Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

З новага — у размовах крымчане, якія ўсё жыццё жывуць з летняга адпачынку, кажуць пра неабходнасць зімовай «вахты» ў Расіі, каб выжыць.

Бязлюднымі сталі пляжы, апусцелі гатэлі. Расіяне баяцца ехаць праз магчымыя дыверсіі. «Ужо чатыры гады я езджу ў Крым на заробкі, — распавядае Дзяніс з Іжэўска, — гэтым разам сябры сказалі мне, што я звар'яцеў, калі не баюся ехаць у Крым».

Дыяпазон страхаў у кожнага свой. Хтосьці баіцца падрыву Крымскага моста, хтосьці — дыверсій на чыгунцы, хтосьці, прыехаўшы ў Крым, адмаўляецца ад экскурсій з-за магчымага патрапляння снарадаў у стратэгічныя аб'екты.

На гэтым фоне прадстаўнікі «рэспублік» — як адважныя першапраходцы. Нічога не баяцца. Пра магчымае не думаюць.

Хоць нават з «рэспублікамі» — няпроста. Мужчыны прызыўнога ўзросту адтуль з'ехаць не могуць. Гэта значыць, едуць на адпачынак дзеці, жанчыны і пажылыя людзі. Мужчыны альбо хаваюцца, альбо маюць браню ад прадпрыемстваў. І за адпачынкам сваёй сям'і назіраюць праз акенца вэб-камер. Хоць варыянт выезду ўсё ж ёсць: з бранёй і падарожным лістом (не сустракала такіх), або з расійскім пашпартам і расійскай прапіскай — такіх не чапаюць на мяжы.

Выехаць з Луганска ў Крым можна альбо ўласным аўто, альбо з аўтавакзала. Маршрут, як і ў мінулым годзе, — праз Растоў і Крымскі мост. Дарога займае 18-20 гадзін. Сэрвіс, як і ў мінулым годзе, — старыя аўтобусы, якія часта не прызначаныя для далёкіх пераездаў. Вузка, цесна і то душна, то холадна. Страхоўкі няма.

З-за адсутнасці турыстаў і цэны адпаведныя. Ніжэйшыя, чым звычайна. Турыстаў проста хапаюць за рукі і б'юцца за іх. Гэта значыць, месцы ёсць усюды і заўсёды. Пустуюць гатэлі любога ўзроўню камфорту і цэнаў. Бязлюдныя пляжы і кавярні. На рынку, дзе заўсёды было не прайсці, — пуста. І Крым ад гэтага здаецца нейкім казачным — як у кнігах Кінга, дзе шумныя гарады нерэальна апусцелі.

Яшчэ адна прыкмета «новага» Крыма — камерцыялізацыя проста ўсяго. Гэта значыць, прадаецца ўсё, што пры законнай ўкраінскай уладзе ці не каштавала нічога, ці каштавала капейкі.

У музеях — турнікеты. Камеры счытваюць штрых-коды, а ахоўнікі пільна сочаць, каб мыш не праскочыла. Патрабуюць пашпарты, каб даказаць узрост падчас візіту ў музей. Ахова, камеры, турнікеты — гэта новы Крым.

Няўжо мы калісьці маглі ездзіць проста ўсюды і нам хапала грошай?

Цяпер турысты з гонарам распавядаюць, што наведалі адзін музей. Людзі «ў тэме» разумеюць, што гэта было дорага і паважліва ківаюць галавой. Гэта значыць, немалых грошай каштуе ўсё. Той жа Варанцоўскі або Масандраўскі палацы — 450 рублёў (20 бел. руб.). Пячоры — 700 рублёў (31 бел. руб.). Акварыум — 1000 рублёў (45 бел. руб.). Столькі ж будзе каштаваць экскурсія з дэгустацыяй на Масандраўскім вінзаводзе.

Грошай каштуе ўсё — нават назіральная пляцоўка на Ластаўчыным гняздзе, куды таксама за 100 рублёў (4,5 бел. руб.) і праз турнікет. І канцэрты на набярэжнай у Ялце таксама праз рамкі металадэтэктара. І паліцыя па стандарце — у поўнай амуніцыі.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Хоць, магчыма, гэта проста нейкі новы рускі стандарт: экспазіцыі тыя ж, а кошт — у некалькі разоў вышэйшы. Да прыкладу, у Варанцоўскім палацы цяпер рэстаўрацыя. Але кошт ад гэтага не змяніўся. Залаў паказваюць тры-чатыры, экскурсавод — дзяўчынка 17 гадоў, распавядае выразна па праграме. Але цана за білет — поўная, нават пры такіх «нюансах».

Яшчэ з новага — усе палацы ўпрыгожаныя расійскімі сцягамі. Дзе-нідзе машыны з сімволікай Z. І відавочна заказныя банеры з лозунгамі накшталт «сваіх не кідаем». Гучыць гэта, вядома, дзіўна на фоне віна, рыбы і мора, але Крым прывык да ўсяго.

Цэны на прадукты — расійскія. Дарэчы, расіяне не хаваюць, што цэны — як у іх. Гэта для «рэспубліканцаў» усё празмерна дорага, а для расіян — «як дома».

І яшчэ расіяне пастаянна захапляюцца якасцю крымскага сыру і каўбас. Маўляў, смачна, сапраўднае, не тое, што ў нас. І марожанае — сапраўднае. І палохаюць: «Нашы прыйдуць, навучаць вас дрэннаму. Забудзецеся, што такое сапраўдная якасць».

Самае дзіўнае нават не тое, што віно прадаюць «з-пад прылаўка» з вінзаводаў, а тое, што для мора ўсё роўна, у чым ты прыехаў — у дарагім купальніку ад Versace або ў трусіках, якія павыгаралі ад сонца і мора і якія шыла яшчэ твая мама. Мора засталося ранейшым.

Толькі вось не засталося аздараўленчых лагераў. Іх рвуць на кавалкі, дзярбаняць на прыватныя надзелы на першай лініі мора. Для праформы стаіць дзядуля-ахоўнік пад старой, яшчэ ўкраінскай таблічкай аб тым, чый гэта аздараўленчы лагер.

І гэта сапраўдная трагедыя, нешта непапраўнае. Маё дзіця да вайны было малое, каб ездзіць у такія лагеры, а цяпер іх проста няма, ехаць няма куды. Стаяць на паўзе. Аблепленыя пазадарожнікамі і джыпамі. І будаўніцтва не спыняецца ні днём, ні ноччу.

Хоць у чымсьці Крым не змяніўся. Цыгане на набярэжнай прапануюць паваражыць і ўсю праўду расказаць. Фокуснікі і ёгі. І дзядулі танчаць пад шансон, як і 20 гадоў таму. І фота ў старадаўніх строях, і косы ад афраамерыканцаў. Толькі з'явіліся новыя назвы старых страў.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

І калі расіян гэтым не здзівіш, то «рэспубліканцы» здзіўлена дзівяцца. І дэгустуюць, і стаяць крыху аслупянелыя ад усіх гэтых гукаў і жыцця, якое нібы бушуе на фоне вестак з дому. І гэта самы вялікі кантраст — навіны пра чарговы «прылёт» з дому і Крыма, які па-за часам.

Клас
6
Панылы сорам
53
Ха-ха
15
Ого
7
Сумна
15
Абуральна
18