Усе фота: rodniva.by
Як піша выданне, апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, нагадалі пра ўстройства аўтамата, паказалі, як ім карыстацца.
Сярод асноўных задач, якія ставяць перад народным апалчэннем, — абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фармаваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку і г.д., — распавядае раёнка.
Запісацца ў лобжанскі атрад народных апалчэнцаў вырашылі муж і жонка Наталля Ермаковіч і Дзмітрый Малахаў. «Яны жывуць у Рудні, трымаюць вялікую гаспадарку. На падворку ў руплівых гаспадароў авечкі, козы, свінні, птушка. Хто, як не самі жыхары павінны ў першую чаргу паклапаціцца аб сваёй бяспецы, палічылі Зміцер і Наталля. Таму і прыехалі на сустрэчу», — пішуць журналісты.
У першым атрадзе народных апалчэнцаў 22 чалавекі.
Паводле задумы ўладаў, у краіне, акрамя тэрытарыяльнай абароны, будуць створаныя атрады народнага апалчэння. Гэта павінны быць групы прыкладна з 50 чалавек пры кожным сельсавеце. Заканадаўчай базы наконт народнага апалчэння пакуль няма, улады працуюць над гэтым.





