Фота: Fare Film / farefilm.it
Фільм стваралі студыі Dugong з Італіі, Film Grand Huit з Францыі і Donten & Lacroix з Польшчы. Здымкі карціны праходзілі ў Польшчы, Італіі і Афрыцы.
Для рэжысёра Джакома Абруцэзэ Disco Boy стаў дэбютам у поўнаметражным кіно. Раней ён быў неаднаразова ўзнагароджаны за дакументальныя і кароткаметражныя фільмы.
Галоўнага героя, беларуса Аляксея, грае нямецкі акцёр Франц Рагоўскі. Па сюжэце герой — прафесійны танцор, які змушаны збегчы з Беларусі. Ён вырашае запісацца ў Замежны легіён, каб потым атрымаць добры заробак і французскі пашпарт.
Франц Рагавоскі і Міхал Баліцкі на здымках фільма. Фота: Patryk Oberc / Korso.pl
Разам з ім у Францыю едзе яшчэ адзін беларус Міхаіл — ролю выконвае паляк Міхал Баліцкі. Абодва сябры перасякаюць беларуска-польскую мяжу разам з групай беларускіх заўзятараў, а потым адрываюцца ад іх і накіроўваюцца ў Францыю.
Пасля Аляксей трапляе на службу ў Замежны легіён і ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях у Афрыцы. Там Аляксей сустракае Джома, які змагаецца супраць транснацыянальных нафтавых кампаній, якія пагражаюць яго вёсцы.
На экраны італьянскіх кінатэатраў фільм выйдзе 9 сакавіка 2023 года. Калі пачнуцца паказы ў іншых еўрапейскіх краінах, пакуль невядома.





