24 верасня ў Генеральную пракуратуру Беларусі перададзены зварот групы апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце заявы Аляксандра Лукашэнкі аб фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

Сярод тых, хто падпісаў заяву, — экс‑кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, рэжысёры Віктар Дашук і Юрый Хашчавацкі, прафсаюзныя лідэры Аляксандр Ярашук і Аляксандр Бухвостаў, палітыкі Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Яраслаў Раманчук і іншыя.

Падставай для іх звароту сталі наступныя словы з інтэрв’ю Лукашэнкі, апублікаванага 27 жніўня расійскай газетай «Известия»:

«За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі душыць, што мы фальсіфікавалі выбары (…) Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю, колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда».

«Гэта ўжо другое публічнае прызнанне ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання, зробленае Аляксандрам Лукашэнкам, таму яго словы не могуць заставацца без рэакцыі грамадскасці, праваахоўных органаў Беларусі і міжнароднай супольнасці», — гаворыцца ў звароце.

Паводле меркавання яго ініцыятараў, падобныя заявы, а таксама адсутнасць на іх рэакцыі з боку Генпракуратуры «даюць падставы сцвярджаць, што ў 2010—2011 гадах у Беларусі вынікі галасавання на мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах зноў будуць фальсіфікаваныя».

«Канстытуцыя дэкларуе, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам. Вам, як Генеральнаму пракурору Беларусі, выпаў шанец даказаць, што гэта сапраўды так», — пішуць апазіцыйныя дзеячы ў звароце да Рыгора Васілевіча.

Яны заклікаюць генпракурора «высветліць, каму Аляксандр Лукашэнка загадаў фальсіфікаваць вынікі галасавання, і хто, якім чынам гэта ажыццяўляў на практыцы».

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0