Як паведамляе «Брэсцкая вясна», мужчына ураджэнец г.п. Ушачы Віцебскай вобласці. Апошнія гады працаваў і жыў у Маскве. Андрэй Пратасевіч быў аб’яўлены беларускімі ўладамі ў міжнародны вышук, 23 верасня 2022 года яго затрымалі ў Маскве і змясцілі пад варту.

Генпракуратура Расіі адмовіла ў выдачы Пратасевіча праз адсутнасць у яго дзеяннях складу злачынства. Але мужчыну ўсё адно выдварылі з Расіі праз «парушэнне міграцыйнага заканадаўства». Андрэй знаходзіцца пад вартай у Беларусі з 7 лістапада 2022 года.

Андрэю ставяць у віну, што ён 15 сакавіка 2021 года ў сацсетцы «УКантакце» з акаўнта Andrew Pratasevihs пакінуў абразлівы каментар у дачыненні камандзіра Брэсцкага АМАПа Максіма Міховіча

Мужчына сваю віну не прызнаў. Ён паведаміў, што 12 сакавіка, за тры дні да з’яўлення каментара пра сілавіка, у яго ў Маскве скралі тэлефон і планшэт. Андрэй мяркуе, што са скрадзенай тэхнікі невядомыя маглі пакінуць абразлівы каментар пра Міховіча. Бо на гаджэтах Андрэя не было ўстаноўлена аніякай абароны для ўваходу.

Доказам таго, што тэлефон знаходзіўся ў Андрэя, суд назваў яго ліставанне з сынам. 15 сакавіка 2021 года Андрэй Пратасевіч з акаўнта Andrew Pratasevihs напісаў ва «УКантакце» свайму сыну, Дзмітрыю Васкрасенскаму, паведамленне «Как внученька?».

Андрэй патлумачыў, што аўтар каментара ён. А напісаў яго, меркавана, з працоўнага камп'ютара, на якім заставаўся доступ да «УКантакце».

Прыватнае ліставанне Андрэя з сынам апынулася ў сілавікоў з-за таго, што мужчына на новым тэлефоне аднавіў доступ да свайго акаўнта ва «УКантакце». Гэты тэлефон падчас затрымання Андрэя забралі сілавікі і ўбачылі ліставанне.

Таксама пракурор спытаў Пратасевіча пра яго стаўленне да беларускай улады. Мужчына паведаміў, што з пачатку 90-х быў чальцом партыі БНФ, але пасля прэзідэнцкіх выбараў перастаў цікавіцца палітыкай. З таго моманту жыў і працаваў у Расіі.

У выніку пракурор запрасіў для Андрэя 3 месяцы арышту. Максім Міховіч запрасіў 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Тэрмін утрымання пад вартай для Андрэя было прапанавана залічыць толькі на тэрыторыі Беларусі — перыяд з 7 лістапада 2022-га. Фактычна Пратасевіча змясцілі пад варту 23 верасня.

Прысуд мусілі агучыць 13 студзеня. Але пакуль праваабаронцам невядомы вынік суда.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
8