21-гадовы Тэйшэйра знаходзіўся на службе ў выведвальным крыле Нацыянальнай гвардыі ВПС штата Масачусетс. Ён мадэраваў чат Thug Shaker Central, у якім камунікавала ад 20 да 30 чалавек. У асноўным гэта былі падлеткі.

Журналісты пагаварылі з чатырма ўдзельнікамі чата. Адзін з якіх сказаў, што ведае чалавека, які зліў інфармацыю, як мінімум тры гады. Суразмоўцы выдання апісвалі яго як чалавека старэйшага, чым большасць чальцоў групы, і як «бясспрэчнага лідара». У размове з журналістамі яны называлі яго псеўданімам OG.

Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што OG меў доступ да разведвальных дакументаў дзякуючы сваёй працы. Хоць яны не называлі яго па імені, лічбавы след вядзе менавіта да Тэйшэйра, сцвярджае выданне.

Адзін з падлеткаў, якія былі ў чаце, нібыта размясціў дакументы на агульнадаступным анлайн-форуме, пасля чаго дакументы падхапілі рускамоўныя тэлеграм-каналы.

Незразумела, ці мог малады нацгвардеец мець доступ да такога ўзроўню сакрэтнасці, аднак чыноўнікі ва ўрадзе ЗША, якія маюць допуск да сакрэтных даных, часта атрымліваюць такія дакументы па электроннай пошце, адзначыў адзін чыноўнік у размове з журналістамі. 

Маці лётчыка, з якой гаварылі журналісты, сказала, што нядаўна ён працаваў у начную змену на базе Кейп-Код. Паводле яе, апошнія некалькі дзён хлопец змяніў нумар тэлефона. З журналістамі ён гаварыць адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што яму патрэбны адвакат.

Два амерыканскія чыноўнікі ў размове з журналістамі пацвердзілі, што следчыя плануюць пагаварыць з Тэйшэйра пра ўцечку ўрадавых дакументаў у чат.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у чацвер заявіў, што яго турбуе сам факт уцечкі, але не важнасць агучаных дакументаў: «Наколькі я ведаю, там няма нічога, што мела б вялікія наступствы». Ён дадаў, што амерыканскія спецслужбы блізкія да таго, каб знайсці вінаватага.

Чытайце таксама:

Дакументы з Пентагона зліў карыстальнік пад нікам OG — WP

Клас
9
Панылы сорам
12
Ха-ха
10
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4