Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ukrinform.ru

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ukrinform.ru

У цэнтры расследавання OCCRP з удзелам выданняў The Guardian, Der Spiegel, Haaretz і яшчэ некалькіх СМІ — ізраільская група спецыялістаў па анлайн-уплыве, якая называе сябе «Каманда Хорхе»; яны ўмешваюцца ў выбары па ўсім свеце, праводзяць кампаніі па дэзынфармацыі з дапамогай ботаў і ўзломваюць акаўнты высокапастаўленых чыноўнікаў у телеграме і Gmail.

Кіраўнік групы Тал Ханан, які назваў сябе Хорхе, заявіў журналістам, што яго каманда правяла 33 кампаніі «прэзідэнцкага ўзроўню», з якіх 22 прызнаныя «паспяховымі» — у асноўным у Афрыцы, але таксама і ў краінах Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Карыбскага басейна.

Ханан паведаміў, што ўмяшанне яго каманды ў прэзідэнцкія выбары каштуе каля 15 мільёнаў даляраў.

Паводле адкрытых звестак, сам Тал Ханан служыў у ізраільскім спецназе і быў спецыялістам па выбуховых рэчывах. Усяго ў камандзе мінімум 100 супрацоўнікаў — туды імкнуцца браць людзей з досведам працы ў спецслужбах, у тым ліку ў Службе ўнутранай бяспекі Ізраіля.

Праца кібернаёмнікаў заключаецца ва ўзломе электронных прылад, зборы і падробцы матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для шантажу, у распаўсюдзе дэзынфармацыі, зрыве выбараў і разгортванні кампаній у сацсетках. У групы ёсць тры табу: яна не праводзіць ніякіх кампаній у Ізраілі, не бярэцца за заказы, звязаныя з амерыканскімі партыямі, а таксама за тыя, што скіраваныя супраць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Сярод іншага «Каманда Хорхе» распрацавала ПЗ Advanced Impact Media Solutions (AIMS), якое нібыта купілі разведслужбы больш чым дзесяці краін. AIMS стварае ботаў, якія выкарыстоўваюць фатаграфіі рэальных людзей і ўдзельнічаюць у кампаніях па дэзынфармацыі на сайтах і ў сацсетках.

Адзін з прыкладаў працы AIMS — кампанія на карысць Аляксандра Зінгмана, бізнэсоўца з атачэння Аляксандра Лукашэнкі і ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі. У сакавіку 2021 года Зінгмана арыштавалі ў Конга па абвінавачванні ў незаконным абарачэнні зброі, але пазней вызвалілі.

Нагадаем, раней OCCRP правяла расследаванне таго, як Зінгман і сын набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана выкарыстоўвалі падстаўныя афшорныя кампаніі, каб схаваць выгадную ўгоду з золатаздабыўнай кампаніяй з Зімбабвэ.

За год да гэтага AIMS праводзіла «ўзгодненую і аўтаматызаваную» кампанію ў сацсетках на карысць Зінгмана. Некаторыя з публікацый былі скіраваныя супраць яго канкурэнта, яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца Віталя Фішмана. Праз матэрыялы па справе пра паклёп, якую Фішман выйграў у ЗША, журналісты выявілі 35 ботаў, звязаных з «Камандай Хорхе».

Адвакат Зінгмана заявіў, што яго кліент ніколі не працаваў з кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у распаўсюджванні дэзынфармацыі.

Не толькі зброя і золата

Летам мінулага года бізнэсовец і ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі Зінгман таксама аказаўся замешаны ў скандал з купляй беларускай пажарнай тэхнікі на 32 млн даляраў у Зімбабвэ. Парламент краіны падазраваў, што кошт тэхнікі завышаны, а сродкі за куплю пажарных машын праводзіліся па шэрых схемах у абыход публічнай сістэмы закупак.

Набыць пажарную тэхніку ва ўрадзе Зімбабвэ планавалі ў кампаніі, якой валодае Зінгман. Цана кожнай машыны складала 464 296 даляраў. Пасля таго, як інфармацыя пра ўгоду стала публічнай, у Булавая, другім па велічыні горадзе Зімбабвэ, адмовіліся купляць пажарныя машыны з Беларусі.

Дарэчы, за год да таго Зімбабвэ ўжо купіла ў Беларусі каля 11 пажарных машын для барацьбы з ляснымі пажарамі. Угоду правялі праз дылера па продажы беларускай тэхнікі ў Афрыцы — арабскую кампанію Aftrade DMCC, адзін з суўладальнікаў якой — Аляксандр Зінгман. З удзелам бізнэсоўца ў краіну таксама пастаўлялі сельскагаспадарчае абсталяванне і аўтобусы «на дзясяткі мільёнаў даляраў», адзначала выданне Zimlive.

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
10