Пры гэтым у чарговай зводцы ISW сказана, што частковыя поспехі расійскіх вайскоўцаў у Салядары зусім не азначаюць, што ім удасца абрынуць ўкраінскі фронт і захапіць Бахмут. «Расійскія развагі пра хуткі захоп Бахмута і абрушэнне ўкраінскіх абаронных межаў не спалучаюцца з рэальнай сітуацыяй у раёне Бахмута, дзе сілы РФ далёкія ад таго, каб адрэзаць украінскія наземныя лініі сувязі», — заключаюць аўтары зводкі.

На іх думку, «расійскія наступальныя аперацыі па захопе Бахмута, верагодна, дасягнулі кульмінацыі з-за дэградацыі».

Эксперты ISW таксама падрабязна аналізуюць прызначэнне камандуючым войскамі РФ ва Украіне начальніка расійскага генштаба Валерыя Герасімава.

На іх думку, гэта рашэнне заклікана вырашыць дзве галоўныя задачы Крамля:

— паспрабаваць палепшыць сістэму камандавання для эфектыўных ваенных дзеянняў у гэтым годзе;

— і ўмацаваць пазіцыі Міністэрства абароны на фоне ўзмацнення ўплыву вайсковых блогераў і сілавікоў, такіх як заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.

Як лічаць аўтары зводкі, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, верагодна, плануе новыя наступы — пры тым, што ў мінулым ён неаднаразова дэманстраваў неразуменне сапраўдных магчымасцяў свайго войска і не адмовіўся ад максімалісцкіх задач кампаніі ва Украіне.

Пуцін па-ранейшаму лічыць, што армія РФ здольная на маштабныя наступальныя дзеянні, сказана ў зводцы ISW, але такія яго ацэнкі, верагодна, не адпавядаюць рэчаіснасці. Пры гэтым Герасімаў не пярэчыў прэзідэнту Расіі пасля катастрафічнага плана ўварвання ў лютым 2022 года — і наўрад ці пачне гэта рабіць цяпер, адзначаюць амерыканскія эксперты.

Яны не лічаць, што Герасімаў зможа хутка ўдыхнуць новае жыццё ў расійскія прынцыпы вядзення вайны, каб задаволіць амбіцыі Пуціна. У зводцы сказана, што генерал, «верагодна, акажацца на чале дэзарганізаванай каманднай структуры, якая перажывае пастаянныя, паслядоўныя і самаўзмацняльныя правалы, якім менавіта ён шмат у чым і паклаў пачатак сваімі дзеяннямі да ўварвання ва Украіну».

Паводле ацэнак ISW, важнай перашкодай для наступальных аперацый Масквы на ўсходзе Украіны таксама стане няздольнасць расійскай індустрыі вырашыць праблему недахопу боепрыпасаў.

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
0