Мікалай Яроменка-старэйшы (злева), Мікалай Яроменка-малодшы і Галіна Арлова. Фота: сацыяльныя сеткі

Мікалай Яроменка-старэйшы (злева), Мікалай Яроменка-малодшы і Галіна Арлова. Фота: сацыяльныя сеткі

На адсутнасць надгробка на магіле славутых акцёраў звяртаюць ўвагу наведнікі некропаля. На яго месцы цяпер пустка. Стаіць толькі крыж па Галіне Арловай, а на ім пачэпленыя шыльды з датамі жыцця акцёраў, што былі кумірамі сваіх пакаленняў.

Народная артыстка Беларусі Галіна Арлова памерла ў 2021 годзе. Яна маці Мікалая Яроменкі-малодшага і жонка Мікалая Яроменкі-старэйшага.

Як высветліла «Наша Ніва», помнік Яроменкам быў дэмантаваны ў 2021 годзе. 

«Дырэктар Купалаўскага тэатра сказаў, што Галіну Арлову трэба хаваць побач з мужам і сынам. Таму было вырашана разабраць помнік. Цяпер ён на тэрыторыі Тэатра імя Янкі Купалы. Але працэс яго вяртання на месца расцягнуўся», — расказалі нам.

Магіла бацькі і сына Яроменкаў і Галіны Арловай цяпер непаглядная

Магіла бацькі і сына Яроменкаў і Галіны Арловай цяпер непаглядная

Рашэнне аб дэмантажу помніка не было ўзгоднена з роднымі нябожчыкаў, таму яны адмовіліся фінансаваць яго рэстаўрацыю. Неразбярыха з пытаннем, адкуль браць сродкі, зацягнула працу і вяртанне помніка на месца.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч распарадзіўся скарыстацца грашыма з фондаў Тэатра імя Янкі Купалы.

У тэатры запэўнівалі, што рэстаўрацыйныя працы з помнікам працягваюцца і ахвяраванняў ад грамадзян не патрабуецца.

На вернутым помніку Яроменкам будзе пазначана і Галіна Арлова.

Магіла акцёраў Яроменкаў да дэмантажу помніка. Фота: Wikimedia Commons

Магіла акцёраў Яроменкаў да дэмантажу помніка. Фота: Wikimedia Commons

Мікалай Яроменка-старэйшы памёр у Мінску 30 чэрвеня 2000 года 84-гадовым ад сардэчнага прыступу. Ëн народны артыст Беларусі, у яго даробку дзясяткі роляў у тэатры і кіно. Палітычна ён быў адданым лукашэнкаўцам, за што яго пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 года прызначылі на сінекуру ў Савет Рэспублікі першага склікання.

Мікалай Яроменка-малодшы памёр у Маскве 27 мая 2001 года ў 52-гадовым веку ад інсульту. З 1976 года быў акцёрам расійскай кінастудыі імя Горкага. Славутым ён стаў пасля адной з галоўных роляў у савецкім баевіку «Піраты ХХ стагоддзя», а таксама ў прыгодніцкім серыяле «У пошуках капітана Гранта». Як і ў бацькі, у яго дзясяткі роляў у кіно. У год смерці ён стаў дарадцам па культуры пасольства Беларусі ў Маскве.

Галіна Арлова памерла 21 жніўня 2021 года ў Мінску ў 92 гады. Яна народная артыстка Беларусі. Усю сваю акцёрскую кар’еру адпрацавала ў Купалаўскім тэатры. Яна не была вядомай, як муж і сын. Галоўныя свае ролі адыграла на тэатральнай сцэне.

Яроменкі і Арлова пахаваныя на алеі з магіламі знаных беларускіх акцёраў на Усходніх могілках.

Глядзіце таксама:

У Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы набралі акцёраў з Расіі

«Квіткоў было не купіць!» Што за спектакль з аншлагам прэзентавалі «Купалаўцы»

Ніхто не ведаў яе сапраўднага імя. Таямніца Галіны Макаравай

Клас
2
Панылы сорам
11
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
17
Абуральна
9