Арган у гродзенскім Фарным касцёле — самы вялікі з гістарычных арганаў у Беларусі і самы вялікі з тых, што створаныя варшаўска-віленскай фабрыкай знакамітага майстра Вацлава Бярнацкага. У гісторыі аргана ёсць шмат заблытаных момантаў. Бярнацкі, перад пабудовай свайго аргана ў 1921-1924 гады, праводзіў экспертызу, з якой вядома, што ў касцёле быў арган майстра Радовіча 1871 года, у якім былі скарыстаныя элементы аргана майстра Янцэна 1785 года, збудаванага для манастыра ў Ружанастоку. Бярнацкі, верагодна, пакінуў у сваім аргане тры рэгістры з таго інструмента XVIII ст.

Але не ўсё так проста! У 1937 годзе ў касцёльным інвентары занатавана, што на хорах стаіць арган 1922 года, які знаходзіцца ў стане разбудовы. Атрымліваецца, у 1937 годзе быў пабудаваны новы або чарговы раз перабудаваны стары інструмент. Дадаткова справу заблытала гарадская легенда, што сучасны арган спачатку наогул знаходзіўся ў Фары Вітаўта, але калі яе дах пашкодзілі бомбай, вернікі атрымалі ў акупацыйнай адміністрацыі дазвол перанесці інструмент у Фарны касцёл насупраць.

Верагодна, перанесены арган проста размясцілі ў шафе ад папярэдняга, які быў разабраны. Магчыма, гэта і стала прычынай таго, што інструмент-канструктар мае шмат хібаў.

Шафа, дарэчы, вельмі эфектная і вялікая. І цікава, што ўсе трубы, якія можна пабачыць на яе фасадзе, — дэкаратыўныя. Яны не выдаюць ніякіх гукаў, а зробленыя для прыгожосці.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0