Гомель: «Нашы камбайны зайшлі ў Зімбабвэ»

Адным з самых яскравых выступаў адзначыўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Свой зварот ён пачаў з наракання на эпоху месенджараў і шкадавання аб былой жывой камунікацыі, а пасля хутка перайшоў да палітычнай тэмы.

Паводле чыноўніка, 2022 год увайшоў у гісторыю як чарговая вяха ў развіцці Беларусі — і адбылося гэта дзякуючы правядзенню рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю. Іван Крупко мяркуе, што «абсалютная большасць нашых грамадзян падтрымала прапанаваныя папраўкі».

Наступнае пытанне, якое падняў кіраўнік Гомельшчыны, — санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму.

— Санкцыі і палітычны ціск звонку вымусілі ўсіх, хто сумняваўся, па-новаму зірнуць на нашу Беларусь: бяспечную, утульную, стабільную, духоўную, цёплую, сытую, родную. Да кожнага каласка ў полі, да кожнай сняжынкі, да кожнага агеньчыка ў акне, да кожнай дзіцячай шчаслівай усмешкі.

Пасля Крупко пералічыў дасягненні рэгіёна:

— Жлобінскія металургі выплавілі больш як 2 мільёны сталі, камбайны з лагатыпам «Палессе» з гэтага года зайшлі ў Зімбабвэ, Малаві і іншыя краіны афрыканскага кантынента. Нафтавікі дасягнулі рэкорднага за апошнія 20 год прыросту здабычы чорнага золата — амаль 1,8 млн тон — і адкрылі новыя радовішчы.

Ліда: «Галоўнае, каб усе былі здаровымі, а на нашай зямлі быў мір»

У гэтым відэа старшыня райвыканкама Сяргей Ложачнік шпацыруе па лідскай вуліцы і пяшчотна глядзіць на мясцовы гандлёвы цэнтр. Усё гэта адбываейцца пад лірычную музыку. Пасля ў кадры з’яўляецца ўпрыгожаная елка з райцэнтра, з адной са святлодыёдных арак выходзіць чыноўнік — затым ён апынаецца на катку, потым уваходзіць у будынак, распранаецца каля ялінкі і лашчыць труса. 

— Дні, гадзіны, хвіліны да новага года заўсёды напоўненыя хваляваннем: мы згадваем з’явы мінулага года і быццам здаём экзамен на права крочыць у будучыню. У кожнага з нас сваё, вельмі асабістае стаўленне да таго, што было і што будзе, — распачынае ён.

Ложачнік віншуе жыхароў і гасцей Лідчыны са святамі і прапануе ў навагоднюю ноч паглядзець у вочы блізкім. 

— За год мы папрацавалі нямала, кожны на сваім месцы, прымалі смелыя рашэнні, ажыццяўлялі ідэі, і я ўдзячны ўсім, хто пражыў гэты год стваральна, з любоўю. Дай бог нам сіл, каб ажыццявіць усё задуманае. Калі мы будзем думаць сучасна, творча ставіцца да справы, любіць дзяцей, мы пераадолеем усе выклікі, якія кідае нам жыццё. 

Сёння мы адпускаем сыходзячы год — год гістарычнай памяці. Мы будзем помніць урокі мінулага заўсёды, з павагай ставіцца да нацыянальных традыцый, — адзначыў ён.

Таксама чыноўнік нагадаў, што Ліда ў 2023-м адзначыць 700-гадовы юбілей, і паабяцаў, што свята будзе адзначацца прыгожа. 

— Галоўнае, каб усе былі здаровымі, а на нашай зямлі быў мір, — завяршыў зварот старшыня Лідскага райвыканкама. 

Гродна: «Новы год — гэта цуды»

Кіраўнік Гродзеншчыны Уладзімір Каранік таксама не абмінуў магчымасці павіншаваць насельніцтва вобласці. Відэарад складзены амаль так жа, як і ў звароце старшыні Лідскага райвыканкама: гарадскія пейзажы, якімі любуецца чыноўнік, віншаванне з выхадам з-пад святочнай аркі…

Спачатку Каранік пахваліўся дасягненнямі рэгіёна: будаўніцтвам школ і садкоў, устаноў аховы здароўя і іншых, а пасля звярнуўся да грамадзян. Прамова чыноўніка была абцякальнай і шаблоннай.

— Новы год — гэта надзея, таму трэба спадзявацца, што самыя патаемныя жаданні здзейсняцца, абавязкова здзейсняцца. Новы год — гэта цуды, якіх чакаюць і дарослыя, і дзеці. І трэба не проста чакаць, а паверыць, што мы самі здольныя ствараць цуды — асабліва для тых, каго мы любім. 

Чыноўнік пажадаў сваёй аўдыторыі знайсці ў новым годзе «нешта самае каштоўнае, не ўпусціць самае важнае, здабыць найлепшае і захаваць самае дарагое».

— Добрага здароўя, міру, дабрабыту, гармоніі і росквіту, — заключыў ён.

Салігорск: «Шахцёрская сталіца будзе сустракаць абласныя «Дажынкі»

Андрэй Жайловіч, старшыня Салігорскага райвыканкама, звярнуўся да грамадзян на фоне гарадской ёлкі райцэнтра.

Ён прапанаваў землякам згадаць, як многа яны зрабілі ў мінулым годзе: распавёў пра Год гістарычнай памяці і патрыятычныя праекты, дабрачыннасць, поспехі ў конкурсах, барацьбу за ўраджай і актыўнасць у абмеркаванні канстытуцыі. 

— Шахцёрская сталіца сустрэне ў новым годзе юбілей — 65 гадоў — і будзе сустракаць на сваёй зямлі абласны фестываль «Дажынкі», — падзяліўся грандыёзнымі планамі на 2023-ці Жайловіч. — Мае быць маштабная падрыхтоўка да гэтых падзей, і я веру, што ў гэтай справе мы таксама праявім сваё адзінства і згуртаванасць.

Напрыканцы ён пажадаў жыхарам раёна ажыццяўлення ўсіх мар, асабліва ў асабістым жыцці, а таксама здароўя, шчасця, любові, радасці, міру і дабрабыту. 

Горкі: «Сёлета мы ўвайшлі ў тройку ў Магілёўскай вобласці па ўраджайнасці збожжа»

Старшыня Горацкага райвыканкама Міхаіл Гулы ў сваім відэазвароце на фоне дзяржаўнага сцяга і навагодняй ялінкі адзначыў, што 2022 год быў насычаным і на палітычныя падзеі, і на культурныя.

— Мы ўсе з вамі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім рэферэндуме, і жыхары Горацкага раёна зноў пацвердзілі, што яны патрыёты, што яны сапраўдныя беларусы — зрабілі правільны выбар, згодна з якім будуць жыць будучыя пакаленні, — сказаў мясцовы чыноўнік.

Другая важная падзея, якую ён абазначыў, — свята «Вытокі. Крок да Алімпу», якое праходзіла ў тым ліку ў Горацкім раёне. У гэтым свяце, паводле старшыні выканкама, паўдзельнічала «маса людзей». 

— Нам ёсць чым ганарыцца ў нашым Горацкім раёне: паспяхова спрацавала наша эканоміка, мы не дапусцілі яе абвалу. Не вельмі часта нашы аграрыі атрымліваюць стабільныя ўраджаі па 100 тысяч тон збожжа — сёлета мы ўвайшлі ў тройку ў Магілёўскай вобласці і ў 21 раён у Рэспубліцы Беларусь, якія перасягнулі планку ў 100 тысяч, — адзначыў неверагодныя поспехі чыноўнік.

Таксама Гулы падзякаваў моладзі раёна за яе дасягненні і пажадаў землякам здароўя, дабрабыту і міру.

Клас
3
Панылы сорам
38
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4