Украінскага бізнэсоўца і былога народнага дэпутата Канстанціна Жэвага затрымалі на гарналыжным курорце Куршавель у Францыі па запыце Дзяржаўнага бюро расследаванняў.
Пра гэта заявіла дарадца па камунікацыях Дзяржаўнага бюро расследаванняў Таццяна Саф'ян у эфіры нацыянальнага тэлемарафону навін.
Жэвага — фігурант некалькіх крымінальных спраў ДБР.
Яго абвіначваюць, у прыватнасці, што ён нібыта арганізаваў растрату банка «Фінансы і крэдыт» на $113 млн. Таксама яго вінавацяць і ў іншых растратах.
Яго затрымалі прадстаўнікі крымінальнай паліцыі Францыі 27 снежня ў адным з гатэляў Куршавеля. У бюро адзначылі, што экс-нардэп спрабаваў аспрэчыць правамернасць затрымання, але ў выніку пагадзіўся пайсці разам з прадстаўнікамі кампетэнтных органаў Францыі. Сёння, 28 снежня, будзе разгледжана прымяненне экстрадыцыйнага арышту ў адносінах да Жэвагі ў судзе горада Шамберы. ДБР ужо рыхтуе неабходны пакет дакументаў для яго экстрадыцыі ва Украіну.