Фота: AP Photo / Jacquelin Martin

Фота: AP Photo / Jacquelin Martin

Рэзалюцыю з патрабаваннем аўдыту прапанавала вядомая прыхільніца Дональда Трампа Марджары Тэйлар-Грын, якая рэзка крытыкавала рашэнне адміністрацыі Байдэна аказаць Украіне маштабную ваенную і эканамічную падтрымку.

Хоць раней Тэйлар-Грын лічылася досыць маргінальным палітыкам (ды і цяпер не прадстаўляе меркаванне большасці рэспубліканцаў), узмацненне кантролю над дапамогай Украіне пачалі падтрымліваць многія больш традыцыйныя члены Рэспубліканскай партыі, паведамляе Washington Post.

У выніку рэзалюцыя можа быць ухваленая ўжо ў пачатку наступнага года, калі збярэцца абноўленая на лістападаўскіх выбарах Палата прадстаўнікоў (цяпер большасць у ёй атрымалі рэспубліканцы). У праекце дакумента ўтрымліваецца патрабаванне цягам двух тыдняў перадаць у Кангрэс усе дакументы, звязаныя з дапамогай ЗША Украіне.

Некаторыя рэспубліканцы, што працягваюць падтрымліваць дапамогу Украіне, гатовыя прагаласаваць за рэзалюцыю, паколькі яна не заклікае да скарачэння яе аб'ёмаў — ні ўжо адобраных, ні запланаваных у будучыні.

«Тут ідзе гаворка аб падсправаздачнасці. Ідзе гаворка аб празрыстасці. Чаго мы баімся? Мільярды і мільярды даляраў ідуць у іншую краіну», — цытуе газета рэспубліканскага кангрэсмена Ціма Бурчэта.

Газета таксама паведамляе са спасылкай на даныя маніторынгу Чыкагскай рады па міжнародных даследаваннях, што сярод членаў Рэспубліканскай партыі ў нейкау ступені знізіўся ўзровень падтрымкі Украіны. Паводле апошняга апытання гэтага аналітычнага цэнтра, за адпраўку вайсковай дапамогі выступаюць 55% рэспубліканцаў (у параўнанні з 68% у ліпені і 80% — у сакавіку). Пры гэтым, па даных апытання, палова рэспубліканцаў падтрымлівае эканамічную дапамогу Кіеву (пры тым, што ў сакавіку такіх было прыкладна тры чвэрці).

ЗША з'яўляюцца найбуйнейшым донарам Украіны. Газета нагадвае, што са жніўня 2021 года Вашынгтон абвясціў ужо пра 25 траншаў ваеннай дапамогі, і яе агульны аб'ём склаў амаль 20 млрд даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?