава на ўроку ў красавіку 2022-га года пераконвала сваіх 13-14-гадовых вучняў у прыватнасці ў тым, што ўкраінскія вайскоўцы адкрыта вызнаюць неанацызм, здзіраюць скуру з рускамоўных жыхароў краіны, у тым ліку з дзяцей, і спальваюць іх жыўцом.

Акрамя таго, Беднарава казала, што ў Кіеве «няма вайны». У доказ гэтых слоў яна заявіла вучням, што бачыла кадры з кіеўскіх вэб-камер, якія дэманструюць, што ў горадзе няма баёў.

У самім Кіеве баі былі толькі ў самыя першыя дні вайны, але цяжкія бітвы ішлі ў яго прыгарадах, а акрамя таго, сталіца падвяргалася ракетным ударам.

Калі некаторыя вучні сталі пярэчыць настаўніцы і казаць, што па чэшскай тэлевізіі паказвалі кадры з палаючымі дамамі ў Кіеве, Беднарава рэкамендавала ім атрымліваць інфармацыю з іншых крыніц і заявіла, што чэшскае тэлебачанне належыць бізнэсоўцу і філантропу Джорджу Сорасу (што таксама не адпавядае рэчаіснасці), дадаўшы: «Мы ж ведаем, перад кім ён [Сорас] дае справаздачу».

Амерыканскі мільярдэр венгерскага паходжання Джордж Сорас фінансава падтрымлівае прасоўванне ліберальных каштоўнасцяў ва ўсім свеце і таму з'яўляецца адной з улюбёных мішэняў у канспіралогіі і змагароў з уплывам ЗША і лібералізмам.

Адзін з вучняў таемна запісаў выказванні настаўніцы на ўроку і даў паслухаць гэты запіс сваім бацькам. Апошнія звярнуліся ў школу, пасля чаго Беднарава была звольненая за грубае парушэнне правілаў паводзін. Настаўніца спрабавала аспрэчыць звальненне ў судзе, але прайграла.

Пракуратура выставіла Беднаравай абвінавачванне па артыкуле аб адмаўленні або адабрэнні генацыду. Калі яе прызнаюць вінаватай, ёй пагражае ад паўгода да трох гадоў зняволення.

Беднарава адхіляе абвінавачванні і сцвярджае, што распавядала сваім вучням пра рэальныя факты. Акрамя таго, яна кажа, што вучань запісаў толькі 18 хвілін з 45-хвіліннай дыскусіі, і яе словы аказаліся вырванымі з кантэксту.

Вайна, развязаная Расіяй супраць Украіны, і прапагандысцкая кампанія, якая суправаджае гэту агрэсію, штурхаюць Чэхію да перагляду межаў свабоды слова, і справа супраць Беднаравай — ужо не першы такі выпадак у краіне.

У прыватнасці, зусім нядаўна, у красавіку, жыхар Чэхіі атрымаў шэсць месяцаў зняволення ўмоўна, штраф і забарону на год прыязджаць у Прагу за тое, што ён прыйшоў на антыўрадавую дэманстрацыю з сімвалам «Z» і нашыўкай ПВК «Вагнер». Прысуд гэтаму чалавеку быў вынесены па тым жа артыкуле, па якім выстаўленыя абвінавачванні Беднаравай.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
5