«Медыя-Палессе» пагутарыла з людзьмі, якія працуюць у Салігорску. Вось што яны кажуць.

«Камбінат стаіць, шмат людзей адпраўленыя ў адпачынкі або працуюць, але не на поўны тыдзень. Кіраўніцтва пераконвае рабацяг перспектывамі пра будаўніцтва партовага тэрмінала ў Расіі. Але мы разумеем, што такія рэчы будуюцца, але не так хутка, як камусьці хацелася б…» — расказвае Уладзімір.

Аляксандр: «Адгрузкі няма зусім. Была спроба адпраўляць прадукцыю не спецыяльнымі вагонамі, як было раней, а ў кантэйнерах. Але нешта ў іх не вельмі з гэтым пайшла справа. Начальства прыдумала планавы рамонт. Кажуць, што час прыйшоў. Але ўсе разумеюць, што спыняць увесь камбінат на рамонт ніхто б не стаў, калі б быў збыт».

Сяргей: «Санкцыі працуюць, адназначна. Мы ўжо адчулі гэта на ўласнай скуры. Асабіста я сур'ёзна задумаўся пра змену працы, шукаю нармальнае месца. Перспектыва заставацца ў Салігорску зусім не вясёлкавая. Не будзе збыту — не будзе заробкаў. А ў мяне сям'я, я адказны за іх».

Міхаіл: «Паходу, нічога добрага ў бліжэйшы час у Салігорску не будзе. Камбінат стаіць. Дзесьці вядзецца рамонт, а дзесьці проста ілюзія дзейнасці. Зразумела, што тупа верыць абяцанням пра светлую будучыню не атрымаецца — падаюць зарплаты, і гэта вельмі хутка адаб'ецца на дабрабыце работнікаў камбіната. Галодным і за грошы ніхто ў забой не спусціцца. Я так думаю».

Клас
58
Панылы сорам
3
Ха-ха
25
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
0