Расійская эвакуацыя пажылых людзей з Херсона. Фота: AP Photo

Расійская эвакуацыя пажылых людзей з Херсона. Фота: AP Photo

У адным з дакументаў адзначаецца, што херсонскі кірунак — «самае складанае для рускай арміі на бягучым этапе спецаперацыі». Такую сітуацыю прапагандыстам прапануюць тлумачыць тым, што Украіне «жыццёва неабходна прадэманстраваць баяздольнасць сваіх тэрарыстычных фарміраванняў, каб прасіць новую дапамогу ў Захаду». Кіеў, маўляў, не будзе лічыцца з уласнымі стратамі — ён гатовы загубіць дзясяткі тысяч сваіх і чужых дзеля новых траншаў і паставак зброі. У той жа час расійскія войскі нібыта імкнуцца захаваць жыцці мірных жыхароў і асабовага складу.

Менавіта небяспекай нанясення масіраванага ўдару па горадзе велізарнай групоўкай «нацыяналістаў» прадыктаваная, маўляў, эвакуацыя мірных жыхароў горада на левы бераг Дняпра. Прарасійскія ўлады пачалі вывозіць людзей з правабярэжжа Дняпра ў анексаванай Херсонскай вобласці яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка. У пачатку лістапада Уладзімір Пуцін заявіў, што «цывільнае насельніцтва» Херсона трэба «прыбраць» з зоны баявых дзеянняў, і акупацыйныя ўлады абвясцілі «прымусовую эвакуацыю». 7 лістапада было абвешчана аб заканчэнні гэтай «эвакуацыі» — пры гэтым, як пісала «Медуза», некаторыя жыхары застаюцца ў горадзе і чакаюць прыходу ўкраінскай арміі.

У якасці яшчэ адной прычыны для магчымага адступлення з Херсона ў метадычцы адзначаецца, што Украіна і краіны НАТА «кінулі ўсе сілы» менавіта на гэты кірунак фронту — і гэта пагражае «велізарным кровапраліццем»: Зяленскі хоча арганізаваць кровапралітнае шоу на ўвесь свет, прадставіць УСУ пакутнікамі, запатрабаваць новых грошай. Праціўнік хоча, каб Херсон стаў пасткай для Расіі, полем бітвы з дзясяткамі тысяч ахвяраў. УСУ плануюць зладзіць тэракт, разбурыўшы Кахоўскую ГЭС. Падрыў ГЭС можа стаць «пасткай» для расійскіх байцоў. У гэтым выпадку будуць затопленыя населеныя пункты з мірнымі жыхарамі, расійскія вайскоўцы апынуцца ў катле і нават не змогуць прыняць бой — іх проста змые.

Акрамя таго, прапагандыстам рэкамендавана падкрэсліць, што вядзенне гарадскіх баёў у Херсоне «немэтазгодна», таму што «яны заўсёды самыя цяжкія і разбуральныя», а УСУ «могуць проста зраўняць Херсон з зямлёй».

У другой метадычцы, падрыхтаванай у Крамлі, асобна прапісана, што дзяржпрапагандзе трэба «звярнуць увагу» на выступленне дыпламата, гісторыка і палітолага, члена навуковага савета пры Радзе Бяспекі РФ Анатоля Таркунова. На сустрэчы Пуціна з гісторыкамі Таркуноў успомніў пра Палтаўскую бітву і заявіў, што да перамогі ў ёй Пётр I «адыходзіў да Палтавы», і менавіта адступленне ў рэшце рэшт прывяло да «пералому ў вайне».

Дзве крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, адзначаюць, што цяпер расійскія ўлады лічаць здачу Херсона «непажаданым», але «верагодным» варыянтам развіцця падзей на фронце. Хоць раней расійскія чыноўнікі (у тым ліку самыя высокапастаўленыя) не аднойчы казалі, што «Расея назаўжды» на тэрыторыях рэгіёна, захопленых у самым пачатку вайны.

Са слоў суразмоўцаў «Медузы», канчатковае рашэнне аб адыходзе з Херсона павінен будзе прыняць асабіста Пуцін пры ўдзеле людзей са свайго «блізкага кола» (пасля пачатку вайны ён у асноўным складаецца з высокапастаўленых сілавікоў).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?