Пахаванне пад Ізюмам. Фота Радыё Свабода
Пасля вызвалення горада было знойдзенае пахаванне каля 450 чалавек. Іх целы эксгумуюць. Паведамляецца, што сярод іх шмат цывільных, ёсць жанчыны і дзеці. Украінскія ўлады кажуць, што гэта толькі адно пахаванне, і могуць быць знойдзеныя іншыя.
«У XXI стагоддзі такія напады на мірнае насельніцтва неймаверныя і агідныя […] Мы не павінны забывацца пра гэта. Мы выступаем за пакаранне ўсіх ваенных злачынцаў», — заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.
Раней у інтэрв'ю агенцтву Reuters прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў свет і, у першую чаргу, ЗША «жорстка адрэагаваць» на ваенныя злачынствы і прызнаць Расею дзяржавай-тэрарыстам або дзяржавай-спонсарам тэрарызму.
На стварэнні трыбуналу на ўзор Нюрнберскага працэсу над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі пасля Другой сусветнай вайны яшчэ ў сакавіку настойвалі былыя прэмʼер-міністры Вялікабрытаніі Гордан Браўн і Джон Мейджар, а таксама шэраг іншых палітыкаў, навукоўцаў і юрыстаў.





