Археолагі адкапалі ў Віцебскай вобласці пахаванне старажытных ваяроў.

Навукоўцы з Інстытута гісторыі Акадэміі навук адносяць знаходку да ХІ—ХІІ стагоддзяў.

Яна ўнікальная: адразу 38 пахаванняў паводле паганскага абраду разам. А ў цэнтры — каменны саркафаг. А ў ім знайшлі — чэрап. Археолагі не выключаюць, што гэта можа быць пахаванне ваяроў з военачальнікам.

Вучоных уразіў рост большасці пахаваных — каля двух метраў. Нават у наш час гэтыя людзі глядзеліся б асілкамі. Што казаць пра XII стагоддзе, калі сярэдні рост людзей быў усяго каля 160 см (як, напрыклад, у наўгародскага князя Аляксандра Неўскага). З такой дружынай у Сярэднявеччы можна было займацца стварэннем уласнай дзяржавы. На адным з пахаваных археолагі выявілі парэшткі каўнерыка з узорам, характэрным для візантыйскай вопраткі. То бок, людзі гэта былі, найхутчэй, не бедныя і бывалыя.

Хто і ў якой бітве вынішчыў гэты элітны атрад? На гэтае пытанне гісторыкі яшчэ мусяць адказаць. Талачынскі раён — гістарычная Друччына, дзе ў ХІІ ст. княжылі нашчадкі Ўсяслава Чарадзея. Яны ваявалі з Кіевам, дый міжусобіц хапала.

У 1116 г. там кіраваў Глеб Усяславіч Менскі (які разам з бацькам сядзеў некалі ў кіеўскім порубе). На Глеба хадзіў вайной кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Друцк быў тады ўзяты кіеўскімі войскамі, як адзначае гісторык Вячаслаў Насевіч.

Цікава таксама, што пахаваныя яны паводле паганскага абраду. Бо якраз князь і яго дружына зазвычай першыя хрысціліся (як было ў Кіеве за Уладзімірам Святаславічам). Мо гэта сведчанне верацярпімасці ў тагачаснай Полацкай зямлі?

Друцкі курган — адзіны ва Ўсходняй Еўропе, дзе ёсьць пахаванні паводле паганскага абраду і разам з тым каменны саркафаг, паведаміла доктар гістарычных навук Вольга Ляўко.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?