Даведаліся, чым сёння жыве партыя і штаб Віктара Бабарыкі, а таксама распыталі пра «Чысты кіт» — клінінг-кампанію, развіццём якой і Іван, і Антон у тым ліку займаюцца.

Іван Краўцоў. Фота: асабісты архіў.

Іван Краўцоў. Фота: асабісты архіў.

«Цяпер партыя «Разам» — гэта клубная актыўнасць»

«Наша Ніва»: У які момант вы сталі адным з галоўных у «Чыстым кіце» — CEO і Co-Founder? Я чытала, што клінінгавая гісторыя для вас і Антона пачалася яшчэ ў 2019-м. Што ўваходзіць у вашы абавязкі ў кампаніі сёння?

Іван Краўцоў: Мы з Антонам працавалі нейкі час на Мінскім гадзіннікавым заводзе. Калі я сышоў з пасады намесніка дырэктара па стратэгічным развіцці, мы перыядычна сустракаліся і разважалі на тэму, чым можна займацца далей. У нас ёсць добрыя таварышы — браты Шылы, якія стварылі платформу клінінгавых паслуг «Чысты Кіт» і хацелі яе маштабаваць. Мы прыкінулі аб’ём еўрапейскага рынку і вырашылі пачынаць з буйных гарадоў. Кіеў — адзін з самых вялікіх гарадоў у Еўропе, гэта была зручная лакацыя, каб паспрабаваць першы ўласны замежны «operations» (гаворка ідзе пра 2019 год. — НН)

Я штодня не займаюся справамі — для гэтага на месцы ў Кіеве ёсць супрацоўнікі. Я прыглядаю за агульным станам рэчаў з фінансавага і арганізацыйнага пунктаў гледжання. Гаворка ідзе менавіта пра кіеўскае адгалінаванне, бо клінінг ужо працуе ў Польшчы і Берліне, але гэтыя філіялы не маюць да нас дачынення.

«НН»: Вясной 2021 года штаб Віктара Бабарыкі анансаваў стварэнне партыі «Разам». У вас было «каля сямі тысяч заявак, 2500 актыўных удзельнікаў», з якімі вы пазнаёміліся. Сёння нешта з гэтым усім робіцца?

ІК: Сёння партыя «Разам», безумоўна, на паўзе. Праект запускаўся трохі ў іншай абстаноўцы: калі вялікая частка журналістаў была ў Беларусі, і значная частка нашай каманды, уключаючы Максіма Баграцова, Дзіму Падалінскага і Глеба Германа, была на месцы. Запуск быў вельмі паспяховым, і, калі б агульны сцэнар быў іншым, я думаю, мы без праблем правялі б устаноўчы з'езд. Але пасля разгрому Tut.by стала зразумела, што мы пераходзім у рэжым чакання. Для нас першасная бяспека нашых прыхільнікаў, і да становішча ў краіне трэба хутка адаптавацца.

Цяпер партыя «Разам» — гэта клубная актыўнасць, супольнасць для прыхільнікаў Віктара і Марыі. Там мы маем камунікацыю з нашым актывам, трымаем кантакт «з зямлёй», праводзім анлайн-семінары і лекцыі. Агулам, гэта, напэўна, той фармат, у якім цяпер працуюць усе партыі ў Беларусі, хай нават і зарэгістраваныя.

«НН»: Якая праца агулам вядзецца пакуль штабам Віктара Бабарыкі? А ў межах Каардынацыйнай рады?

ІК: У штабе Віктара Бабарыкі ў нас ёсць тры асноўныя накірункі актыўнасці: першы — гэта міжнародная адвакацыя беларускага парадку дня. Тут, напэўна, самую бачную працу робяць Таня Хоміч і праект Politzek.me. Таня сустракаецца з еўрапейскімі палітыкамі найвышэйшага узроўню, яна вельмі бачная на Захадзе (тут адбіваецца і каласальная павага Машы. Як ні круці, яна, напэўна, цяпер самы вядомы палітвязень на Захадзе).

Іван разам з сястрой Марыі Калеснікавай — Таццянай Хоміч. Тут і далей — фота з сацсетак героя.

Іван разам з сястрой Марыі Калеснікавай — Таццянай Хоміч. Тут і далей — фота з сацсетак героя.

Другая частка — гэта тое, што звязана з партыяй «Разам» і нашымі прыхільнікамі.

Трэці накірунак — прадстаўніцтва інтарэсаў Віктара і Машы, пошук варыянтаў для нейкіх дзеянняў па вырашэнні гэтай складанай сітуацыі, аналітычная праца.

Мы не публікуем у сацсетках нашы сустрэчы — гэта ўсвядомлены выбар, бо мы лічым, што фокус павінен быць на лідарах нашай каманды, якія сядзяць у турме.

Але тут маюць месца ўсе сустрэчы, якія ёсць у іншых каманд: амбасадары, МЗС, Еўракамісія, дзярждэп і гэтак далей. На іх мы таксама дзелімся сваім разуменнем сітуацыі і магчымымі сцэнарамі развіцця падзей.

«НН»: Як вы, дарэчы, спалучаеце абавязкі ў клінінг-кампаніі з палітычнымі? 

ІК: «Чысты кіт» займае і займаў вельмі маленькую частку майго часу яшчэ з пачатку 2020 года. Таму тут няма праблемы. Калі казаць пра каманду Бабарыкі, то гэта цяпер каля 30% адсоткаў загрузкі. У нас вялікая частка каманды сфармавалася ў 2020 годзе з тых, хто працуе ў бізнэсе. У падвешанай сітуацыі, мы, безумоўна, частку часу, што вызваляецца, пачынаем ізноў аддаваць яму. Гэта карысна з усіх бакоў: працягваеш развівацца як прафесіянал і папраўляць свой фінансавы дабрабыт для наступнага «рыўка».

У нас усе валанцёры, мы не сядзім на нейкіх заробках, усе сумяшчалі і будуць сумяшчаць, проста баланс змяняецца, у залежнасці ад агульнай сітуацыі.

Падача скаргі ў Вярхоўны суд з патрабаваннем прызнаць выбары-2020 несапраўднымі. 21 жніўня 2020 года.

Падача скаргі ў Вярхоўны суд з патрабаваннем прызнаць выбары-2020 несапраўднымі. 21 жніўня 2020 года.

«Усе нашы каманды, якія цяпер ёсць, — гэта, па факце, ужо грамадзянскія арганізацыі, з палітычнай павесткай і флёрам»

«НН»: Ці засталіся ў вас увогуле палітычныя амбіцыі ў сённяшніх рэаліях? Што яшчэ магчыма зрабіць за мяжой, а што (і калі) унутры Беларусі?

ІК: Канечне, мы можам называць усё запар палітыкай. У нас на архітэктурным факультэце быў папулярны выраз: «архітэктура — гэта палітыка». Але гэта не дадае разумення таму, што адбываецца, як мне падаецца. У сённяшніх рэаліях беларускае палітычнае поле вельмі і вельмі малое. Ёсць еўрапейская палітыка і беларускі грамадзянска-палітычны актывізм. Беларускія актывісты прыязджаюць да еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў і спрабуюць паўплываць на іх рашэнні. Тут, безумоўна, самы яркі голас у Святланы Ціханоўскай, але гэтым усё дакладна не абмяжоўваецца. 

Для апазіцыі, што выехала за мяжу, пераход з палітыкі ў актывізм, у грамадзянскі сектар — звычайны працэс. Можна паглядзець, як гэта адбывалася на прыкладзе Венесуэлы. Усе нашы каманды, якія цяпер ёсць, — гэта, па факце, ужо грамадзянскія арганізацыі, з палітычнай павесткай і флёрам, нягледзячы на тое, што, магчыма, хацелася па-іншаму б.

Але я не бачу ў гэтым праблемы, гэта карысна для актуалізацыі таго, што самыя важныя праекты — гэта праекты ўзаемадапамогі, адукацыі і культуры. У бягучых умовах мы можам іх рабіць эфектыўна, і тыя, хто імі займаецца, — цяперашні авангард руху.

Прыдумляць віртуальныя дзяржавы і віртуальныя законы — неэфектыўна, гэта ралявая гульня і да рэальнасці мае мала дачынення.

Наконт амбіцый жаданне простае: каб як мага хутчэй з'явілася магчымасць скарыстаць суперкрутыя мазгі нашых людзей, якія ў нашай краіне ёсць, на пабудову «сапраўднага суверэнітэту» — адкрытага грамадства, з эканомікай, якая развіваецца, і дзе ў прыярытэце чалавек і яго таленты. Калі так здарыцца, усё мы будзем браць у гэтым удзел і рабіць свой канструктыўны ўнёсак.

З Максімам Знакам, Марыяй Калеснікавай, Антонам Раднянковым

З Максімам Знакам, Марыяй Калеснікавай, Антонам Раднянковым

«НН»: У 2021 годзе ў адным з інтэрв’ю вы казалі, што ва ўладаў няма моцы закатаць усіх актывістаў і актыўнае жыццё ў Беларусі ў асфальт. Што вы можаце сказаць, гледзячы на гэта ў 2022-м?

ІК: Я магу сказаць, што зусім яшчэ не закаталі. Кожны тыдзень адбываюцца арышты, а паводле даных сацапытання, якое робіць Chatam House, дзейную ўладу падтрымлівае толькі каля 30%. Гэта не мала, але гэта зусім не большасць, гэта пройгрыш у першым туры на кожных нармальных выбарах. 

Ці ёсць патэнцыял масавай мабілізацыі актывістаў цяпер? Канечне, ёсць. Ці магчыма цяпер гэты патэнцыял актываваць? Канечне, не. Ды і не зразумела, якая задача гэтай актывацыі. Ну, хіба што дадатковы аргумент на сустрэчах за мяжой — паглядзіце на фота, людзі змагаюцца.

Але тое, што пасля рэферэндуму некалькі сотняў чалавек паехалі ў турму, — гэта мне здаецца не вельмі эфектыўным, не зразумела, дзеля чаго гэтая рызыка.

«Украіна праводзіла перамовы з РФ у той момант, калі бамбілі Кіеў. Чаму мы не можам праводзіць перамовы з Лукашэнкам?»

«НН»: Сёння Беларусь, акрамя ўнутранага палітычнага крызісу, падтрымала Расію, агрэсара ў вайне. Як усё гэта ў перспектыве паўплывае на рэжым і палітвязняў, на ваш погляд?

ІК: Як сказаў Віктар Бабарыка пасля пачатку вайны: «У аднаго з бакоў канфлікту дакладна ўжо няма будучыні, пра якую яны марылі». І тут праблема ў тым, што Лукашэнка далучыўся да вось гэтага ўжо пераможанага боку, у якога няма гэтай будучыні. Гэта велізарны стратэгічны пралік ва ўгоду тактычнага ўтрымання ўлады.

Так, ён думае перачакаць некалькі год і потым манеўраваць. Праблема ў тым, што гэта прывядзе да таго, што ад яго запатрабуюць яшчэ большых саступак, чым, напрыклад, у 2021 годзе, калі ў пачатку яшчэ быў варыянт «замазаць сітуацыю», калі б ён пачаў паступова выпускаць людзей. Цяпер ён заганяе сябе сам у становішча, пры якім у яго не будзе добрых варыянтаў. 

Для нас усіх гэта дрэнна. Гэта павялічвае шанцы на тое, што людзі будуць сядзець доўга і што мы страцім яшчэ больш як краіна і ў плане эканомікі, і ў плане чалавечага капіталу.

«НН»: Вы ўсё яшчэ гатовыя на перамовы з рэжымам, гатоўнасць да якіх агучвалі ў 2021-м? Ці магчымыя яны сёння, ужо ў ваеннай абстаноўцы?

ІК: У перамовах у цэлым няма нічога асаблівага ці жудаснага: яны могуць пачынацца, прыпыняцца, могуць нават проста сканчвацца нічым. Украіна праводзіла перамовы з РФ у той момант, калі бамбілі Кіеў. Чаму мы не можам праводзіць перамовы з Лукашэнкам? Гэта такі самы палітычны інструмент, як і ўсе іншыя.

Перамовы — не «здрада». «Здрада» можа адбыцца на перамовах, калі перамоўцы здраджваюць свайму мандату. Першаснае толькі пытанне парадку дня. «Паўзіце на каленях» — канечне, гэта не вельмі добры спосаб пачаць казаць пра штосьці. Але і «Тэрарыст пойдзе ў турму», напэўна, таксама. 

Вайна, безумоўна, усё моцна ўскладніла для абодвух бакоў. З боку рэжыму — манеўраў усё менш, а нам усё складаней быць у павестцы актуальных рэгіянальных праблем.

Мурал Марыі Калеснікавай у Варшаве. Фота: інстаграм viktar_babaryka

Мурал Марыі Калеснікавай у Варшаве. Фота: інстаграм viktar_babaryka

«НН»: Ці вядомыя вам нейкія навіны ад Марыі Калеснікавай, Віктара, яго сына, Максіма Знака? Ці ёсць у вас у атачэнні тыя, хто лічыць, што яны і іншыя палітвязні дасядзяць свае незаконныя тэрміны?

ІК: Нэльсан Мандэла 27 гадоў правёў у турме, але для таго, каб ён выйшаў, павінны былі здарыцца інсульт у Боты і перабудова ў СССР (дарэчы, з сітуацыяй у ПАР можна правесці шмат якія паралелі, як мне падаецца).

Што да нашых у турме — на Віктара Дзмітрыевіча апошнім часам аказваецца ўсё большы і большы ціск, ён ужо два разы быў у ШІЗА за апошнія тры месяцы, лісты ён не атрымлівае і ад яго яны не даходзяць. Здароўе задавальняючае, пазіцый сваіх ён не змяніў. Эдуард — гэта ўнікальны выпадак — больш за два гады ў СІЗА без пачатку суда. Гэта рэкорд сярод усіх палітвязняў. Ён трымаецца нармальна, у цэлым застаецца аптымістам. Максім налягае на спорт, кнігі і творчасць. Марыя — роўна, без нейкіх істотных змен, разважае пра магчымыя праекты на будучыню. У іх ва ўсіх ёсць званкі са сваякамі па відэа.

«НН»: Што б вы зрабілі інакш у той восеньскі дзень, калі вас гвалтоўна выштурхоўвалі з Беларусі разам з Антонам і Машай, калі б была магчымасць адматаць усё назад?

ІК: Нам дзіка пашанцавала, таму што мы як камандныя каардынатары змаглі працягнуць працу групы Бабарыкі. Дзеянні Марыі былі абсалютна вывераныя і адпавядалі таму моманту, які быў тады. Цяпер яна плаціць за гэта вялікую цану. 

З Антонам Раднянковым

З Антонам Раднянковым

Свой маральны аўтарытэт, я спадзяюся, Марыя зможа канвертаваць у дэмакратызацыю і будучыню нашага грамадства. У мяне перад вачыма дагэтуль стаіць карціна: мы развярнуліся, і Маша ў святле фар нашай машыны ўпэўнена ідзе ў бок Беларусі, дзе стаяць і глядзяць на яе «маладзёны» ў камуфляжы. Я, вядома, наўрад ці некалі забуду гэты дзень.

Чытайце таксама:

Рэкардсмены — Эдуард Бабарыка і Ілля Шапаткоўскі. Хто з палітвязняў ужо больш за год сядзіць без прысуду?

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Клас
31
Панылы сорам
14
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
23