Франак Вячорка працуе ў кулуарах Мюнхенскай канферэнцыі. Фота з ягонага фэйсбука

Франак Вячорка працуе ў кулуарах Мюнхенскай канферэнцыі. Фота з ягонага фэйсбука

Сярод галоўных вынікаў удзелу Святланы Ціханоўскай у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вячорка адзначыў тое, што

выразна прагучала акрэсленне геапалітычнага кірунку будучай Беларусі — выхад краіны з АДКБ і Саюзнай дзяржавы. Аказваецца, не ўсе на Захадзе разумеюць, што гэта неабходна. Для многіх Беларусь з'яўляецца часткай рускага свету і ім здаецца, што беларусам нармальна быць з Расіяй.

Другі важны момант — актывізацыя працы па стварэнні міжнароднай кааліцыі з дэмакратычнай незалежнай Беларуссю. Ёсць пяць-шэсць кандыдатаў, якія могуць яе ініцыяваць, дасягнуты прагрэс з пашпартамі новай Беларусі.

На Мюнхенскай канферэнцыі Святлана Ціханоўская звяртала ўвагу на праблему гібрыднай акупацыі Беларусі. Франак Вячорка кажа, што гэты тэрмін дазваляе правільна ахарактарызаваць тое, што адбываецца ў краіне.

Так, юрыдычна Беларусь як бы не акупаваная. Але ў інфармацыйнай прасторы адбываецца захоп поля расійскімі медыя. У фінансава-эканамічнай прасторы назіраецца абсалютнае дамінаванне расійскай эканомікі. Выцясняецца заходні бізнэс і на яго месца прыходзіць расійскі. У культурнай прасторы дамінуе Расія. Да гэтага трэба дадаць 12 тысяч расійскіх вайскоўцаў.

Кабінет Ціханоўскай пастаянна падкрэслівае, што вайна не будзе скончаная да таго моманту, пакуль Беларусь не стане свабоднай. Гэта тое, што не заўсёды разумеюць заходнія партнёры.

Можна выцесніць расійскія войскі з Данбаса, яны могуць пакінуць Крым. Але пакуль яны будуць на тэрыторыі Беларусі, пакуль тут будзе кіраваць Лукашэнка, пакуль Беларусь будзе перажываць такую гібрыдную акупацыю — вайна не будзе скончаная.

Падчас размовы таксама не абышлі ўвагай і неабвешчаны візіт Джо Байдэна ў Кіеў.

У афіцыйных заявах амерыканскага прэзідэнта тэма Беларусі не прагучала. З аднаго боку, гэта дрэнна, але з іншага — мае свае плюсы, мяркуе дарадца Ціханоўскай.

Бо ў размовах з украінцамі Беларусь выступае як агрэсар, якога трэба ізаляваць і пакараць. А паколькі кабінет Святланы Ціханоўскай усімі спосабамі імкнецца аддзяліць Беларусь ад Расіі, то такі падыход не заўсёды дапамагае гэтаму.

Кабінет Святланы Ціханоўскай падтрымлівае з амерыканскімі ўладамі кантакты на ўзроўні намеснікаў дзяржсакратара ЗША і яго памочнікаў. У амбасадзе ЗША ў Вільні ёсць беларуская структура, якая складаецца з супрацоўнікаў, якія пераехалі з Мінска пасля закрыцця там амбасады ў 2022-м.

На прамову Байдэна падчас візіту ў Варшаву запрошаныя прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета. Гэта мае вялікае значэнне, мяркуе Вячорка.

Рыхтуецца візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон для ўдзелу ў канферэнцыі Каліноўскага. Сярод удзельнікаў будзе былая спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі, кіраўнікі Кангрэса ЗША.

Канферэнцыя будзе адбывацца ў той тыдзень, на які прыпадае 25 сакавіка, і гэта будзе добрая нагода нагадаць аб праблемах незалежнасці Беларусі.

Прайшло ўжо 29 гадоў з моманту першага і апошняга візіту прэзідэнта ЗША ў Мінск. А ці можа ў Мінск прыляцець Байдэн? Наступны візіт можна чакаць толькі пасля перамогі дэмакратыі ў Беларусі і перамогі ў вайне Украіны, кажа Вячорка.

Увага да Беларусі ў тых умовах будзе доўгатэрміновай. Гэта звязана з неабходнасцю аднаўлення, укаранення новай структуры бяспекі, рэалізацыі новага «плана Маршала», стварэння ўмоў для недапушчэння паўтору расійскага імперыялізму. 

Галоўнае, каб у перыяд нейкага «перамір'я» Беларусь не трапіла пад поўны ўплыў Расіі і не страціла сваю суб'ектнасць.

Якія знакавыя месцы для наведвання могуць быць прапанаваныя для агляду падчас візіту першай асобы ЗША ў Беларусь?

На думку дарадцы Святланы Ціханоўскай, такім месцам могуць быць Курапаты.

Там увесь злепак беларускай ахвярнасці, гісторыі барацьбы з таталітарызмам. Гэта месца памяці не толькі пра ахвяр сталінізму але і пра тых, хто змагаўся за захаванне гэтага месца падчас праўлення Лукашэнкі.

Другім можа быць тое месца, дзе пакаранне адбываюць палітвязні. Гэта Акрэсціна ці Валадарка. Яны павінны стаць месцамі памяці лукашэнкаўскіх рэпрэсій. 

Чаму не працуюць санкцыі ў справе вызвалення палітвязняў?

На думку Вячоркі, каб не было вайны, то санкцыі ўжо спрацавалі б, і значная частка палітзняволеных была б вызваленая. Але ва ўмовах вайны Лукашэнка стаў закладнікам сваёй прарасійскай палітыкі.

Ён разумее, што ўжо спаленыя масты, таму гуляць у геапалітычны маятнік у яго не атрымаецца. Таму спрабуе захаваць статус-кво любой цаной, не рызыкаваць.

Лукашэнка разумее, што любая спроба гуляць з Захадам, вызваліць нейкага палітычнага вязня ці якую-небудзь публічную фігуру рызыкоўная для яго самога.

Змены могуць прыйсці толькі пасля таго, як эканоміка Расіі, а затым і Беларусі моцна адчуе ўздзеянне санкцый. Для Расіі эксперты гэта прагназуюць на красавік-май. У беларускай эканоміцы наступствы будуць адчувальныя са спазненнем на 2—3 месяцы.

Вось тады Лукашэнка, магчыма, пачне больш актыўную гульню з Захадам у спадзяванні на зняцце ці змякчэнне санкцый. Магчыма, у гэтай гульні будзе задзейнічанае і вызваленне палітвязняў.

Чытайце таксама: 

Ціханоўская: Пасля дэмакратычных перамен Беларусь выйдзе з Саюзнай дзяржавы і АДКБ

Ціханоўская і фон дэр Ляен абмеркавалі стварэнне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі

Ціханоўская ў Мюнхене размаўляла з Олафам Шольцам і кіраўніком яго канцылярыі

Свіння і парася. Вось чаму пры любых перамовах Захаду з Масквой пытанне нелегітымнасці мінскага кіраўніцтва будзе пастаўлена рубам

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1