Аляксей Алексін. Фота: Tut.by  

Аляксей Алексін. Фота: Tut.by

У студзені 2012 у швейцарскім банку Credit Suisse з'явіўся рахунак на неназваную кампанію беларускага бізнэсмена ўдачы Аляксея Алексіна. У ліпені на ім налічвалася больш за $36 млн.

Здарылася гэта ў разгар схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі, ідэю якой прыпісваюць Алексіну. У 2012 годзе Расія спыніла схемы з растваральнікамі, а праз два гады Алексін закрыў рахунак у Credit Suisse.

Алексін адмовіў расследавальнікам у каментарыі.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і колішні гендырэктар «Беларуськалія» (займаў гэтае крэсла з 1992 па 2001 год) Пётр Калугін у 2008-м адкрыў рахунак у швейцарскім банку Credit Suisse для неназванай фірмы.

На той момант ён афіцыйна не працаваў ні ў адной кампаніі ў Беларусі — быў толькі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Праз год і сем месяцаў на гэтым рахунку з'явіцца амаль $1,3 млн.

З дапамогай Кіберпартызан расследавальнікі высветлілі, што даход Калугіна за сем гадоў — з 2003 па 2009 гады — склаў каля $87 тысяч. Гэта ў 15 разоў менш, чым сума на яго швейцарскім рахунку.

У 2009 годзе Калугін пачаў працаваць у «Шахтаспецбудзе» — былым падраздзяленні «Беларуськалія», якое стала прыватным прадпрыемствам. Прычым прызначэнне Калугіна адбылося напярэдадні вялікага праекта.

У студзені 2010 года Беларусь дамовілася аб будаўніцтве ў Туркменістане Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната коштам блізу $1 млрд. Генеральны падрадчык праекта, кампанія «Белгархімпрам», узяў на субпадрад «Шахтаспецбуд». Праз два месяцы на швейцарскім рахунку Калугіна з'явіліся тыя самыя $1,3 млн.

Па тлумачэнні звярнуліся наўпрост да Пятра Калугіна, але ў тэлефоннай размове выразна пракаментаваць пытанні ён не змог. 

Будаўніцтва комплексу абярнулася скандалам. Паводле звестак СМІ, туркменскія ўлады абвінавацілі Беларусь у неналежным выкананні кантракту і падалі іск у арбітражны інстытут гандлёвай палаты Стакгольма, шырока вядомы як Стакгольмскі арбітраж. Шкоду яны ацанілі ў $900 млн. У Беларусі гэтыя абвінавачванні адкінулі і падалі сустрэчны іск на $400 млн. Аб завяршэнні разбору дагэтуль не паведамлялася, але калійны камбінат у Туркменістане ўсё ж такі здалі ў эксплуатацыю. Адбылося гэта ў 2017 годзе, хоць запуск планаваўся двума гадамі раней.

Увесь гэты час Пётр Калугін працуе ў «Шахтаспецбудзе». На яго запісаны невялікі дом у Слуцкім раёне, на яго жонку — чатырохпакаёвая кватэра каля Камсамольскага возера ў Мінску і двухпавярховы катэдж ля Салігорскага вадасховішча.

Свой рахунак у швейцарскім банку Калугін закрыў у жніўні 2014 года.

Падрабязней з расследаваннем можна азнаёміцца па спасылцы.

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
22