Сілавікі прыйшлі да полацкай журналісткі Ціны Палынскай у нядзелю, 5 чэрвеня. Нагодай для ператрусу стаў крытычны пост у Фэйсбуку пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла.

У Ціны забралі камп'ютар. Паколькі ў сумцы і на фотаапараце сілавікі знайшлі стужкі колераў сцяга Украіны, гэта стала дадатковай падставай для судовага разгляду. Пасля ператрусу журналістку адвезлі на допыт ды адпусцілі.

Суд за стужкі няправільных колераў адбыўся 7 чэрвеня — вынікам судовага разгляду стаў штраф у 3200 рублёў.

Тады ж Ціна Палынская паведаміла, што на яе можа быць заведзеная крымінальная справа. Гаворка якраз ішла пра допіс, які на той час быў выдалены, пра патрыярха РПЦ Кірыла: «Справа выведзеная ў кампетэнцыю Следчага камітэта. Усё будзе вырашаць лінгвістычная экспертыза. Разам з тым будуць даследавацца мае паводзіны ў сацсетках на працягу ўсяго… неспакойнага часу», — напісала журналістка.

У аўторак следчыя прапанавалі Ціне прыйсці да іх, каб забраць камп'ютар. Калі журналістка прыйшла па сваю тэхніку, даведалася, што справа яе зусім не закрытая, як яна спадзявалася, а перадаецца далей у пракуратуру.

Пра гэта Ціна Палынская паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Мая справа перададзеная ў пракуратуру. Я не так зразумела ранішнюю размову па тэлефоне: «Прыйдзіце за рэчамі. — І ўсё? — І ўсё». Не. Проста «ўсё» следчага — гэта не тое, што разуменне вызначэння «ўсё» з пункту гледжання той, каго дапытваюць, падазраванай — я не ведаю, як яны гэта называюць. Далей ці новы штраф збіраем. Ці рэчы збіраем (гэта я ўжо раву)!! Сёння мне проста вярнулі тэхніку (бясконца доўгі працэс) і правялі ўласна дазнанне. У сэнсе, яны пыталіся, я адказвала… «Далей, Ціна Захараўна, усё вырашыць пракуратура».

Журналістка спадзяваецца, што ў пракуратуры ёй таксама пашанцуе на «добрых людзей». «Пакуль што ўсе, каго я сустрэла за гэтую гісторыю, — добрыя людзі. Не тыя, каму за радасць мучыць іншых».

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2