Дар'я Лукашэнка ў вобразе вядучай

Дар'я Лукашэнка ў вобразе вядучай

Дар'я кажа, што яе гераіню завуць Юста. Гэта вытворнае ад Юстыцыі — старажытнарымскай багіні правасуддзя. Таму яе задача — тлумачыць правілы, аб'яўляць этапы: калі пачынаецца этап, калі ён завяршаецца. 

«Пра кастынг магу сказаць, што гэта быў адзін з самых складаных этапаў за ўвесь час здымак праекта. Было вельмі хвалююча, я ведала, што на кастынг прыйдуць больш падрыхтаваныя людзі, больш прафесійныя, у якіх ужо ёсць вопыт на тэлебачанні. Я рыхтавалася, вядома ж, да гэтага. Галоўны рэжысёр даў задачу навучыцца выкарыстоўваць розныя электронныя дэвайсы — гэта электраролікавыя канькі, на якія проста становішся (там няма ніякіх мацаванняў), і манакола. З ролікамі было лягчэй, вядома. А манакола я дастаткова доўга асвойвала. Але ў выніку ўсё атрымалася», — кажа дзяўчына.

Таксама, па яе словах, трэба было каментаваць самі гульні — гэта таксама быў асобны этап падрыхтоўкі: «Я ведала, што трэба падрыхтавацца быць каментатарам, таму я праглядала Youtube-ролікі з падобнымі шоу. Глядзела, як там паводзяць сябе вядучыя, і на аснове гэтага ўжо выбудоўвала свае паводзіны».

Яна зазначае, што ёй зрабілі дастаткова зручны расклад: «Я прыязджала на здымачную пляцоўку бліжэй да вечара, таму ў мяне заставаўся час на вучобу. Але даводзілася сумяшчаць — і я не скажу, што гэта было лёгка. Але цяжкасці загартоўваюць характар, таму гэта быў цікавы досвед».

Асноўная ідэя гэтага праекта ў тым, каб не проста прапагандаваць пажарна-ратавальны спорт, а каб паказаць, як дзеці і падлеткі становяцца сапраўднымі героямі. І не толькі хлопцы з буйных гарадоў, але з усёй Беларусі, з кожнага маленькага горада.

Таксама Дар'я расказала, што вучыцца на эканамічным факультэце ўніверсітэта. Якога — не ўдакладніла. Пакуль здымак няма, яна аддае час вучобе. Але яна не вызначылася, кім хоча стаць.

«На сённяшні момант я не магу сказаць, кім я буду наогул. Напэўна, проста хацелася б стаць як мінімум добрым чалавекам. А ў далейшым… жыццё пакажа. Я хачу проста развівацца, у розных сферах сябе паспрабаваць, даведацца, што мне сапраўды падабаецца, і ў будучыні быць проста цікавай асобай, добрым чалавекам, які будзе дапамагаць іншым людзям», — падкрэслівае дзяўчына.

Яна таксама кажа, што бацькі і ўсе родныя яе вельмі моцна падтрымлівалі на этапе здымак: «Яны мне давалі, вядома ж, парады, мудрыя парады. Пастаянна была падтрымка ад мамы, якая са мной ездзіла на здымкі. Падтрымлівала педагог — Дзіна Георгіеўна, якая навучыла мяне маўленчаму мастацтву. Мы з ёй займаліся на працягу двух сезонаў — восень, зіма і трошкі вясны — да пачатку здымак, каб «падрэдагаваць» маё маўленне, зрабіць яго больш прыгожым».

А вось куміраў сярод медыяасобаў у яе няма. Часам, калі нешта глядзіць, яна адзначае цікавыя моманты, знаходзіць прыклады, як трэба ў нейкіх сітуацыях дзейнічаць, як словы правільна падбіраць.

Клас
1
Панылы сорам
36
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
7