Скрыншот: ютуб-канал «Асаф'еў. Жыццё»
У адпачынак блогер (на яго каналах у ютубе каля 2 мільёнаў падпісантаў) паехаў на дарагім зялёным Porsche, чым зацікавіў беларускіх памежнікаў. Стас згадвае, што адзін з іх зазірнуў у аўто і спытаў, «што за апарат».
«А колькі коняў? — цікавіўся памежнік. — А можаш газануць? Там побач камер няма, не перажывай».
«Натуральна, я трапіў на першую беларускую камеру праз нейкую адлегласць», — усміхаецца блогер.
Ён расказаў таксама, як пакінуў машыну на платнай паркоўцы. Там быў знак, дзе правілы тлумачыліся па-беларуску. Блогер кажа, што нічога не зразумеў.
«Беларуская мова выглядае ржачна проста. Такое адчуванне, што беларускую мову прыдумалі пяціклашкі. Таму што там «Масква» праз «а», «турыст» у іх праз «ы».
Аплаціць паркоўку Асаф'еў не змог, бо, калі набраў патрэбны нумар, ніякага паведамлення не прыйшло, а мабільная праграма не спампавалася.
Мінск блогеру падаўся апусцелым.
«Ад Мінска дзіўнае адчуванне як ад горада, — дзеліцца ён. — Ты туды заязджаеш — вялізныя праспекты, здаравенныя манументальныя савецкія будынкі і не толькі савецкія, шырачэзныя вуліцы, даволі шмат машын. Але пры гэтым людзей — наогул нуль. Едзеш па цэнтры — і па плошчы два чалавекі ходзяць. Вось так выглядае ўвесь Мінск».
Але агулам у Беларусі яму спадабалася. У якасці сувеніра блогер прывёз з сабой шкарпэткі з дранікам і смятанай.
У каментарыях пад відэа Асаф'еў напісаў, што адразу ведаў, што будуць спрэчкі наконт «Белоруссіі» ў назве. Але ж людзі кажуць Германія, а не Дойчланд, і Японія, а не Ніпон, таму і з Беларуссю гэтак, тлумачыў ён сваю пазіцыю.
Пры гэтым многія падпісчыкі пісалі яму ў каментарыях, што называць так краіну — зняважліва да людзей.
«То-бок, ты ведаў, як правільна, і зрабіў наадварот?»
«Окей, выкідваю свой пашпарт Рэспублікі Беларусь — правільна ж Белоруссія. Стас, калі ласка, хопіць апускацца ў вачах беларусаў».
«Брацік, так, я згодны з табой. Але гэта ж непавага да народа. Гэта нас моцна абражае».
Такі падыход крытыкавалі і некаторыя з расійскіх падпісантаў блогера:
«Непрыемна з якой стараннасцю суайчыннікі ўпарта спрабуюць даказваць, нешта пра правілы рускай мовы. Да гэтага часу не разумею, у чым праблема называць краіну, па-першае, правільна, а па-другое, так, як гэтага просяць жыхары гэтай краіны».





