— Уся хваля звальненняў прайшла за адзін дзень (у панядзелак). Пад скарачэнне трапілі ўсе: звычайныя супрацоўнікі, дырэктары студый, топ-менеджмент. У офісе панавала поўная нявызначанасць, усе былі ў стрэсавым стане: ніхто не ведаў, каму могуць заблакаваць камп’ютар і паклікаць на размову. Звальнялі ва ўсіх лакацыях, у тым ліку ў штаб-кватэры Playtika ў Ізраілі. Цяпер — у аўторак — усе больш-менш супакоіліся. Менеджары кажуць, што другой хвалі звальненняў не будзе, — расказвае супрацоўнік варшаўскага офіса. 

У 2021—2022 гадах Playtika перавезла многіх супрацоўнікаў з Мінска ў Варшаву. Ізраільскія медыя пісалі пра 300 рэлакантаў, і гэта палова штату Playtika ў Беларусі да 2021 года. Крыніца dev.by называе варшаўскі офіс «бэкапам мінскага» і адзначае, што пасля пачатку вайны кампанія перавезла ў Варшаву і многіх украінскіх айцішнікаў. 

Дакладную колькасць звольненых у варшаўскім офісе ён назваць не змог. Паводле яго ацэнак, да скарачэнняў там працавала каля 550 чалавек.

Працаўнікі як варшаўскага, так і мінскага офісаў кажуць, што звальненні сталі для іх поўнай нечаканасцю. 

Хроніка падзей у мінскім офісе (са слоў відавочцы): 

  • 9 снежня пра звальненні паведамілі менеджменту, вышэйшаму за самае ніжняе звяно (менеджары каманд/праектаў — «груп-менеджары» паводле ўнутранай класіфікацыі). У гэты ж час пачалі з’яўляцца інсайды на англамоўных рэсурсах.
  • У суботу, 10 снежня, нізавое звяно менеджараў публікуе інфармацыю ў Teams пра важны мітынг у панядзелак, да якога ўсім трэба падлучыцца. 
  • Раніцай у панядзелак, 12 снежня, менеджары сярэдняга звяна просяць «шчасліўчыкаў» прыехаць у офіс. Падрабязнасцей па-ранейшаму няма, калегі рэпосцяць інсайды з англамоўных рэсурсаў. На ранішніх дэйліках камандам нагадваюць пра важны мітынг.
  • У 14:30 пачынаецца мітынг. Відэазапіс, на якім СЕО аб’яўляе пра складанае рашэнне скараціць каля 15% штату: «Нам вельмі шкада, але гэта бізнэс, вы цяпер частка гісторыі».
  • А 15-й паведамляюць, што дзеля бяспекі ўсім блакуюць доступ да карпаратыўных рэсурсаў. 
  • Ад 15:30 і да вечара панядзелка праходзяць кароткія мітынгі з лакальнымі (мінскімі/кіеўскімі/варшаўскімі) кіраўнікамі дэпартаментаў. У Мінску супрацоўнікам (якія трапілі пад скарачэнне) абвяшчаюць, што кантракты падаўжацца не будуць (заканчваюцца пры канцы лютага). Цягам некалькіх дзён працаўнікам прапануюць здаць абсталяванне. Просьбы дарабіць бягучыя задачы адхіляюцца.
  • Падпісваецца пагадненне: супрацоўнікі павінны трымаць у таямніцы любыя ўмовы звальнення і абараняць рэпутацыю наймальніка. Не падпішаш — пазбавішся кампенсацыі.
  • Некаторым супрацоўнікам прапануюць перавод у іншую каманду/дэпартамент — без альтэрнатыўнага варыянта. Некаторым прапануюць пачакаць пераводу пэўны час або звальняцца. 
  • Для многіх усё гэта стала поўнай нечаканасцю. Працаўнікі не могуць зразумець алгарытму звальненняў. 
  • Звальненне фармальна мае адбыцца 28 лютага — пасля завяршэння кантракта. Тады ж звольненым аддадуць працоўныя кніжкі. 
  • Звальнялі і інжынераў, і архітэктараў, і бізнэс-аналітыкаў, і сісадмінаў, і сапорт, і менеджараў рознага звяна.

Крыніцы dev.by паведамілі, што Playtika распусціла ўнутраную студыю Jelly Button, скараціла каманды гульняў Board Kings і Bingo. Таксама Playtika спыніла супрацоўніцтва з беларускай кампаніяй Sababa Labs, з камандамі якой працавала на аўтсорсе.

Крыніцы dev.by паведамілі, што Playtika прапанавала нядрэнныя бонусы звольненым супрацоўнікам: кампенсацыя ў памеры акладу за некалькі месяцаў, выплата гадавога бонусу.

З афіцыйнага сайта Playtika зніклі амаль усе вакансіі ва ўсіх лакацыях. Да скарачэнняў ва ўсіх офісах кампаніі працавала каля 4100 чалавек.

Трывожныя навіны з Playtika пачалі паступаць пры канцы 2021 года. Летась у лістападзе інвестары пачалі расследаванне супраць кампаніі пасля нечаканага абвалу акцый. Улетку 2022-га стала вядома пра першыя сур’ёзныя скарачэнні: Playtika была гатовая звольніць 250 чалавек і закрыць студыі ў Манрэалі, Лос-Анджэлесе і Лондане. У лістападзе такі ж лёс напаткаў студыю ў Хельсінкі. Медыя звязвалі скарачэнні з негатыўным уплывам на гульнявую індустрыю такіх фактараў, як высокія працэнтныя стаўкі ў заходніх краінах, высокая інфляцыя і аднаўленне эканомікі пасля пандэміі (падчас якой аўдыторыя мабільных гульняў, наадварот, расла).

Студыі мабільнага геймдэву з офісамі ў Беларусі перажываюць складаныя часы. На пачатку лета стала вядома пра звальненні ў WannaPlay і Playgendary. Playrix спачатку скараціла штат, а затым закрыла офісы ў Беларусі і Расіі.

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
6