Фота ілюстрацыйнае
Пры гэтым, паводле расійскага ведамства, групоўкі расійскіх войскаў перайшлі ў актыўную абарону, а падраздзяленні ўкраінскай арміі нібыта «панеслі вялікія страты».
Так, падчас баёў, як рапартуе Мінабароны Расіі, знішчана ажно 26 украінскіх танкаў, 23 баявыя машыны пяхоты, 9 іншых баявых браніраваных машын, збіта 2 штурмавікі Су-25. Страты ж праціўніка ў жывой сіле склалі «больш за 560 вайскоўцаў», сцвярджае расійскае ведамства.
Пры гэтым нават вядомы расійскі прапагандыст Аляксандр Коц, цытуючы паведамленне расійскага Мінабароны ў сваім тэлеграм-канале, напрыканцы адзначае:
«Добра было б, вядома, мець кадры такой колькасці знішчанай тэхнікі».
Іншы вядомы расійскі дзеяч, Ігар Гіркін-Стралкоў, у сваім тэлеграм-канале дастаткова падрабязна апісаў ход украінскага наступлення, называючы кірункі і канкрэтныя населеныя пункты. Напрыканцы ён прыходзіць да высновы:
«Такім чынам, праціўнік здолеў «надзьмуць пузыр» на паўднёвым беразе Інгульца, але не здолеў істотна пашырыць свой плацдарм ва ўсходнім і заходнім кірунках, што дае добрыя магчымасці да яго разгрому нашымі падцягнутымі рэзервамі».
Маўляў, цяпер украінскія часці пляжацца расійскай артылерыяй і авіяцыяй. Але шапказакідальніцтвам, калі справа тычыцца вайсковай галіны, Гіркін, у адрозненне ад штатных прапагандыстаў, займацца традыцыйна не схільны, тым больш што ён вядомы як нястомны крытык цяперашняга камандавання «вайсковай аперацыі»:
«Бітва яшчэ толькі пачалася і праціўнік наўрад ці абмяжуецца ўжо нанесенымі ўдарамі».
Пры гэтым прадстаўнікі мясцовых калабарацыянісцкіх урадаў цэлы дзень стараліся адмаўляць сам факт контрнаступлення. Так, намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны казаў:
«Гэта фэйк. Наступленне УСУ — гэта нейкая ілюзія, кіно. Ніхто нікуды не наступае, ніхто не адступае. Гэта ўсё фантазія. Жывём спакойна, развіваемся».
Але, як выглядае, такая пазіцыя адмаўлення рэальных фактаў гэтым разам разышлася з генеральнай лініяй.





