Як расказала рэдактарка сайта Наталля Грынчак, 3 красавіка на яе электронную пошту прыйшоў ліст ад правайдара, які абслугоўвае інтэрнэт-рэсурс.
У ім паведамлялася пра рашэнне Раскамнагляда ўнесці інтэрнэт-старонку брэсцкага сайта brestnote.by у «Адзіны рэестр даменных імёнаў, паказальнікаў старонак сайтаў у сетцы Інтэрнэт і сеткавых адрасоў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць сайты ў сетцы Інтэрнэт, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расійскай Федэрацыі забаронены». Высветлілася, што ў спіс забароненых інтэрнэт-старонак трапіла публікацыя з хронікай падзей ва Украіне ў апошнія дні сакавіка.
З ліста ад правайдара таксама вынікала, што з патрабаваннем выдаліць публікацыю выступіла Генеральная пракуратура РФ.
«Ліст прыйшоў раніцай 3 красавіка, а ўжо ўвечары гэтага дня сайт brestnote.by быў заблакаваны не толькі для прагляду, але і для ўваходу ў адміністрацыйную сістэму», — распавяла Наталля Грынчак.
Уладальніца сайта звярнулася да правайдара з пытаннем, якое дачыненнне да беларускага рэсурса мае Раскамнагляд.
«Адказ мяне здзівіў. Аказваецца, што Раскамнагляд, які з'яўляецца арганізацыяй, што рэгулюе парадак доступу да інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, мае паўнамоцтвы загадваць інтэрнэт-правайдарам блакаваць доступ да сайта як па імені дамена, так і па IP-адрасу — у тым ліку на тэрыторыі Беларусі», — кажа Наталля Грынчак.
Паводле яе слоў, публікацыю вырашылі прыбраць і паведаміць пра гэта ў тэхнічную падтрымку, пасля чаго сайт brestnote.by быў разблакаваны.