Траім затрыманым па 18 гадоў, іх клічуць Фарухжон Закіраў, Мустафа Шахбазаў і Эмін Садыгаў, чацвёртаму, Аміну Садыгаву, 17 гадоў, ён брат Эміна. Шахбазаў вучыцца ва Уфімскім юрыдычным інстытуце МУС РФ, Эмін Садыгаў — ва Уфімскім авіяцыйным тэхнікуме, яго малодшы брат — у кадэцкім корпусе ва Уфе. Мяркуючы па сацсетках, усе чацвёра з дзяцінства жывуць ва Уфе. Ім пагражае ад 12 да 20 гадоў турмы.

Паводле інфармацыі прэс-службы суда, абвінавачаныя як мінімум пяць разоў спрабавалі пашкодзіць электратэхнічнае абсталяванне на чыгунцы, «выступаючы супраць правядзення спецаперацыі ва Украіне і разлічваючы дэстабілізаваць працу органаў улады ў Башкартастане».

Так на перагоне Чарнікоўка — Шакша Дэмскай дыстанцыі электразабеспячэння яны нібыта падпалілі пост секцыяніравання, а на перагоне Дэма — Блакпост — пункт кіравання раз'яднання кантактнай сеткі і чатыры рэлейныя шафы.

Намеснік старшыні Рады Бяспекі і былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў напісаў у тэлеграм-канале пост пра «дыверсантаў» і магчымасці прымянення да такіх людзей смяротнага пакарання.

«На тэрыторыі Расіі пачалі дзейнічаць разнастайныя жоўта-блакітныя дыверсанты», — напісаў Мядзведзеў, чамусьці назваўшы хлопцаў «замежнымі студэнтамі».

«Маўляў, праз тое, што не згодныя з палітыкай нашай краіны. Гэта значыць, мы ў сябе гэтых вырадкаў прынялі, далі ім магчымасць атрымаць адукацыю. У адказ — тэракты і дыверсіі». Пры гэтым ён адзначыў, што «нашы грамадзяне», якія падпальваюць ваенкаматы, знаходзяцца «ў гэтым жа шэрагу».

Па словах Мядзведзева, варта адмяніць мараторый на смяротнае пакаранне.

«Прысуд такім нягоднікам быў адзін — расстрэл без суда і следства. Проста на месцы злачынства. Таму што калі ты здраднік, які здзейсніў такое злачынства ў ваенны час, то ў цябе няма ні ўзросту, ні нацыянальнасці, ні нават права на абарону свайго жыцця», — заявіў Мядзведзеў.

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
43